Снежнае ўтаймаванне

Толькі-толькі адсыпала снегам “Даніэла”. Галоўнага атрыбута зімы хапіла ўсім – і сталіцы, і невялікім райцэнтрам, і вёскам.

Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка заклікаў людзей выйсці на дапамогу спецыяльным службам, падключыцца да ўборкі снегу ў дварах, на прыдамавых тэрыторыях. І насельніцтва жыва адгукнулася. У чацвер вуліцы Ляхавічаў ачышчалі ад ледзяной праслойкі і снежных сумётаў не толькі камунальнікі. Вакол сваіх будынкаў шчыравалі работнікі прадпрыемстваў і арганізацый. На падмогу з лапатамі выйшлі і бээрэсэмаўцы з ЛДАКа. У каляджан зараз гарачая пара – сесія, але яны з азартам уключыліся ў справу добраўпарадкавання і расчысцілі бульвар, што вядзе да раённай бібліятэкі.

Наогул, снегапад не застаў знянацку тых, хто адказвае за чысціню і бяспеку на дарогах. Камунальная і дарожныя службы актыўна ачышчалі ад снегу дарогі і вуліцы, так што вадзіцелі асаблівых нязручнасцей не адчулі. Але “Даніэла” ўсё ж такі насваволіла і ў нас.

Начальнік РЭС Віктар Станкевіч расказаў, што на тэрыторыі раёна з-за парываў, выкліканых наліпаннем снегу на правады, больш за 12 гадзін у дзесяці населеных пунктах не было электрычнасці. На наступны дзень падача электраэнергіі была адноўлена. У гэтым энергетыкам актыўна дапамагаў лясгас: ачышчаў прасекі паветраных ЛЭП у лясах ад дрэў, якія зваліліся пад цяжарам снегу.

Расчышчаць дарогі ад галля і дрэў, што ламаліся і гнуліся пад снежнымі шапкамі і лядовым убранствам, давялося работнікам ДРБУ-200. У чацвер ноччу дрэва перагарадзіла праезд паміж Мядзведзічамі і Куршынавічамі, і брыгада дарожнікаў выехала на ўборку перашкоды.

Незапланаваны выхадны атрымалі мядзведзіцкія школьнікі. На Ганчароўскай кацельні ноччу была пашкоджана лінія электразабеспячэння. Пакуль вяліся аварыйна-аднаўленчыя работы, населены пункт “сілкаваўся” ад дызель-генератара. Працавалі камунальнікі і ў Тухавічах, пашкоджаныя лініі вулічнага асвятлення раніцай былі адноўлены.

Наступствы свавольстваў “Даніэлы” ліквідаваны. А сіноптыкі тым часам абяцаюць новы цыклон, так што расслабляцца не варта.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *