Крымінал. Здарэнні Ляхавіччыны

Справа знайшла ”герояў”
Днямі раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу ў адносінах 42-гадовага ляхавічаніна, які яшчэ ў 2014 годзе выкраў у сваёй суседкі веласіпед. Факт быў выяўлены супрацоўнікам міліцыі, і злодзея чакае пакаранне.
Крымінальная справа ўзбуджана і ў адносінах непрацуючых жыхара вёскі Вялікая Лотва і яго баранавіцкага сябра, якія яшчэ 2 студзеня ноччу ў стане алкагольнага ап’янення збілі ляхавічаніна і яго спадарожніка.

Праводзіцца праверка
20 студзеня а палове дванаццатай гадзіны ў аператыўна-дзяжурную службу РАУС паступіла паведамленне ад участковага інспектара пра тое, што на ганку дома ў вёсцы Петухоўшчына знойдзены нежывым вясковец 1960 года нараджэння. Прычына смерці ўстанаўліваецца. РАСК праводзіць праверку.

Вінаваты алкаголь
У сераду падчас сумеснага рэйду АДАІ, групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі РАУС і райінспекцыі Міністэрства па падатках і зборах на аўтадарозе Слуцк – Івацэвічы каля вёскі Тальмінавічы быў затрыманы 45-гадовы непрацуючы гродзенец, які перавозіў у аўтамабілі без суправаджальных дакументаў 100 літраў спіртаўтрымліваючай вадкасці.
У другой палове студзеня непрацуючы жыхар Любеек добраахвотна выдаў праваахоўным органам 70 літраў брагі, вясковец з Петухоўшчыны – 100 літраў, а жыхару Літвы давялося развітацца з самагонным апаратам. На ўсіх складзены адміністрацыйныя пратаколы.
Са зводкамі РАУС знаёмілася
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *