Сямейны падрад

Вёска Сваятычы асабліва прыгожая вясной, калі расцвітаюць зараснікі бэзу, якіх шмат ля дарогі, у агародчыках вяскоўцаў і на беразе возера, у якое глядзіцца мясцовы касцёл – помнік архітэктуры ХІХ стагоддзя.
Тэрэза любіць сваю вёску. Калі здаралася ад’ехацца ад дому на некаторы час, неўзабаве пачынала сумаваць па родных краявідах і па размераным, своеасаблівым укладзе вясковага жыцця. Аднак сваю будучыню яна ніяк не звязвала са Сваятычамі. Пасля заканчэння школы збіралася атрымаць прафесію юрыста, застацца ў горадзе. Але па сямейных абставінах дзяўчына пераглядзела свае планы. Спачатку закончыла Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж, а пасля завочна Гродзенскі аграрны ўніверсітэт, атрымала прафесію агранома, як і дзядуля Вітольд. За гэтыя гады замуж паспела выйсці, нарадзіць дачку і сына, а пасля зразумела, што побач з ёй не той чалавек, пра якога марыла…

Ад самоты Тэрэзу ратавала работа. Нялёгкая, на пачатку малазразумелая, зусім не тая, якую дасканала асвойвала ў дзвюх навучальных установах. На той час у СВК “Жарабковічы” не было свабоднай пасады агранома, і Тэрэзе Несцяровіч прапанавалі… загадваць Сваятыцкай малочнатаварнай фермай. Падумала, а чаму не. Бабуля Марыя Андросік усё жыццё працавала даяркай, ужо 30 гадоў, як яе змяніла Тэрэзіна маці – Галіна Андросік. Ды ці мала часу праводзіла на ферме і яна: яшчэ зусім малой бегала дапамагаць. Развеяла сумненні Тэрэзы падтрымка старшыні сельгаскааператыва Віталія Бусько, які ў настаўнікі да маладой загадчыцы рэкамендаваў галоўнага заатэхніка гаспадаркі Леаніда Новіка.

– Мы былі перакананы, што Тэрэза Алегаўна паспяхова справіцца з работай, бо у яе ёсць характар, – расказвае Леанід Новік. – Настойлівая, рашучая, патрабавальная, сумленная, – такога ж стаўлення да справы чакае і ад падначаленых. Прайшло зусім не многа часу, і на ферме стаў наладжвацца стабільны парадак…

Найперш палепшылася дысцыпліна. Дакладнае выкананне непасрэдных вытворчых абавязкаў – першае і самае галоўнае патрабаванне загадчыцы фермы. А гэта і своечасова накормленыя і падоеныя каровы, парадак у стойлах, захаванне санітарных нормаў у абслугоўванні малакаправода і многае іншае, што садзейнічае атрыманню якаснага малака. Добрыя змены адбыліся ў арганізацыі кармлення статка: дыферэнцыраваны падыход, збалансаваныя рацыёны. Як вынік – 16,5 літра малака ў дзень ад кожнай каровы стала звычайнай з’явай.

Строгасць і патрабавальнасць загадчыцы спачатку не ўсе ўспрынялі сур’ёзна. Да новага кіраўніка прыглядаліся, некаторыя сумняваліся, іншым давялося пакінуць ферму. Калі ж перамены станоўча паўплывалі і на заробак, сітуацыя памянялася: сёння за Тэрэзу калектыў фермы “стаіць гарой”, а яе распараджэнні выконваюцца без лішніх абмеркаванняў.

– Усе стараюцца, хвалююцца за работу. Хочацца, каб неўзабаве наша ферма стала адной з лепшых, – расказвае Тэрэза Несцяровіч. – Нядаўна завершана рэканструкцыя кароўніка, адрамантаваны цялятнік, зроблены добрыя выгулы для кароў, а вясной будзе ўведзены ў дзеянне цэх сухастою. Зразумела, такія перамены радуюць: палепшыліся ўмовы працы, павялічыліся надоі. Стараюцца Тамара Булатая, Алена Трапейка, Любоў Мазур, Алена Калясінская, Таццяна Смірнова, Таццяна Масцілоўская, Ірына Шыйч, Святлана Горбік, Іна Салавей, Ларыса Пташнік, Іна Батвінкіна…

Тэрэза Алегаўна задумалася, каб хоць не прапусціць ні аднаго прозвішча, бо ўсе даяркі вартыя доб-рага слова. А яшчэ загадчыца МТФ не забылася расказаць пра работу слесараў-вартаўнікоў, жывёлаводаў, ветфельчара, пасудамыйшчыцы.

Дарэчы, сёння ў калектыве Тэрэзы Несцяровіч многія – радня. Як прызнаецца сама, працаваць са сваімі – надзейна: не падвядуць, у любы момант дапамогуць, падтрымаюць. Здаралася, канешне, што “па-сваяцку” чакалі патурання, уступак, паблажлівасці. Але ў маладой загадчыцы не пажартуеш: работа ёсць работа.

Самым надзейным памочнікам, дарадцам і зацікаўленым партнёрам Тэрэзы з’яўляецца маці Галіна Дзмітрыеўна, якая працуе даяркай на раздоі кароў. Найпершая дапамога – асабісты прыклад у рабоце. Яна пачынае свой рабочы дзень каля 4 гадзін раніцы – першай прыходзіць на ферму. Пакуль збяруцца даяркі на ранішнюю дойку, Галіна Дзмітрыеўна паспее ўжо накарміць сваіх падапечных, а некаторых і падаіць, дагледзець нованароджаных цялят. Па выніках года Галіна Андросік надаіла ад кожнай каровы па 6200 кілаграмаў малака.

Акрамя таго, што матуля падтрымлівае Тэрэзу ва ўсіх яе пачынаннях на рабоце, яшчэ і прыглядзіць за ўнукамі, дапаможа па гаспадарцы (у Тэрэзы неблагое падвор’е: парасяты гадуюцца, розная птушка). Ды і на ўласным падвор’і работы хапае: 2 каровы, 2 першацёлкі, свінні, птушка… Праўда, тут ужо не абысціся без гаспадара. Алег Вітольдавіч толькі прыйшоў з фермы, дзе працуе слесарам-вартаўніком, – і на дапамогу. А там сястра з мужам вяртаюцца з работы: Марыя Дземчанка працуе цялятніцай на суседняй Дамашоўскай ферме, а Іван – слесар-вартаўнік на МТФ, якую ўзначальвае Тэрэза.

Аднак гэта самая блізкая радня Тэрэзы Несцяровіч. Сярод даярак яшчэ маці Івана Дземчанкі, сястра. Вось гэта каманда, у якой свой за свайго!

– Сваятыцкая МТФ за апошнія  5 гадоў, як загадчыцай працуе Тэрэза Несцяровіч, з адстаючай выйшла ў лік лепшых у гаспадарцы, – расказвае Леанід Новік. – Па выніках года ад кожнай каровы тут надоена па 5000 кілаграмаў малака, усё залічана вышэйшым гатункам.

Загадчыца фермы пераканана, што гэты поспех – толькі пачатак таго, што задумана. А зрабіць плануецца многае: працягваць работы па навядзенні парадку на МТФ, пабудаваць і рэканструяваць жывёлагадоўчыя памяшканні з мэтай укаранення перадавых тэхналогій гаспадарання і атрымання малака гатунку экстра. Яе імкненні поўнасцю раздзяляе калектыў: умовы аплаты працы прама прапарцыянальныя колькасці і якасці атрыманай прадукцыі.

Зімовыя ранкі, калі Тэрэза бяжыць на ферму, халодныя і цёмныя. Дзень займае работа, іншы раз без перапынку на абед, а доўгія вечары прысвячаюцца дачушцы і сыночку, якія ўжо зачакаліся прыходу мамы. Увесь клопат і пяшчота ім, самым дарагім і любімым, яе радасці і надзеі. Хочацца Тэрэзе, каб выраслі яе дзеці разумнымі і шчаслівымі, і каб мары іх збываліся. Давід, як сапраўдны мужчына, хоча стаць ваенным. Захапленне яго даўняе, таму і плануе маці падрыхтаваць сына да вучобы ў кадэцкім вучылішчы. А васьмігадовая Ніка пакуль што жыве бесклапотна. Кожны вечар цешыць маму новымі прыгодамі, бясконцым шчабятаннем пра свае дзіцячыя навіны і самымі шчырымі прызнаннямі ў любві. Дарэчы, іншы раз і Ніка з інтарэсам наведваецца да мамы на ферму…

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Загадчыца Сваятыцкай МТФ Тэрэза Несцяровіч.

У сямейным коле.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *