Непрацоўныя перамогі працоўных калектываў /фота/

Памятныя гады, калі дэфіцыт снегу ставіў крыж на лыжных спаборніцтвах. На гэты раз магло адбыцца адваротнае. Суботняя “Эма”, хоць і аказалася больш сціплай, чым “Даніэла”, сваёй суровасцю, ветранасцю і багатым снегападам магла і адмяніць першы – зімовы – этап раённай спартакіяды працоўных калектываў. Але ж не: сапраўднага прыхільніка спорту, адэпта здаровага ладу жыцця лёгкім экстрымам не спалохаеш. Да ўдзелу ў спартакіядзе заявіліся каманды райаддзела па надзвычайных сітуацыях, лясгаса, агракаледжа, СВК “Жарабковічы”, торфабрыкетнага завода “Ляхавіцкі”, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Мінімальна – толькі ў турніры шашыстаў – былі прадстаўлены на спартакіядзе цэнтральная раённая бальніца і “Ляхавіцкі веснік”. Праграма ж зімовага этапу выходзіць далёка за рамкі чорна-белага шашачнага поля. Асноўны ўпор – на сезонныя віды, падвіды і дысцыпліны спорту. Біятлон, дзе ў якасці мішэнных установак – бляшанкі з-пад напіткаў. Але ўсё па-даросламу: кожная “незакрытая” мішэнь каралася малым штрафным кругам. Так што недахоп снайперскай падрыхтоўкі даводзілася кампенсаваць дадатковымі дзясяткамі метраў дыстанцыі. Трэба сказаць, стральба ва ўмовах снегападу і ветру, “на пульсе” з’яўляецца не такім ужо і простым практыкаваннем. Варта, аднак, адзначыць арганізатараў іменна гэтага элемента біятлона ў асобе раённай структуры ДТСААФ. “Прыстрэленая” пнеўмазброя, дапамога стралкам на рубяжы словам-парадай, а то і канкрэтным у межах правілаў дзеяннем для некаторых біятланістаў-аматараў аказаліся вельмі дарэчы. Лыжная праграма спартакіядных спаборніцтваў складалася з трох дысцыплін: каманднай эстафетнай гонкі, лыжнай эстафеты сямейных каманд і гонкі з масавым стартам.

На апошняй хацелася б спыніцца асабліва. Тройка выдатна падрыхтаваных і, без перабольшвання, цудоўна экіпіраваных лыжнікаў абазначыла свае прэтэнзіі на п’едэстал яшчэ на стартавых метрах дыстанцыі. Ішлі роўна, з пераменным лідарствам. Сапраўдная, па ўсіх правілах жанру барацьба разгарнулася на апошняй прамой. Фінішную ж рысу сапернікі перасяклі ў, верагодна, секундным адрэзку часу.

У параўнанні з нетаропкасцю і ціхай засяроджанасцю, якія панавалі ў шашачнай зале, гульнявая зала ДЮСШ уяўляла сабой абсалютную супрацьлегласць. У той дзень зала прымала спартакіядных рукаборцаў. У армрэстлінгу спаборнічалі і мужчыны, і жанчыны. Барацьба вялася ў розных вагавых катэгорыях. Эмацыянальна, на фоне актыўнай і гучнай балельшчыцкай падтрымкі. Некаторыя схваткі завяршаліся ў імгненне вока – ці не сінхронна з апошнімі трэлямі стартавага свістка. Іншыя – вызначаліся напружаным супрацьстаяннем абодвух сапернікаў (ці саперніц).

У якасці фінальнага спартакіяднага вываду “просяцца” і такія словы: у адрозненне ад зусім не цёплага надвор’я за акном, першы этап раённай спартакіяды працоўных калектываў прайшоў у абставінах спартыўнай барацьбы і цёплай сяброўскай атмасферы.

Але сяброўства – гэта лірычны фон спаборніцтва, а пераможцы – яго квінтэсэнцыя. Лепшымі сярод шашыстаў сталі Людміла Тарлюк з каманды аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і Міхаіл Новік з СВК “Жарабковічы”. Тут мы адыдзем ад свайго ж правіла называць толькі пераможцаў і, скарыстаўшыся “службовым становішчам” адзначым прыемны факт: “бронзавым” шашыстам спартакіяды стаў былы рэдактар “Ляхавіцкага весніка” Іосіф Карпыза. Віншуем, калега!

Мацнейшымі рукаборцамі сталі Людміла Буйкевіч з каманды аддзела адукацыі, Дзмітрый Канановіч з лясгаса, Уладзіслаў Карповіч з агракаледжа, Святлана Станіславовіч і Дзмітрый Станіславовіч з СВК “Жарабковічы”. Біятлон, лыжны масстарт і лыжная эстафета засталіся таксама за жарабковіцкімі спартсменамі. Лыжную эстафету сямейных каманд выйграла сям’я Гатоўчыц з каманды РАНС.

Як і ў большасці дысцыплін і відаў спорту, лепшымі ў агульнакамандным заліку сталі жарабковіцкія спартсмены. Але гэта толькі першы этап. Наперадзе новыя старты і іншыя віды спорту.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Больш фота тут

Спартыўная сям'я Гатоўчыц

One thought on “Непрацоўныя перамогі працоўных калектываў /фота/

  • 28/01/2016 в 08:43
    Permalink

    Посмотрел фото и самому захотелось встать на лыжи. В следующем году обязательно присоединюсь.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *