Пра вадзіцельскае пасведчанне і флікеры

У апошні час валодаць навыкамі ваджэння і мець вадзіцельскае пасведчанне модна. Гэта і зручна, і даступна. Аднак, пазбавіцца вадзіцельскага пасведчання можна значна лягчэй, чым набыць яго.

Да найбольш распаўсюджаных парушэнняў ПДР, якія могуць прывесці да пазбаўлення права кіравання транспартным сродкам, адносяцца: кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане;  паўторнае на працягу года перавышэнне скорасці руху звыш 20 км/гадз; парушэнне правілаў абгону або выезд на сустрэчную паласу ў выпадках, калі гэта забаронена; адмова забяспечыць бесперашкодны рух транспартнаму сродку аператыўнага прызначэння (міліцыі, хуткай, МНС і г. д.); стварэнне аварыйнай абстаноўкі (у тым ліку і непрапусканне пешаходаў); прычыненне пацярпеламу лёгкіх цялесных пашкоджанняў, пашкоджанняў транспартнага сродку або іншай маёмасці.

Ужо сёлета на тэрыторыі раёна зарэгістравана дарожна-транспартнае здарэнне, у выніку якога загінуў пешаход.   Большасць ДТЗ з удзелам пешаходаў адбываецца ў цёмны час сутак, на неасветленых або малаасветленых участках дарог паблізу населеных пунктаў. Асабліва небяспечна перасякаць праезную частку дарогі ў цёмны час сутак або ва ўмовах недастатковай бачнасці: пешаход бачыць аўтамабіль з уключанымі фарамі, а вадзіцель можа не заўважыць чалавека, які не абазначыў сябе флікерам.

З пачатку года супрацоўнікамі Ляхавіцкага РАУС да адміністрацыйнай адказнасці за невыкарыстанне святлоадбівальных элементаў прыцягнута 70 пешаходаў.

Неабходнасць абавязковага абазначэння пешаходаў флікерамі ў цёмны час сутак устаноўлена патрабаваннем Правілаў дарожнага руху (пункт 17.1).

Мікалай ДЫЛЕЎСКІ,

старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ.

У ТЭМУ

Колькасць загінуўшых у цёмны час сутак пешаходаў з 2006 года па 2015-ы ў Беларусі знізілася на 63 працэнты, паведамілі ва УДАІ МУС Беларусі.

У Дзяржаўтаінспекцыі звязваюць такую тэндэнцыю з актыўнай прапагандай святлоадбівальных элементаў, якая пачалася ў 2006 годзе пасля зацвярджэння ўказам новых Правіл дарожнага руху, якія абавязалі пешаходаў абазначаць сябе ў цёмны час сутак.

«Пасля актыўнай растлумачальнай работы грамадзяне пачалі масава выкарыстоўваць святлоадбівальныя элементы. Ужо за першы год выкарыстанне флікераў прывяло да значнага зніжэння траўматызму пешаходаў і на працягу 10 гадоў даказвае сваю эфектыўнасць», – адзначылі ў ДАІ. Калі ў 2006 годзе на дарогах Беларусі здарылася 2 080 ДТЗ з удзелам пешаходаў (загінуў 601 пешаход), то ў 2015-м іх колькасць знізілася да 897 аварый (загінулі 223 чалавекі).

Супрацоўнікі дарожнай міліцыі растлумачылі, што флікер дапамагае пешаходу стаць прыкметным на цёмнай дарозе ў святле фар на адлегласці да 400 м, а вадзіцель атрымлівае час прыняць найбольш правільнае рашэнне, каб пазбегнуць наезду на пешахода.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *