Якасць – справа не прыватная

З пачатку года спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі праверылі 8 прадуктовых магазінаў розных формаў уласнасці.
Цяжка адказаць, жаданыя госці ці наадварот, супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ў гандлёвых кропках рознай формы ўласнасці. Якім бы ні быў адказ, праверкі санітарнай службы былі і застаюцца неабходнымі, у першую чаргу, каб засцерагчы пакупнікоў ад набыцця няякасных тавараў і забяспечыць належны санітарна-гігіенічны стан памяшканняў для гандлю.
Падчас праверак выяўлены парушэнні санітарных нормаў і правілаў. У магазінах “Прадукты” (ПУП “Баранавіцкі каапкірмаш”), “Крышталь” (ПГУП “Прыватная справа”), прадмагах №№ 1 і 5 у райцэнтры (Ляхавіцкае райпо) не вытрымліваўся тэмпературны рэжым для захоўвання харчовых прадуктаў. У гандлёвай кропцы “Прадукты” (“Баранавіцкі каапкірмаш”) недастаткова інвентару для ўборкі, адсутнічаюць умовы для яго захоўвання і мыцця, не прамаркіраваны раздзелачны інвентар. Тут, як і ў магазінах “Івушка” (ПГУП ”Стаціца”), прадмагах №№ 1 і 5 райцэнтра няякасна чысціцца халадзільнае абсталяванне.
У магазінах “Крышталь” (ПГУП “Прыватная справа”) і прадмагу № 5 не было дакументаў, якія пацвярджаюць якасць рэалізуемай прадукцыі, адсутнічаюць дэзінфікуючыя сродкі для ўборкі. У прадмагу № 5 рэалізоўвалася прадукцыя з зышоўшым тэрмінам годнасці. У некаторых магазінах сырая і гатовая прадукцыя ўзважвалася на адных вагах. Ёсць прэтэнзіі да добраўпарадкавання і санітарнага стану тэрыторый вакол магазінаў.
Па выніках праверак да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 7 адказных асоб, вынесены 2 пастановы аб спыненні продажу прадукцыі, для якой адсутнічаюць умовы захоўвання. Адміністрацыі гандлёвых кропак выдадзены прадпісанні аб ухіленні вышэйуказаных парушэнняў.
Наталля СУБОЦКАЯ, памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *