Яны – каманда. Напярэдадні прафесійнага свята выратавальнікаў, што адзначаецца 19 студзеня, карэспандэнты «ЛВ» пабывалі на адным з пажарных аварыйна-выратавальных пастоў Ляхавіцкага РАНС – Шчэрбаўскім /фота/

На пасту начальнік ПАВП № 14 Вадзім Дыдышка.

Гэтая прафесія не для кожнага, а толькі для тых, хто моцны духам, загартаваны і падрыхтаваны фізічна, мае добрае сэрца і здольны на подзвіг. Гучныя словы? Зусім не, калі размова пра выратавальнікаў.

Напярэдадні прафесійнага свята выратавальнікаў,  што адзначаецца 19 студзеня, карэспандэнты «ЛВ» пабывалі на адным з пажарных аварыйна-выратавальных пастоў Ляхавіцкага РАНС – Шчэрбаўскім

Звычайны дзень. На пажарным аварыйна-выратавальным пасту № 14, які размяшчаецца ў вёсцы Шчэрбава, праходзяць заняткі па фізічнай падрыхтоўцы, здаюцца нарматывы на прафесійную прыгоднасць выратавальніка. Першае выпрабаванне – “дымакамера”. Калі з пункту гледжання абывацеля, то ў закрытым памяшканні наўмысна робіцца пажар і дымавая заслона. Выратавальнік (зразумела, у поўнай экіпіроўцы, якую апранае за 18 секунд) павінен, што называецца, “усляпую” знайсці і вынесці на свежае паветра “пацярпелага”, аказаць яму першую меддапамогу, найчасцей гэта сардэчна-лёгачная рэанімацыя: штучнае дыханне, непрамы масаж сэрца… Камандзір аддзялення Валерый Кулак, вадзіцель Віктар Максімчык, якія заўсёды працуюць у пары, з заданнем справіліся выдатна, канстатуе начальнік паста Вадзім Дыдышка. І зноў, з агню ды ў полымя: на шляху – “псіхалагічная паласа”, якая ўключае бег праз вогненную заслону, пад’ём на вышыню чатырохпавярховага дома ( на гэта адведзена 30 секунд), спуск па вяроўцы… Упэўнена адчуваюць сябе Аляксандр Заплёцін, Віктар Янушкевіч, выдатную падрыхтоўку дэманструюць і маладыя выратавальнікі Аляксандр Кісляк, Сяргей Цісевіч. Што называецца, “да сёмага поту” працуюць выратавальнікі, шліфуюць навыкі да механічных і не толькі таму, што памятаюць знакамітае “цяжка ў вучэнні, лёгка ў баі”, але і каб пасля не папракаць самога сябе, маўляў, не паспеў, не здолеў, не змог.

Амаль за 2 дзесяцігоддзі бездакорнай службы Валерыю Кулаку і Віктару Максімчыку давялося неаднаразова быць у эпіцэнтры самых розных сітуацый, калі ад прафесійных навыкаў, сілы, спрыту, кемлівасці залежаў зыход справы. У Падбароччы пчолы да смерці загрызлі каня, у Крывошыне карова правалілася ў склеп, амаль у кожнай вёсцы акругі ў ліпені і жніўні “бунтуюцца” восы, пагражаюча паводзяць сябе шэршні. Выратавальнікі па першым сігнале там, дзе іх чакаюць. На трасе Івацэвічы-Слуцк нядаўна давялося тушыць аўтамабіль, распілоўваць дрэва, якое звалілася на праезную частку. Да выратавальнікаў звяртаюцца за дапамогай арганізацыі, сельвыканкамы: адпампаваць ваду, зрэзаць аварыйныя дрэвы, разабраць струхнелыя нічыйныя пабудовы.

За пастом №14 замацаваны 29 населеных пунктаў чатырох сельсаветаў, а яшчэ іх клічуць іншы раз на падмогу ў Баранавіцкі раён. Толькі летась давялося тушыць 6 пажараў, якія адбыліся на тэрыторыі свайго раёна, і 8 разоў дапамагаць суседзям. Па інфармацыі начальніка ПАВП, у мінулым годзе зафіксавана 50 выездаў выратавальнікаў на тушэнне палаў, 15 разоў гарэлі сметнікі, давялося тушыць тарфянікі.

– Розныя выпадкі здараюцца, – расказвае Вадзім Дыдышка. – І вельмі часта людзі самі ствараюць сабе праблемы: па неасцярожнасці, з-за няведання элементарнага ці ад абыякавасці. Грэбаваць захаваннем правіл супрацьпажарнай бяспекі не варта, наогул, перш чым нешта зрабіць, трэба падумаць…

У пацвярджэнне сваіх слоў начальнік паста прыгадаў, як аднойчы ў Навасёлках дзяўчына распаліла агонь на могілках: наводзіла парадак і хацела пазбавіцца ад смецця. Полымя перакінулася на траву, у некалькі імгненняў “дабегла” да струхнелых пустуючых пабудоў, якія ўспыхнулі, нібы свечкі, зачапіла і жылы сектар. Загарэўся дах аднаго дома, і толькі дзякуючы аператыўным дзеянням выратавальнікаў агонь, які пагражаў яшчэ двум дамам, быў утаймаваны.

Вось чаму асабісты састаў ПАВП №14 лічыць асноўным сваім абавязкам праводзіць прафілактычную работу з насельніцтвам. Паколькі Вадзім Дыдышка надзелены яшчэ і правамі інспектара дзяржпажнагляду, ён часты госць у вяскоўцаў, трымае пад кантролем дамы, дзе пражываюць адзінокія састарэлыя людзі, шматдзетныя і неўладкаваныя сем’і. Размовы, тлумачэнні, папярэджанні, а то і штрафы – дзейсныя сродкі ў справе прафілактыкі.

На пасту №14 задзейнічана 3 змены выратавальнікаў. Кожная з іх пачынае службу з заняткаў, якія ўключаюць разбор складаных сітуацый, фізпадрыхтоўку (нягледзячы на ўмовы надвор’я), тэхагляд машыны, вырашэнне гаспадарчых пытанняў і іншае. Пры гэтым пост заўсёды ў поўнай гатоўнасці выехаць на заданне. Якое б аддзяленне ні знаходзілася на дзяжурстве, можна быць спакойным: на пасту людзі надзейныя.

– Усе нашы выратавальнікі – выбраныя асобы, на якіх можна спадзявацца, – гаворыць начальнік паста Вадзім Дыдышка. – Яны – каманда, а гэта азначае адказнасць, трываласць, паспяховасць.

За многія гады сумеснай службы Валерыя Кулака і Віктара Максімчыка аб’яднала яшчэ і моцнае сяброўства ці, дакладней, братэрства. У рабоце яны не проста разумеюць адзін аднаго па жэстах, а хутчэй адчуваюць – працуюць зладжана, з гатоўнасцю ў любое імгненне падтрымаць сябра. Так і ў жыцці: у любой сітуацыі яны разам.

Нядаўна выратавальнікі ПАВП №14 віншавалі з узнагародай Валерыя Кулака: з рук міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Вашчанкі ён атрымаў медаль “За бездакорную службу”. А год назад такой жа ўзнагароды ўдастоены і выратавальнік Віктар Янушкевіч. Ёсць з каго браць прыклад маладым!

…Валерый Кулак і Віктар Максімчык, для якіх на гэты раз дзяжурства прайшло спакойна, здаюць змену і спяшаюцца па дамах. І жартам, і ўсур’ёз гавораць, што ў іх паспяховай рабоце вялікая роля адводзіцца “надзейным тылам”, – маюць на ўвазе сем’і, дзе іх заўсёды чакаюць. У Валерыя – 4 сыны, для якіх бацька – сапраўдны аўтарытэт. У Віктара – 2 дачушкі – хоць дарослыя ўжо, але вельмі любяць і паважаюць свайго татачку, трывожацца за яго і вельмі ганарацца. А абеды і падвячоркі, што рыхтуюць жонкі “ з сабой” – выдатная падтрымка. У планах выхаднога дня Валерыя яшчэ і паляванне, якое для яго – магчымасць адпачыць душой. Асабліва такой прыгожай зімой, як выдалася сёлета: адно задавальненне пахадзіць па ваколіцы і палюбавацца на заснежаны лес, на поле, схаванае пад белым пакрывалам, паслухаць цішыню. А стрэльба – больш для экіпіроўкі паляўнічага. Віктар у гэты час будзе займацца дома гаспадаркай: на падвор’і конь, свінні, птушка – клопату хапае.

А заўтра сябры зноў прымуць выратавальную вахту…

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА  і з архіва РАНС.

Слова віншавальнае

Раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў адрасавалі віншаванні з прафесійным святам – Днём выратавальніка – калектыву і ветэранам Ляхавіцкага РАНС.

З узнагародай!
Падзячным пісьмом раённага выканаўчага камітэта за бездакорную службу, добрасумленную працу па ахове і абароне ад надзвычайных сітуацый жыцця і здароўя людзей, народнага здабытку і ў сувязі з прафесійным святам – Днём выратавальніка – узнагароджаны начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 13 раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр АСКЕРКА.
Падзячнае пісьмо раённага Савета дэпутатаў уручана вадзіцелю пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 Ляхавіцкага РАНС Мікалаю СТРАМАВУСУ.

Выратавальнікі Віктар Максімчык і Валерый Кулак.

У справе бяспекі многае вырашае прафілактыка.

З агню даводзіцца выратоўваць не толькі людзей.

Утаймаванне вогненнай стыхіі – іх работа.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *