Грошы любяць працавітых

Па выніках работы за 2010 год у раёне няма стратных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Гэта вельмі радуе і абнадзейвае. Выручка ад рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі склала 79,2 мільярда рублёў і вырасла на 18,5 працэнта да ўзроўню 2009 года. Атрымана 8,7 мільярда рублёў чыстага прыбытку, што ў 1,8 раза перавышае ўзровень папярэдняга года. Рэнтабельнасць па канчатковаму фінансаваму выніку складае 11,9 працэнта і вырасла на 5,8 працэнта ў параўнанні з 2009 годам. Самы высокі ўзровень рэнтабельнасці дасягнуты ў СВК “Ляхавіцкі” – 25,2 працэнта, “Жарабковічы” – 20,9.
Тэмп росту валавой прадукцыі сельгаспрадпрыемствы за 2010 год выканалі на 113,4 працэнта пры прагнозе 111-111,5 працэнта. Здаецца, усё атрымліваецца выдатна, калі разглядаць справу ў цэлым, не ўнікаючы ў сутнасць. Але, прааналізаваўшы факты, якія стаяць за лічбамі, відаць, што агульны паказчык атрыманы дзякуючы таму, што ЗТАА “БелДан” за 2010 год даў 14,7 працэнта агульнараённай валавой прадукцыі. Без уліку вынікаў дзейнасці гэтага сельгаспрадпрыемства тэмп росту валавой прадукцыі па раёне складае 98,2 працэнта. Вось і ўся арыфметыка, якая паказвае: ні адна гаспадарка раёна не выканала даведзенага задання па тэмпу росту валавой прадукцыі, толькі шэсць — перайшлі 100-працэнтны ўзровень адносна 2009 года: Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж, ЗАТ “Белпрампрыбор”, СВК ”Ліпнянка”, ААТ ”Ляхавіцкі льнозавод”, СВК “Шлях новы”, “Ордэна ”Знак Пашаны” Кастрычнік”.
Невыкананне прагнознага паказчыка ў грамадскім сектары абумоўлена зніжэннем у 2010 годзе вытворчасці прадукцыі ў раслінаводчай галіне, напрыклад, зерня, рапсу. У жывёлагадоўлі – нізкія тэмпы вытворчасці (вырошчвання) буйной рагатай жывёлы. І гэта вынік не толькі неспрыяльных умоў надвор’я, але і часта няўмела арганізаванай работы ў некаторых сельгаспрадпрыемствах, парушэння тэхналогіі вытворчасці прадукцыі, прымянення дасягненняў навукі. Адным словам, усяго таго, з чаго складаецца экана-мічная катэгорыя – эфектыўнасць выкарыстання працоўных рэ-сурсаў, ці прадукцыйнасць працы. А гэта якраз напрамую звязана з заработнай платай, рост якой залежыць ад павелічэння аб’ёмаў вытворчасці пры захаванні эканоміі працоўных і матэрыяльных затрат і павышэнні эфектыўнасці гаспадарання. Карацей, ад вынікаў працы.
Наконт зарплаты сельгаснікаў. Як вядома, грошы любяць працавітых. На аднаго сярэднегадавога работніка сельскагаспадарчай галіны раёна за год атрымана 39,6 мільёна рублёў валавой прадукцыі, што складае 99 працэнтаў да ўзроўню 2009 года. Вышэйшы ўзровень вытворчасці на аднаго сярэднегадавога працуючага дасягнуты ў ЗАТ ”Белпрампрыбор” – 60 мільёнаў рублёў, ААТ ”Ляхавіцкі райаграсэрвіс” – 47,4, СВК “Дарава” – 46,2, “Шлях новы” – 43 мільёны рублёў. Нізкім застаецца гэты паказчык у СВК “Востраў-Агра”, “Канюхі”, “Тальмінавічы”. У выніку сельгаспрадпрыемствы раёна не выканалі задання па росце сярэднямесячнай зарплаты. Летась яна склала 766,6 тысячы рублёў (112,4 працэнта да 2009 года і 88,2 працэнта да задання). За снежань 2010 года павялічылася і склала 933,2 тысячы рублёў (136,8 працэнта да ўзроўню 2009 года), але не дасягнула даведзенага заданнем узроўню.
Большую зарплату летась мелі працаўнікі СВК ”Жарабковічы” – 888,2 тысячы рублёў. Крыху адсталі ад іх члены сельгаскааператыва “Шлях новы” – 884 тысячы рублёў. У СВК ”Ляхавіцкі” атрымалі ў сярэднім па 853,6 тысячы рублёў. Менш за ўсіх летась зарабілі працаўнікі СВК ”Ліпнянка”, “Тальмінавічы”, “Востраў-Агра” – 546,6 тысячы рублёў, 533,5 і 504,9 тысячы рублёў адпаведна.
Рост зарплаты звязаны напрамкі з ростам аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі, яе рэалізацыі, зніжэннем сабекошту, павышэннем рэнтабельнасці – з паляпшэннем вытворча-фінансавай дзейнасці.
Пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 26 красавіка 2010 г. зацверджана інструкцыя аб парадку вызначэння тарыфных ставак і акладаў пасад работнікаў камерцыйных арганізацый, якое дае права больш самастойна падыходзіць да рашэння пытанняў дыферэнцыяцыі і рэгулявання тарыфнай часткі заработнай платы работнікаў. У залежнасці ад спецыфікі дзейнасці канкрэтнай арганізацыі можна больш поўна ацаніць індывідуальны ўклад работніка ў канчатковыя вынікі дзейнасці калектыву. Наймальнік, з улікам фінансавага стану арганізацыі, на падставе прынятага лакальнага нарматыўнага прававога акта і заключанага з работнікам працоўнага дагавора (кантракта), можа павысіць тарыфную стаўку, а таксама здзельныя расцэнкі да 300 працэнтаў. У залежнасці ад складанасці, характару і адказнасці выконваемых работ і працоўных функцый, удзелу ў распрацоўцы і рэалізацыі інвестыцыйных і інавацыйных праектаў, якія садзейнічаюць мадэрнізацыі вытворчасці, ад узроўню выканання норм працы, іх напружанасці і прагрэсіўнасці, складанасці, адсутнасці браку і іншых фактараў.
У многіх сельгаспрадпрыемстваў ёсць магчымасці такога павышэння зарплаты, у іншых – няма: не дазваляе фінансавы стан гаспадаркі.
Ірына СТРАМАВУС, намеснік начальніка райсельгасхарчу па эканоміцы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *