Фларыянаўскія сезоны Элізы Ажэшкі

Ажэшка прапанавала зрабіць пасляабедзенныя сходы на верандзе традыцыйнымі. Яна меркавала, што такія размовы стануць прыемным і вельмі карысным відам адпачынку. Праект Ажэшкі спадабаўся ўсім прысутным.
Услед за Элізай Ажэшкай сталі прыбываць у Фларыянава і іншыя госці: крытык Юзэф Катарбінскі і пісьменнік Уладзіслаў Рэймант з жонкамі, спадарыня Страхоцкая з сынам Янушам (потым ён стаў вядомым драматычным акцёрам і рэжысёрам), доктар Генрых Нусбаум, юрысты Часлаў Баяноўскі і К. Рагалевіч, прафесар Вітольд Чачот з Санкт-Пецярбурга і многія іншыя. Прыехалі сваякі і суседзі сям’і Бохвіцаў, сярод якіх быў бацька Тадэвуша Ян Оттан, Люцыуш Бохвіц, старшыня суда ў Туле, сястра Тадэвуша Валерыя разам з мужам, сям’я Лопатаў з Каранеўшчыны.
Расклад дня ў Фларыянаве ўстанавіўся з гэтага моманту наступным чынам: сняданак падаваўся з дзевяці да адзінаццаці раніцы, прычым госці прыходзілі да стала як ім было зручна, — у ранішніх касцюмах. Затым да трох гадзін дня, калі званілі да абеду, быў вольны час. Пасля абеду, як адзначалася раней, жыльцы Фларыянава збіраліся на верандзе і гутарылі. Паколькі паблізу не было лесу ці возера, месцам для прагулак стаў вялікі фларыянаўскі парк. Моладзь адпраўлялася даследаваць наваколле або праводзіла час за гульнёй у тэніс і кракет — вельмі моднымі на той час забавамі.
Элізе Ажэшцы нельга было шмат хадзіць і, выконваючы прадпісанні ўрачоў, яна не пакідала межы веранды. Тадэвуш Бохвіц загадваў тады запрагаць у зручную каляску старога каня Беланожку і сам вазіў пісьменніцу па сваім парку. Ажэшка вельмі любіла гэтыя прагулкі і вярталася пасля іх адпачнуўшай, ажыўленай, задаволенай і памаладзеўшай.
Пасляабедзенныя сходы сталі традыцыяй. Кожны дзень усе збіраліся на веран-дзе. Жанчыны па прыкладзе Ажэшкі сталі займацца рукадзеллем. Ажэшка ўвяла ў моду вышываць шоўкам на папяровай канве закладкі для кніг. Гэтыя закладкі яна пазней падарыла сябрам на памяць аб сваім знаходжанні ў Фларыянаве.
Ажыўленыя дыскусіі праходзілі перад вячэрай у невялікім салоне, які прылягаў да пакоя Ажэшкі. Тут вылучаўся сваёй красамоўнасцю Уладзіслаў Рэймант.
Ва ўсім доме панавала ажыўленне. Літаратурны настрой заразіў усіх. Кожны спрабаваў нешта пісаць, складаць артыкулы для штодзённай газеткі, якая стала рэгулярна выдавацца жыльцамі пансіяната. Пастаянна складаліся вершы, любоўныя пасланні, і рыфмы сталі аблюбаванай формай размоў.
Тадэвуш Бохвіц, вялікі прыхільнік творчасці і таленту Ажэшкі, быў абражаны тым, што ў яго доме, у прысутнасці вялікай пісьменніцы, так «прымяншаюць» літаратуру і дазваляюць сабе легкадумныя забавы. Таму ён забараніў моладзі што-небудзь пісаць. Хутка слых пра гэты загад дайшоў да Ажэшкі і па яе просьбе забарона на пісьменніцтва была знята.
Ажэшка ў паўсядзённым жыцці аказалася вельмі добрай і далікатнай, з пачуццём гумару. Пісьменніцу не засмучалі выхадкі моладзі, яна з гумарам адносілася да іх забаў.
Праведзенае ў атмасферы, якая моцна адрознівалася ад той, што была ў яе пустым доме, лета ў Фларыянаве перанесла Элізу Ажэшку ў зусім іншы свет. Тут побач з ёй былі добрыя людзі, якія прынялі яе як блізкую сваячку, а таксама ўсцешаны яе прысутнасцю гаспадар дома — зачараваны Тадэвуш Бохвіц, які быў літаральна захоплены пісьменніцай.
Эліза Ажэшка і Тадэвуш Бохвіц былі рамантыкамі і цудоўна разумелі адзін аднаго, дзяліліся кожнай думкай. Яна, стомленая жыццём, была старэйшая за яго на дваццаць гадоў. Ён быў у самым росквіце сіл, прадстаўнічы і абаяльны мужчына. Пасля вяртання Ажэшкі дамоў штодзённыя ра-нішнія і вячэрнія пісьмы ў пунсовых і блакітных канвертах сталі лятаць паміж Гродна і Фларыянава, як птушкі, з хваляваннем чаканыя кожным бокам.
Пасля вяртання з Фларыянава Ажэшка сур’ёзна задумвалася пра тое, каб пасяліцца там назаўсёды. Сям’я Бохвіцаў з задавальненнем прыняла гэты праект. Браніслава Бохвіц спадзявалася таксама, што пісьменніца будзе аказваць уплыў на яе мужа: у прысутнасці Ажэшкі Тадэвуш станавіўся спакойным, мяняліся ў лепшы бок яго адносіны да блізкіх.
Уладзіслаў Рэймант уносіў у жыццё жыльцоў Фларыянава шмат энергіі і гумару. Ён быў вельмі мілым з субяседнікамі, няўлоўны і заўсёды розны. Часам Рэймант быў маўклівы, пагружаны ў роздумы, а потым зноў стана-віўся ажыўленым і гаварлівым.
27 чэрвеня 1908 года ў Фларыянаве адзначалі дзень святога Уладзіслава. Святочны стол прыбралі кветкамі. Жанчыны былі ажыўлены і апрануты ашаламляльна — гэта было прадвесцем імянін самага ветлівага з прысутных мужчын — Уладзіслава Рэйманта. Пісьменніку шчыра жадалі далейшага росквіту творчасці. Затым узяў слова Тадэвуш Бохвіц, сказаўшы, што Рэймант аказаў яму вялікі гонар, наведаўшы Фларыянава, і пажадаў поспехаў на літаратурным шляху. Пасля Тадэвуша з прамовай выступіла Эліза Ажэшка. Яна гаварыла доўга, выказваючы імя-нінніку лепшыя пачуцці, а сваё віншаванне закончыла словамі: «Тваё першынство прызнаю перад сабою і лютню сваю табе аддаю». Глыбокі сэнс і вялікая павага заключаліся ў словах пісьменніцы…
Жанчыны разам з Люцынай Катарбін-скай, адпачыўшы ў вёсцы ад грамадскіх спраў, заняліся арганізацыяй літаратурна-музычных вечароў з нагоды імянін, нацыянальных святаў або ў гонар прыбыцця цікавых гасцей. У той час салон на другім паверсе фларыянаўскага дома быў запоўнены. Усім жадаючым не хапала месца, людзі стаялі на лесвіцы. На адным з такіх сходаў госці слухалі вершы, якія цытаваў Юзэф Катарбінскі, у другі раз — паэзію Красінскага ў выкананні Катарбінскага і Ажэшкі, і, нарэшце, вядомы верш «Сыграй мне чардаш, цыганскі музыкант». Юзэф Катарбінскі зачараваў усіх прысутных, у той вечар не змаўкалі апладысменты ў яго гонар.
На жаль, сярод столькіх таленавітых лю-дзей ніхто не музыцыраваў, не спяваў. На вечарах не хапала музыкі. У сувязі з гэтым жыльцы пансіяната звярнулі ўвагу на Марту Асецімскую, якая толькі што прыехала з Вільні пасля здачы дыпломнага экзамену ў сярэдняй музычнай школе Расійскага музычнага таварыства. Рэпертуар яе быў невялікім, але добра развучаным. Жанчыны адабралі творы, якія спалучаліся з літаратурнай часткай вечароў, і такім чынам музычнае суправаджэнне было гатова.
Ажэшка не была тонкім знатаком музыкі. Пісьменніца любіла рамантычныя творы, і ў музыцы яе прывабліваў выключна эмацыянальны бок. Марта Асецімская, акрыленая даверам знакамітых гасцей, іграла часта і не толькі на ўрачыстых мерапрыемствах. Пажылы Генрых Нусбаум, сябар Ажэшкі, які рэдка даваў волю пачуццям, падарыў Марце ўласнаручна размаляваную закладку з памятным надпісам. Там была намалявана ваза з кветкамі, адна кветка ў форме сэрца ляжала ля вазы. Гэты падарунак Марта Асецімская захоўвала доўгія гады (закладка згубілася ў час Другой сусветнай вайны).
Гаспадары Фларыянава адносіліся да літаратурна-музычных вечароў з глыбокай пашанай. Яны вельмі клапаціліся пра прыгожае афар-мленне, дарылі выканаўцам вя-лікія букеты кветак. Ажэшка заўсёды атрымлівала белы букет, Катарбінскі — фіялетавы або чырвоны, а Марта Асецімская, як самая малодшая, — бела-ружовы.
У 1909 годзе Ажэшка зноў прыехала ў Фларыянава, а разам з ёй — і частка мінулагодняй кампаніі і некалькі новых гасцей, галоўным чынам жанчын. Прыехаў таксама Уладзіслаў Рэймант з жонкай. Але на гэты раз са здароўем Элізы Ажэшкі было не ўсё ў парадку. Гродзенскія ўрачы раілі пісьменніцы не стамляць сябе паездкамі і рэкамендавалі ёй поўны спакой. Ажэшка бунтавала супраць усіх распараджэнняў і хацела вярнуцца да нармальнага ладу жыцця. Яна не змагла адмовіць сабе зноў правесці лета ў гасцях у сям’і Бохвіцаў. Спадзявалася, што атмасфера дома, сяброўскае акружэнне, а таксама свежае вясковае паветра вернуць яе да жыцця. І на самай справе, спачатку яна адчувала сябе нядрэнна, прымаючы самы актыўны ўдзел у жыцці пансіяната.
Аднак, стан здароўя Ажэшкі марудна, але пастаянна пагаршаўся. Зломленая гэтым, пісьменніца вярнулася ў Гродна. Нягледзячы на ўсе намаганні ўрачоў, 18 мая 1910 года сэрца Элізы Ажэшкі перастала біцца. Лета, праведзенае ў Фларыянаве, стала апошнім у жыцці пісьменніцы.
Пасля смерці Ажэшкі Фларыянава нібы замерла ў ціхім смутку. Успаміны пра яе, яе голас, гук яе крокаў ахуталі ўсе куткі дома. Гаспадар дома пастанавіў, што месца Ажэшкі за сталом назаўсёды застанецца за ёй, там заўсёды павінны былі стаяць свежыя кветкі.
У наступныя гады да пачатку Першай сусветнай вайны фларыянаўскую сядзібу летам наведвалі госці. Бываў тут вядомы ў далейшым вучоны Тадэвуш Катарбінскі з маладой жонкай Сафіяй Баум. У перапоўненым доме тады не хапала месца, і маладая пара пасялілася ў летнім доміку ў парку. Катарбінскія пазбягалі стасункаў з іншымі гасцямі (яны атрымлівалі задавальненне адзін ад аднаго) і таму пакінулі ўражанне таямнічай пары.
А некалькімі гадамі пазней у пакоі, які калісьці займала Ажэшка, у Марты Асецімскай нарадзілася дачка, якой яна і прысвяціла гэтыя ўспаміны.
Падрыхтаваў Дзмітрый МІРАЎ, г. Баранавічы.
P.S. У заключэнне прывядзём некалькі цікавых дэталяў.
Гэтыя ўспаміны былі перададзены аўтару Янушам Францкевічам, унукам Вітольда і Соф’і Лопатаў, які жыве ў Варшаве. Па словах Януша Францкевіча, яго бабуля была сярод гасцей фларыянаўскага пансіяната і добра памятала Ажэшку, але пісьменніцу не любіла і практычна нічога пра яе не расказвала.
Нашчадкі сям’і Лопатаў да гэтага часу падтрымліваюць адносіны з Бохвіцамі. Апошняй прадстаўніцай сям’і Бохвіцаў, якая прысутнічала на знакамітых канікулах у Фларыянаве, была дачка Тадэвуша Бохвіца Ядвіга. Ядвіга была лепшай сяброўкай Соф’і Лопат. Знаёмыя ўспаміналі пра яе як пра вельмі добрага, поўнага душэўнага цяпла чалавека. Яна памерла ў 1993 годзе ва ўзросце 93 гады.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *