Купалаўскія чытанні /фота/

Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма раёна ўключае 29 бібліятэк, якія абслугоўваюць 15926 чытачоў. Фонды мясцовых бібліятэк налічваюць больш за 415000 экзэмпляраў выданняў.  Па зацверджаным графіку па раёне курсіруе бібліобус, які абслугоўвае 17 населеных пунктаў, дзе няма бібліятэк. Яго загадчыцу Святлану Станіславовіч з нецярпеннем чакаюць 324 чытачы, каб атрымаць кніг­­­­­і, газеты і часопісы. Да таго ж, бібліятэкі ёсць у кожнай школе раёна і ў ЛДАКу.  Але сёння размова пра галоўны кніжны храм раёна – купалаўку.

Купалаўкай ляхавічане называюць сваю цэнтральную раённую бібліятэку. Гэта неафіцыйная назва замацавалася за ўстановай амаль  7 дзесяцігоддзяў назад, калі рашэннем райвыканкама ляхавіцкай бібліятэцы было прысвоена імя народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.

Для многіх землякоў купалаўка за дзесяцігоддзі стала верным сябрам і дарадцам. І сёння, нягледзячы на тое, што электронныя кніжкі выцясняюць папяровыя, бібліятэка застаецца месцам прыцяжэння аматараў літаратуры і перыёдыкі.

Пераступаеш парог храма кнігі – і адразу, здаецца, трапляеш у асаблівы свет. Тут заўсёды прыгожа і ўтульна. Дарэчы, 2 гады назад за бюджэтныя сродкі ў купалаўцы быў зроблены вялікі рамонт, поўнасцю заменена мэбля, стэлажы, шкляныя вітрыны і іншае, адзначае дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Кацярына Жукоўская.

У  аддзеле абслугоўвання наведвальнікаў прыветна сустракаюць бібліятэкары Алена Лойка і Алена Чабатарэнка, дапамагаюць падабраць літаратуру, прапаноўваюць кніжныя навінкі. Сучасны бібліятэкар не толькі добры псіхолаг, ведае, каму якую літаратуру прапанаваць, на што звярнуць увагу, але выдатны мова- і літаратуразнаўца. У сваёй справе абедзве Алены сапраўдныя асы: стаж Алены Лойка перавышае чвэрць стагоддзя, а Алены Чабатарэнка набліжаецца да двух дзесяцігоддзяў.

Дзейнасць бібліятэкі не абмяжоўваецца толькі выдачай кніг. Працуюць тут у многіх накірунках і з рознымі катэгорыямі насельніцтва. Да ўвагі выстава кніг, прымеркаваная да Года культуры. Знаёміць яна з культурнай прасторай Ляхавіччыны і пісьменнікамі-юбілярамі. Дарэчы, сёлета сярод іх і наш зямляк Алесь Бадак.  Тэматычная выстава “Пад сузор’ем слова” прыцягвае ўжо назвамі раздзелаў і кніг “Радзіме – радок і жыццё”, “Васільковая спадчына продкаў”, “Свет надзеі” і г.д.

Кнігі тут разнастайныя, на любы густ. Асаблівае месца адведзена паліцам з беларускай літаратурай. Яны адрозніваюцца ад іншых – указальнікі ўпрыгожаны чырвоным арнаментам. Бібліятэкары і метадысты не толькі прапагандуюць вядомых беларускіх аўтараў, але і адкрываюць чытачам новыя імёны. Зборнікі аповесцей і апавяданняў сучасных беларускіх аўтараў “Самая чароўная кветка”, “Вальс пад журлівымі таполямі”,  “І ўзімку лілеі цвітуць” прыцягваюць шчырасцю і праўдзівасцю пачуццяў. У мінулым годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшаў зборнік твораў паэтаў Беларусі, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Трэба абавязкова пачытаць!

Загадчыца аддзела Марына Нікіціна адзначае, што з абанементам сябруюць больш за 2200 чалавек, з якіх штодзень сюды завітваюць больш за 50. Мастацкая, духоўная, вучэбная, спецыяльная літаратура – кола інтарэсаў чытачоў. Сярод сучасных пісьменнікаў у нашых землякоў запатрабаваныя Галіна Пярун, Наталля Батракова, Казімір Камейша і іншыя. Ляхавічане з інтарэсам чытаюць кнігі пра вайну, цікавяцца легендамі і паданнямі, этнаграфічнымі і фальклорнымі выданнямі. У пашане – беларускія і рускія класікі.

Бібліятэка развіваецца і крочыць у нагу з часам, падстройваецца пад патрэбы сваіх чытачоў. З нядаўняга часу папяровыя фармуляры саступілі месца электронным. Вельмі зручна для абодвух бакоў: не трэба ставіць подпіс, паскараецца час абслугоўвання, а супрацоўнікам не трэба пісацьназву кнігі – яна з’яўляецца па першых уведзеных літарах, ёсць і іншыя перавагі такой навацыі. Для асобных катэгорый насельніцтва маецца паслуга дастаўкі літаратуры на дом. Чалавек тэлефануе па нумары 2-38-57 і выказвае свае чытацкія пажаданні, а бібліятэкары пасля дастаўляюць яму заказ.

…Колькасць кніг уражвае. Іх, здаецца, тут безліч. Вялікіх і маленькіх, сучасных і тых, якія сталі гісторыяй. Ганарацца ў бібліятэцы выданнем 1912 года зборніка вершаў Афанасія Фета.

Кніжны фонд купалаўкі – 86737 экзэмпляраў. За 2015 год на бібліятэчныя паліцы дабавілася 889 новых выданняў. Дарэчы, больш за 120 кніг летась бібліятэка атрымала ў дар ад удзячных чытачоў. Апошнім часам распаўсюджаны буккросінг, галоўны прынцып якога “прачытаў сам – перадай іншаму”.

Чытальная зала прапісалася на другім паверсе купалаўкі. Ціха. Чытачы схіліліся над газетамі ці часопісамі, нехта пераглядае даведнікі. Светлы і з густам абсталяваны пакой: прыгожыя сталы з крэсламі, сучасныя стэлажы, арыгінальныя ячэйкі для захоўвання часопісаў і кніг, добразычлівыя, ветлівыя і ўважлівыя адносіны – усё дзеля зручнасці наведвальнікаў. А іх тут нямала – больш за 2000, прыходзяць нават цэлымі сем’ямі. Для непаседлівых гарэз, каб мама паспела падабраць матэрыял для рэферата ці выканаць іншае заданне, маюцца цацкі і гульні. Кваліфікаваныя і творчыя супрацоўнікі Віталія Лагун, Марына Маруцік і Алена Шклянік дапамогуць падабраць літаратуру для даклада ці курсавой, неабходную перыёдыку. Выбар апошняй, дарэчы, адзін з самых шырокіх у вобласці. Гэта заслуга, адзначаюць супрацоўніцы чытальнай залы, райвыканкама, які фінансуе падпіску.

Захоўваюцца тут і сапраўдныя скарбы – факсімільныя выданні кніжнай спадчыны Францыска Скарыны, Слуцкага Евангелія 1463 года. Наогул, духоўная літаратура вельмі шырока прадстаўлена ў бібліятэцы. Перыядычна праводзяцца і сустрэчы з благачынным цэркваў Ляхавіцкай акругі протаіерэем Георгіем Жытко, якія сталі вельмі папулярнымі ў жыхароў райцэнтра.

Чытальная зала прыцягвае наведвальнікаў і сваімі тэхнічнымі магчымасцямі. Тут на платнай аснове з дапамогай бібліятэкараў можна выйсці ў інтэрнэт, заламініраваць, адсканіраваць і раздрукаваць матэрыялы. У публічным цэнтры прававой інфармацыі, база якога абнаўляецца штодзённа, вы знойдзеце ўсе заканадаўчыя акты, якія вас цікавяць.

Што вылучае выставу ў чытальнай зале “Тут край мой, вытокі, дарога мая”? Яе інфарматыўнасць. Не трэба перагортваць старонкі, адшукваючы патрэбныя звесткі пра землякоў – ёсць фота, а пад ім канкрэтны подпіс пра вядомых ляхавічан, якія жывуць не толькі ў розных кутках Беларусі, але і за мяжой.

Выстава “Літаратурная Ляхавіччына” знаёміць з творчасцю землякоў, зборнік вершаў якіх у бліжэйшы час супрацоўнікі “чыталкі” плануюць выпусціць.

У бібліятэцы можна не толькі знайсці цікавую кнігу, газету ці часопіс, але і прыняць удзел у шматлікіх мерапрыемствах, якія тут ладзяцца цікава, творча і па разнастайных напрамках. Тут дзейнічаюць клубы “Пошук” і “Лада”. Традыцыйныя і сустрэчы ў літаратурнай гасцёўні.

Аповяд пра купалаўку быў бы няпоўны, калі не згадаць і пра астатнія аддзелы, якія хоць і не адкрыты для наведвальнікаў, але без іх дзейнасць бібліятэкі немагчыма. Гэта аддзелы апрацоўкі і камплектавання, бібліятэчнага маркетынгу, кнігазахоўвання.

У купалаўцы працуюць і заўсёды працавалі людзі творчыя, актыўныя і нераўнадушныя. З 1977 па 1982 год цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму раёна ўзначальвала Марыя Пінчук, 3 дзесяцігоддзі вяла яе верным курсам Ірына Лагун. На заслужаным адпачынку і метадыст Аляксандра Юруць, прафесійнае жыццё якой было звязана толькі з купалаўкай, пра што сведчыць адзіны запіс у яе працоўнай кніжцы. Імя былой загадчыцы метадычнага аддзела ЦБС Тамары Мітрафанавай і сёння з цеплынёй і павагай успамінаюць бібліятэчныя работнікі і заўсёды ёй рады. Не парывае сувязі з калектывам былы прафсаюзны лідар і загадчыца аддзела камплектавання і апрацоўкі Валянціна Пілінога.

Год культуры ў купалаўцы сустракаюць з асаблівым уздымам. Дырэктар ЦБС дзеліцца планамі і ідэямі, сярод якіх арганізаваць у 175-годдзе з дня нараджэння Элаізы Ажэшка ў Флер’янове ажэшкінскія чытанні. Пра гэта марыла і заклікала ў сваіх публікацыях неаднойчы і раёнка.

31 кастрычніка  “ЛВ” пісаў: “А сёння газетчыкі мараць пра працяг і пастараюцца, каб пад кронамі знакамітага дрэва і яго маладзенькіх “нашчадкаў” загучалі вершы і проза сённяшніх літаратараў, спачатку, магчыма, толькі раённых, а потым… Ёсць жа ў Лунінцы “Лунінецкая восень”, чаму б не арганізаваць, напрыклад, “Чытанні ля ажэшкінскага дуба” ў Флер’янове?”.

Вось так і жыве купалаўка – глядзіць у будучыню, не парывае сувязі з мінулым. Хто хоць аднойчы  зазірнуў сюды – абавязкова вяртаецца.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара.

Дырэктар РЦБС Кацярына Жукоўская.

Сваіх пастаянных чытачоў, у тым ліку і Кацярыну Петухову (злева), выдатна ведае бібліятэкар Алена Лойка.

Загадчыца аддзела абслугоўвання Марына Нікіціна

Калектыў абанента і загадчыца бібліобуса (справа) Святлана Станіславовіч

Каля тэматычнай выставы бібліятэкар Алена Чабатарэнка.

Бібліятэкар чытальнай залы Віталія Лагун яшчэ і кіраўнік клуба «Пошук».

Бібліятэкар чытальнай залы Алена Шклянік

Бібліятэкар чытальнай залы Марына Маруцік

Гульні і цацкі для непаседлівых гарэз

Загадчыцы аддзела камплектавання і апрацоўкі Ірыне Брэус шчасціць першай бачыць кніжныя навінкі.

One thought on “Купалаўскія чытанні /фота/

  • 27/01/2016 в 23:44
    Permalink

    Люблю нашу купаловку!Вежливые и отзывчивые сотрудники, нравится атмосфера библиотеки. Книг и журналов действительно очень много. Спасибо!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *