Апошні крок у бездань

Чаму чалавек у росквіце сіл па ўласным жаданні пайшоў з жыцця? У чым віна тых, хто быў побач, — родных, сяброў, калег? Што ўсе мы маглі зрабіць, каб не дапусціць страшнай бяды? Пытанні, на якія цяжка знайсці адказы…
Чалавека не стала па ягоным уласным жаданні. Гэта трагедыя цяжарам лягла на родных і блізкіх, менавіта яны часта адчуваюць сябе вінаватымі ў тым, што не выратавалі, своечасова не заўважылі пагрозы. Блізкія людзі самазабойцаў у большасці выпадкаў адчуваюць моцнае пачуццё віны, прычым даволі часта абвінавачваюць сябе без падстаў. І атрымліваецца, што той, хто пайшоў на вялікі грэх і ўчыніў суіцыд, пакараў не толькі сябе, але і тых, хто побач
Па даных упраўлення аховы здароўя аблвыканкама, у 2010 годзе на Брэстчыне зарэгістравана 337 самагубстваў ( у 2009 годзе — 358), 13 з іх — на Ляхавіччыне, (на адзін больш, чым у 2009 годзе). Як сведчыць сумная статыстыка, у нашым раёне на 100000 насельніцтва прыходзіцца 42,1 выпадкі — другі паказчык у вобласці (сярэднеабласны — 23,6).
Больш за палову пайшоўшых з жыцця па гэтай прычыне — мужчыны. У групу рызыкі таксама ўваходзяць аматары спіртнога, адзінокія людзі, тыя, хто скасаваў шлюб, і тыя, у каго і раней былі суіцыдальныя спробы. 84 працэнты з тых, хто звёў рахункі з жыццём, знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.
У мінулым годзе ў псіхіятрычных стацыянарах вобласці пралячыліся 129 чалавек, якія спрабавалі пайсці з жыцця па ўласным жаданні, яшчэ 415 такіх хворых знаходзіліся ў псіхіятрычных аддзяленнях дзённага знаходжання.
Па словах галоўнага пазаштатнага псіхіятра ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама Мікалая Скаскевіча, асноўныя прычыны суіцыдаў — злоўжыванне спіртнымі напіткамі, канфліктныя адносіны ў сям’і і на рабоце, сацыяльная неўладкаванасць.
Асабліва жудасна, што такім чынам з жыцця спрабуюць пайсці дзеці і падлеткі. У мінулым годзе на Брэстчыне было зарэгістравана 4 выпадкі суіцыду сярод непаўналетніх, у тым ліку адзін — у нашым раёне. Як сведчаць медыкі, аналіз прычын і ўмоў, што са-дзейнічаюць фарміраванню суіцыдальных паводзін у падлеткаў, выявіў: пускавым момантам для самагубства з’яўляюцца канфлікты ў сям’і, з сябрамі і аднакласнікамі, стрэсы на фоне сямейнай неўладкаванасці, нераздзеленае каханне, праблемы ў школе. Часта хлопчыкі і дзяўчынкі не расказваюць нікому пра свае «дзіцячыя» беды, не звяртаюцца за дапамогай, не маюць падтрымкі і застаюцца сам-насам з праблемай, якую, на іх думку, ніхто не зразумее і не вырашыць. Дарослыя павінны навучыцца слухаць і, галоўнае, — чуць дзяцей. Для многіх гэтага будзе дастаткова, каб не зрабіць апошні крок.
Суіцыд — не вырашэнне праблем. Заўсёды ёсць некалькі варыянтаў выйсця, і яны абавязкова знаходзяцца, калі чалавеку дапамагае іх шукаць спецыяліст ці нехта з блізкіх. У цяжкую хвіліну трэба звяртацца да псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў, свяшчэннікаў, сяброў і родных.
Калі здаецца, што ўсё дрэнна і ніколі не будзе лепш, варта спыніцца, падумаць, узважыць. І не рабіць апошні крок. Жыццё цудоўнае, і яно даецца чалавеку толькі аднойчы.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *