Крымінальны бізнес

У снежні мінулага года да 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ва ўмовах выпраўленчай калоніі ўзмоцненага рэжыму асуджаны жыхар Ляхавіцкага раёна С., 1997 года нараджэння, навучэнец адной з СНУ г. Баранавічы. Прычынай працяглага тэрміну заключэння стала цяжкасць учыненага злачынства ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў. З-за згубнай прыхільнасці да так званых спайсаў, а таксама імкнення зарабіць на іх распаўсюджванні 18-гадовы юнак змяніў вучобу на нары. Падчас папярэдняга следства па крымінальнай справе ўстаноўлена дачыненне С. да захоўвання асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў з мэтай іх наступнага збыту. Менавіта пры дастаўцы ”дозы” чарговаму спажыўцу ён быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Следствам даказана віна С. ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага часткай 3 артыкула 328 КК Рэспублікі Беларусь, санкцыя якога прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам ад 8 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі. Мінімальны тэрмін пакарання С. атрымаў таму, што ўпершыню прыцягваўся да крымінальнай адказнасці.
Варта адзначыць, што крымінальная адказнасць за збыт наркотыкаў наступае не толькі ў выпадку атрымання за іх матэрыяльнага ўзнагароджання, але і проста пры бязвыплатнай перадачы іх іншай асобе.
Прадугледжана адказнасць за ўжыванне без назначэння ўрача наркотыкаў у грамадскім месцы, з’яўленне ў грамадскім месцы ці знаходжанне на рабоце ў стане наркатычнага ап’янення. Калі за ўчыненне ўказаных дзеянняў упершыню наступае адміністрацыйная адказнасць, то іх паўторнае ўчыненне на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання цягне крымінальную адказнасць па артыкуле 328-2 Крымінальнага кодэкса, санкцыя якога прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, арышту або абмежавання волі тэрмінам да 2 гадоў.
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ,
намеснік начальніка
Ляхавіцкага РАСК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *