Шчасце па ўласным праекце. Нарадзіць двух сыноў і дачушку, пабудаваць уласны дом і пасадзіць каля яго сад – з гэтай праграмай-мінімум ляхавічане Наўгародскія паспяхова справіліся

Дружная сям’я Наўгародскіх.

Бывае, толькі пазнаёміўся з чалавекам, а, здаецца, ведаеш яго даўно. Упершыню сустрэўшыся з сям’ёй Наўгародскіх, праз  пару мінут размаўляла з імі, як з даўнімі сябрамі, і не было той скаванасці і няёмкасці, якія звычайна прысутнічаюць паміж незнаёмымі людзьмі.

У ляхавічан Марыны і Руслана Наўгародскіх – трое цудоўных дзяцей: сямімесячная Маргарытка шчыра ўсміхаецца і цягне рукі да братоў Даніка і Мікіты, у якіх, калі яны бачаць сястрычку, радасна загараюцца вочы.
– Яна ж у нас адна такая! – у адзін голас сцвярджаюць хлопцы.
Нарадзілася гэта дружная сям’я 12 гадоў назад. Лёс раcпарадзіўся так, што ўсё сышлося ў адзін дзень. Марына да гэтага не была на танцпляцоўцы ў парку райцэнтра, а тады выбралася з сяброўкамі. Выпадкова аказаўся там і Руслан, у якога ў той дзень быў выхадны. 4 гады сяброўства – і для маладых прагучаў марш Мендэльсона. Пачаліся сямейныя будні, напоўненыя клопатам адзін аб адным і пяшчотай. Ён прадстаўнік мужнай прафесіі – выратавальнік, яна медыцынскі работнік. Калі нарадзіўся першынец Данік, не было шчаслівейшых за іх. Праз тры гады ў загсе маладыя бацькі ўжо трымалі пасведчанне на Мікіту. І… сталі марыць пра лапачку-дачку. Лета 2015 года падарыла Рытку-Маргарытку. Яе нараджэнне яшчэ больш з’яднала і ўмацавала сям’ю, якая набыла новы статус – мнагадзетнай. А гэта не толькі правы, але і абавязкі.
– Аказалася, што быць мнагадзетнай маці зусім не цяжка. У мяне 3 такія памочнікі! Яны мая апора. Калі муж на рабоце, поўнасцю разлічваю на сыноў. Для іх клопат пра сястру – у радасць. Канешне, важкая і падтрымка дзяржавы. Акрамя штомесячнай дапамогі на малую, атрымліваем яшчэ даплату на двух старэйшых дзяцей. У суме – істотная прыбаўка да сямейнага бюджэту, – адзначае маладая маці.
Да размовы далучаецца Руслан:
– Як сям’я з трыма дзецьмі, мы вызвалены ад аплаты падатку на зямлю і на нерухомасць, у нашых рабят бясплатнае школьнае харчаванне, падручнікі за палову кошту, – пералічвае ён перавагі мнагадзетнасці.
Але самае галоўнае для Наўгародскіх не фінансавыя бонусы, а тры пары любімых і дарагіх вачанят, з якімі нічога ў жыцці не страшна.
Маленькая прыгажуня Рытачка, як на троне, сядзіць у моцных бацькавых руках і гучна напявае сваю песенку – прынцэса, цэнтр сямейнага сусвету. Данік захапляецца футболам, а Мікіта марыць быць як тата – пажарным.
– Адслужу ў арміі і буду трэніравацца, каб стаць сапраўдным выратавальнікам, – дзеліцца другакласнік.
…Як жа ў Наўгародскіх цёпла і ўтульна! На дварэ зіма, мароз, а ў іх сонечна і без ападкаў. Вялікі дом будавалі талакой. Не так хутка, як хацелася б, але сваімі рукамі, з дапамогай бацькоў і родных. Вельмі дарэчы прыйшоўся льготны крэдыт на будаўніцтва, які атрымала маладая сям’я. Тры гады назад сталі жыць у сваім доме. І нічога, што да поўнага яго ўладкавання яшчэ далёка!
Усё тут робіцца ад душы і з густам. Прадуманы да дробязяў усе дэталі быту. Вялікая сталовая, дзе сям’я збіраецца, светлыя і прасторныя пакоі. Дарэчы, у кожным на сцяне ў рамках сямейныя фатаграфіі і ўзнагароды дзяцей. Залатыя рукі ў гаспадара дома, і гаспадыня на ўсе рукі майстрыха. Да гэтага прывучаюць і дзяцей. Бацька працуе – хлопцы побач. Разам і адпачываюць.
Калі вясной расцвітаюць вішні, яблыні, наваколле напаўняецца чароўным водарам. Марына завіхаецца ў агародзе, Руслан з дзецьмі шчыруюць у садзе. Хоць яны яшчэ і невялікія – Даніку 12, Мікіце 8, – але бацька змалку імкнецца ўсяму іх навучыць.
Разам і пладовыя дрэўцы садзілі. Памочнікі!
Радуюцца ўраджаю, закручваюць агародніну-садавіну ў слоікі на зіму, квасяць капусту.
Канешне, адзін у полі не воін. У іх ёсць моцная падтрымка – родныя. Калі ўся сям’я збіраецца разам, а гэта больш за 15 чалавек, ім ёсць што ўспомніць і пра што пагаварыць. Бабулі і дзядулі душы не чуюць ва ўнуках, і тыя без іх сябе не ўяўляюць. Наогул, у гэтым доме заўсёды рады гасцям, якіх сустракаюць сардэчна і прыветна.
Летам вакол сядзібы палымнеюць кветкі. Да ўсёй іх разнастайнасці летам гаспадыня плануе дабавіць яшчэ маргарытак – спецыяльна для дачушкі.
Калі Марына хадзіла цяжарная, даведаліся, што з нараджэннем немаўляці ім належыць сямейны капітал. Праўда, пакуль не задумваліся, куды патрацяць грошы, 18 гадоў – тэрмін не малы. Тады і вырашыцца, куды іх накіраваць: ці на навучанне, ці на набыццё жылля, ці на іншыя мэты. Сума значная, за гады павялічыцца. Яшчэ адзін плюс мнагадзетнасці.
Бацькі заўважаюць, што з афармленнем сямейнага капіталу праблем не ўзнікла:
– На ўсіх этапах збору дакументаў нас суправаджалі добразычлівыя адносіны. Усё прадумана. Паўгода дастаткова, каб напісаць заяву на назначэнне сямейнага капіталу ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Калі было прынята рашэнне, нам даслалі дадому адпаведнае паведамленне.
З дакументамі звярнуліся ў Беларусбанк з заявай аб адкрыцці дэпазітнага рахунка “Сямейны капітал”. У той жа дзень нам яго і адкрылі. Усё вельмі проста.
Звычайная сям’я. Але ёсць  нешта ў іх асаблівае. Напрыклад, тое, што ў іх ужытку адсутнічае займеннік “я” – яны ў размове пастаянна ўжываюць “мы”. Пэўна, з гэтага адзінства і ўмення радавацца простым рэчам, поспехам адзін аднаго і складаецца формула сямейнага шчасця Наўгародскіх.
З задавальненнем расказваюць пра планы і мары, пра сямейныя традыцыі і святы. Дзень гасцявання ў Наўгародскіх карэспандэнта “ЛВ” супаў з іх двайным святам – днём нараджэння Марыны і ўзнагароджаннем Руслана нагрудным знакам “15 гадоў органам і падраздзяленням, падначаленым МНС Рэспублікі Беларусь”.
Няхай у гэтай цудоўнай добразычлівай пяцёрцы ўсё атрымліваецца!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара
.

Атрымайце   капітал!

Па інфармацыі загадчыцы сектара сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людмілы Ланкуць, з пачатку 2015 года 39 сем’ям на Ляхавіччыне назначаны сямейны капітал.
Права на сямейны капітал даецца аднойчы, і яго маюць грамадзяне Беларусі пры нараджэнні ці ўсынаўленні трэцяга і наступных дзяцей з 1 студзеня 2015 года да 31 снежня 2019 года. Пры гэтым, траім дзецям у сям’і не павінна быць больш за 18 гадоў.  У поўнай сям’і гэты від дзяржаўнай дапамогі назначаецца толькі маці, але бацька і дзеці пры гэтым уключаюцца ў склад сям’і (у будучым яны змогуць скарыстацца сродкамі сямейнага капіталу ў роўных частках ці, па ўзгадненні, адзін з іх). У выключных сітуацыях гэта права пераходзіць да бацькі.
Першым крокам на шляху да назначэння сямейнага капіталу з’яўляецца напісанне заявы ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Гэта неабходна зрабіць на працягу 6 месяцаў з моманту нараджэння дзіцяці. З сабой неабходна мець пералік дакументаў, які вам падкажуць па нумары 2-18-75 ці па адрасе г. Ляхавічы, плошча Леніна 3, кабінет 418. Пасля прыняцця райвыканкамам рашэння аб выдзяленні сямейнага капіталу, неабходна звярнуцца ў Беларусбанк з заявай і дакументамі для адкрыцця дэпазітнага рахунку “Сямейны капітал”.
Нагадаем, сямейны капітал не выдаюць на рукі, сродкі ў памеры 10 тысяч долараў Мінфін пералічвае на дэпазітны рахунак
.

Мужчыны – апора мамы Марыны.

Браты!

Зараз мама праводзіць найбольш часу з маленькай Маргарыткай.

One thought on “Шчасце па ўласным праекце. Нарадзіць двух сыноў і дачушку, пабудаваць уласны дом і пасадзіць каля яго сад – з гэтай праграмай-мінімум ляхавічане Наўгародскія паспяхова справіліся

  • 04/02/2016 в 15:29
    Permalink

    Хорошо, что пишите про многодетные семьи. Прочитал, порадовался за такую замечательную ячейку общества. Успехов вам, Новгородские!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *