Студзеньскія замалёўкі /фота/

Калі не звяртаць увагі на некаторыя сезонныя нязручнасці, то пасля нядаўніх снегападаў і завей на дварэ рэдкая прыгажосць. У белую коўдру ўхуталіся зямля, дрэвы, дахі дамоў, агароджы. Мы пачынаем прывыкаць да снежных пейзажаў, а заадно і да галалёдзіцы, за апошнія тыдні, незалежна ад узросту, статуса і абутку, перайшлі на спецыфічную зімовую паходку. І нават самыя заўзятыя модніцы гэтымі днямі ахвяруюць абцасамі і прыгажосцю на карысць бяспекі.
З сапраўднай зімою нас, землякі!    З лыжамі, канькамі і санкамі, прагулкамі па свежым паветры і хрусткім снезе, са снежкамі і снегавікамі, з падлёднай рыбалкай і птушынымі кармушкамі.
Дарэчы, 16 і 17 студзеня грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” праводзіць акцыю “Птушкі ля кармушкі” і запрашае далучыцца да яе ўсіх жадаючых: падтрымаць крылатых, а заадно палічыць віды і колькасць птушак і паведаміць пра гэта на сайце арганізацыі. Занятак цікавы і зусім не лішні. На такіх, здавалася б, простых справах – зрабіць кармушку (і зусім не абавязкова “капітальнае збудаванне”, дастаткова ўзяць спадручныя матэрыялы і прыкласці крыху фантазіі), павесіць у садзе, двары ці нават за акном, падсыпаць у яе семачак і хлебных крошак – вырасла нямала добрых людзей…
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *