Жывіце і працуйце. Але спачатку – зарэгіструйцеся

Зараз на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна пастаянна пражывае 434 замежныя грамадзяніны, яшчэ 85 маюць дазвол на часовае пражыванне тэрмінам да года, 225 іншаземцаў часова знаходзяцца на тэрыторыі горада і раёна.

Знаходжанне іншаземцаў у Рэспубліцы Беларусь рэгламентуецца нарматыўнымі прававымі актамі, якія ўстанаўліваюць тэрміны знаходжання, падставы для атрымання дазволу на пастаяннае і часовае пражыванне.

На жаль, не ўсе замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства аказваюцца законапаслухмянымі. За 2015 год супрацоўнікі аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС склалі 31 адміністрацыйны пратакол у адносінах іншаземцаў, якія парушаюць міграцыйнае заканадаўства. У адносінах 3 грамадзян Расіі прыменена дэпартацыя, на 18 нашых суайчыннікаў складзены адміністрацыйныя пратаколы за прадастаўленне жылля іншаземцам, якія знаходзяцца ў нашай краіне без рэгістрацыі.

Нагадваем, што ў адпаведнасці з дзеючымі міжнароднымі дагаворамі на тэрыторыі Беларусі могуць знаходзіцца на працягу 30 дзён без рэгістрацыі з даты ўезду грамадзяне Расіі, Украіны, а таксама Літвы, Латвіі пры наяўнасці візы, грамадзяне Арменіі, Кыргызстана і Казахстана пры заключэнні на працягу 5 дзён з моманту ўезду ў Беларусь працоўных ці грамадзянска-прававых дагавораў з работадаўцам або заказчыкам работ (паслуг).

Усе астатнія замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства абавязаны на працягу 5 сутак, за выключэннем нядзелі, дзяржаўных святаў і нерабочых святочных дзён, зарэгістравацца ў Міністэрстве замежных спраў, органах унутраных спраў або гасцініцы, санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацыях, суб’екце аграэкатурызму па месцы фактычнага часовага знаходжання на падставе заявы аб рэгістрацыі або пісьмовага хадайніцтва прымаючай арганізацыі.

Парушэнне правілаў знаходжання ў краіне, а таксама правілаў транзітнага праезду праз тэрыторыю Беларусі або парадку заняцця працоўнай дзейнасцю цягнуць папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 50 базавых велічынь або дэпартацыю.

Прадастаўленне жылога або іншага памяшкання для пражывання, транспартнага сродку замежным асобам і асобам без грамадзянства, якія знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь з парушэннем правілаў знаходжання і правілаў транзітнага праезду, а таксама выкарыстанне гэтых асоб для ажыццяўлення працоўнай, прадпрымальніцкай або іншай дзейнасці з парушэннем устаноўленага парадку цягнуць папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь.

Калі вы валодаеце інфармацыяй пра парушэнні міграцыйнага заканадаўства, просім паведаміць у АГіМ РАУС па тэлефонах 2-11-50, 2-25-02 або ў дзяжурную службу па тэлефоне 2-48-37.  Нагадваем, што аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі знаходзіцца па адрасе: г. Ляхавічы, вул. Дзесюкевіча, 43. Прыём грамадзян супрацоўнікамі ажыццяўляецца па наступным графіку: аўторак, пятніца – з 8.00 да 13.00, з 14.00 да 17.00; серада – з 11.00 да 15.00, з 16.00 да 20.00; чацвер, субота – з 8.00 да 13.00.

Віктар ЧАРНЯК, начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *