”Авіязавод” ”праляцеў”

Папярэдні этап чэмпіянату вобласці па міні-футболе сярод аматарскіх каманд выходзіць на экватар. У суботу і нядзелю  на паркеце Баранавіцкага спартыўнага комплексу “Атлант” адбудуцца гульні 15-га тура. Гэтым і завяршыцца першы круг спаборніцтва.

У 13-м туры турнірная сетка звяла “Меліяратар” з  камандай Баранавіцкага гарвыканкама.

– Моцны серадняк, з прэтэнзіяй на лідарства, – ахарактарызаваў каманду-саперніцу дырэктар Ляхавіцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм Сяргей Юшкевіч. – Для прыкладу: на момант сустрэчы яна знаходзілася на 4-м радку турнірнай табліцы.

І вось сустрэча. Прынцып ”усе на абарону сваіх варот” стаў ці не асновай тактыкі баранавіцкай каманды. Гэтакі міні-футбольны варыянт вядомага гандбольнага пастраення “шэсць у лінію”. Прарваць лінію ў “Меліяратара” атрымалася ўжо бліжэй да заканчэння першага тайма. Затое двойчы, з мінутным перапынкам. Расклад, які не мог задавальняць баранавіцкіх футбалістаў: жаданне адыграцца прымусіла іх актывізавацца ў атакуючых дзеяннях. Раскрыліся і атрымалі яшчэ 2 галы ў свае вароты. Канчатковы вынік – 4:1 на карысць “Меліяратара”.

У наступным, 14-м туры, “меліяратарам” супрацьстаяў “Авіязавод”. Вядомая ў вузкіх колах мясцовага паркетнага футбола дружына прадстаўляе, як і чытаецца з назвы, не менш вядомае баранавіцкае прадпрыемства па рамонце авіяцыйнай тэхнікі. Гуляюць даволі даўно і досыць паспяхова, у аснове – стабільны склад выканаўцаў і, як працяг таму, добрая камандная практыка і сыгранасць,выканальніцкая тэхніка на вышыні. Вось і ў справаздачным матчы 2 галы ў выкананні “авіятараў” сталі вынікам дакладных, шчыльных дальніх удараў. А на пачатку другога тайма “Меліяратар” прайграваў ужо з лікам 1:3. Трэнер запатрабаваў мінутны перапынак: скарэктавалі тактыку дзеянняў, перанастроіліся.

І праз непрацяглы час ужо “Авіязавод” быў вымушаны даганяць.

Слова Сяргею Юшкевічу:

– Пасля тайм-аўта пайшла іншая гульня. Літаральна за 4 мінуты наша каманда адправіла ў вароты саперніка 3 мячы і павяла 4:3. Пасля забілі яшчэ раз. У імкненні адыграцца сапернікі замянілі варатара палявым іграком. Пайшлі ў наступленне, аднак, усё так і завяршылася – 5:3 на карысць “Меліяратара”. Прыемна адзначыць, што матч выклікаў аншлагавую глядацкую цікавасць. І хоць запоўненая зала падтрымлівала ў асноўным баранавіцкіх футбалістаў, свае апладысменты атрымаў і “Меліяратар”.

Акрамя апладысментаў, каманда Ляхавіцкага ПМС атрымала ў залік і чарговыя 3 ачкі. Іх ужо 38 з 42 магчымых і – другое месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату.

А ў суботу  ўвечары “Меліяратар” правядзе вельмі прынцыповы і ў нечым вызначальны матч. У саперніках лідар спаборніцтва каманда “Баранавічы”.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *