Іх работа – наша бяспека. Міліцыя Ляхавіцкага раёна падвяла гадавыя вынікі аператыўна-службовай дзейнасці

Падчас падвядзення вынікаў аператыўна-службовай дзейнасці РАУС.

Ад эфектыўнасці работы праваахоўных органаў бяспека грамадства ў цэлым і кожнага з нас, канешне ж, залежыць. У вельмі значнай ступені, аднак, не ў першую чаргу. Факт рацыянальных, у рамках закону і ў адпаведнасці са здаровым сэнсам паводзін адыгрываюць у гэтым плане куды больш істотную ролю. Хто не ведае, што, напрыклад, саманадзейна пакінуты пад дыванком перад дзвярамі кватэры ключ можа выступіць у якасці “правакатара” крадзяжу з гэтай самай кватэры? Ці “забыты” на паўдня веласіпед на вуліцы? А да чаго могуць прывесці нецвярозыя прагулкі цёмнай ноччу ў цёмным месцы?

У тым ліку і пра недапушчэнне залішняй легкадумнасці ў паводзінах людзей гаварылася падчас падвядзення вынікаў аператыўна-службовай дзейнасці Ляхавіцкага РАУС за мінулы год. Сход адбыўся каля тыдня таму ў зале пасяджэнняў прасторнага новага “дома” раённай міліцыі. У гэтай сувязі намеснік міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі МУС генерал-маёр міліцыі Мікалай Мельчанка заўважыў у адрас ляхавіцкіх міліцыянераў:

– Павінны быць перадавікамі яшчэ і таму, што працуеце ў новых умовах.

Па асобных пазіцыях, дарэчы, так яно і ёсць. Напрыклад, што тычыцца раскрывальнасці злачынстваў, учыненых па крымінальнай лініі. 79 працэнтаў ад зарэгістраваных у мінулым годзе выпадкаў крыміналу нашы праваахоўнікі раскрылі. Гэта трэці па краіне і лепшы сярод РАУС вобласці паказчык. У якасці арыенціра адзначым, што аналагічны сярэдне-абласны паказчык раўняецца 63 працэнтам.  У 2015 годзе на тэрыторыі раёна, у параўнанні з годам папярэднім, адзначана зніжэнне колькасці фактаў хуліганства, грабяжу, разбою, злачынстваў, учыненых непаўналетнімі. Не адбылося росту злачыннасці ў грамадскіх месцах, колькасці забойстваў, махлярства, не зарэгістравана выпадкаў згвалтавання. Па меркаванні начальніка РАУС Эльдара Вільчкоўскага, падобнае стала вынікам комплексу прафілактычных мер.

У той жа час, пра “штыль” на крымінагенным полі Ляхавіччыны гаварыць не даводзіцца. Нягледзячы на прафілактыку, меры супрацьдзеяння, не стала менш цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, фактаў прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, угонаў аўтатранспарту, “п’яных” і рэцыдыўных злачынстваў, крадзяжоў.

Іменна апошнія ўзна-чальваюць “хіт-парад” злачыннай статыстыкі раёна. У 2015 годзе зафіксавана 77 крадзяжоў – на паўтара дзясятка выпадкаў больш таго, што было годам раней. Гэта статыстыка магла б быць куды больш сціплай, каб не залішняя даверлівасць, магчыма, абыякавасць, а то і наіўнасць некаторых землякоў. Як прагучала ў ходзе аднаго з выступленняў, вельмі істотны працэнт крадзяжоў учынены шляхам так званага свабоднага доступу. З чаго, між іншым, і пачыналіся гэтыя радкі: незачыненыя дзверы, пакінуты навідавоку інструмент, прылады, абсталяванне нярэдка так і прыліпаюць да чужых рук. Сельская “прапіска” вызначае пераважную колькасць крадзяжоў. У гэтай сувязі найбольш частае гучанне падчас сходу атрымаў Начаўскі сельсавет. Красці на тамтэйшай тэрыторыі больш не сталі, а вось раскрывальнасць гэта віду злачынства за год некалькі зменшылася. Патрабуецца актыўная прафілактыка, растлумачальная работа з жыхарамі вёсак, асноўную частку якіх складаюць людзі не маладога веку, не прагматыкі, з гіпердаверлівым менталітэтам. Калі працаваць не для адзнакі ў справаздачы, сумесна – міліцыя ў тандэме з сельскімі актывістамі і адміністрацыяй – вынік будзе. Сэнс і шляхі вырашэння гэтай праблемы намеснік міністра ўнутраных спраў бачыць іменна ў такім падыходзе, які, дарэчы, не з’яўляецца навіной для ляхавіцкіх праваахоўнікаў, практыкуецца паўсюдна і ў розных формах. Але і “расці”, па меркаванні Мікалая Мельчанкі, ёсць куды.

Генерал-маёр міліцыі выказаў падзяку супрацоўнікам нашага РАУС:

– Дзякуй за выкананую работу. 79 працэнтаў раскрывальнасці – варты вынік.

Акрамя намесніка міністра, удзел у рабоце справаздачнага сходу прыняў і намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Вячаслаў Максімук. Яго патрабаванне адрасаванае ляхавіцкім калегам і падначаленым, – усе дзеянні, учынкі суадносіць са сваім статусам міліцыянера.

Словы падзякі ў свой адрас атрымалі праваахоўнікі і ад старшыні раённага выканаўчага камітэта Вячаслава Сельмановіча, які акцэнтаваў увагу на тым, што папярэджанне супрацьпраўных дзеянняў павінна быць безумоўным прыярытэтам службы. Адзначыўшы “плюсы”, станоўчыя моманты ў рабоце РАУС, кіраўнік раёна падкрэсліў, што рэзервы для яе паляпшэння вычарпаны далёка не да дна, рухацца ёсць куды.

Што мы, жыхары раёна думаем пра работу сваёй міліцыі? Думаем нядрэнна і ацэньваем дастаткова станоўча, як аказалася. Па выніках вывучэння грамадскага меркавання, 67,5 працэнта рэспандэнтаў задаволены аператыўнасцю рэагавання міліцыі на свой зварот. Прыкладна столькі ж адзначылі прафесіяналізм, культуру зносін і іншыя станоўчыя якасці і рысы характару супрацоўнікаў міліцыі. 34,7 працэнта апытаных поўнасцю давяраюць міліцыі раёна.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Чарговае званне прысвоена інспектару ІСН Сяргею Сокалу, начальніку ААПП Андрэю Гілю і ўчастковаму інспектару Сяргею Хмаруку.

Узнагародамі рознай вартасці адзначаны старшы інспектар ІСН Дзмітрый Дыдышка, старшы інспектар КВІ Мікалай Смаршчок, старшы оперупаўнаважаны Дзмітрый Грабёнка, начальнік крымінальнага вышуку Віталій Давідоўскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *