Я – даследчык!

Днямі ў Ляхавічах цікаўныя і дапытлівыя дашкаляты сабраліся на конкурс даследчых работ “Я – даследчык!”. Згадзіцеся, калі глядзіш і слухаеш малых, якія разважаюць, выказваюць свае думкі і робяць высновы, – здзіўляешся, радуешся, захапляешся.
На гэты раз 13 хлопчыкаў і дзяўчынак, выхаванцы ўстаноў дашкольнай адукацыі раёна, прадставілі на конкурс работы па двух намінацыях: ”дзіця і прырода”, ”незвычайнае ў звычайным”. Напрыклад, Агата Фядотава – выхаванка ясляў-сада № 1 г. Ляхавічы – вывучала магчымасці змешвання вады і алею. Доследным шляхам дзяўчынка знайшла рэчыва, якое дазваляе гэта зрабіць! Юная даследчыца атрымала спецыяльны дыплом. У гэтай жа намінацыі за пазнавальныя адносіны да навакольнага асяроддзя былі адзначаны работы Максіма Марахіна з Тухавіцкага дзіцячага садка, Паліны Спірыдонавай з Навасёлкаўскага. Незвычайнае ў звычайным – у лімоне – шукаў Паша Клявец – выхаванец дзіцячага садка № 4 г. Ляхавічы, а Алег Таўпека з Зубелевіцкага садка даследаваў кока-колу і прышоў да высновы, што яна не вельмі карысная для арганізма. Цікавымі былі прэзентацыі ўласных доследаў Ілоны Міклашэвіч з Начы, Ксюшы Жукавай з Ляхавіч (д/с № 2).
Юныя даследчыкі прыемна здзівілі дарослых сваёй зацікаўленасцю, дапытлівасцю і непасрэднасцю. Выяўленне таленавітых дзяцей, стварэнне спрыяльных умоў, якія садзейнічаюць развіццю інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу – адна з асноўных задач сучаснай сістэмы дашкольнай адукацыі. Шлях развіцця асобы дзіцяці праз уласную даследчую практыку, бясспрэчна, адзін з самых эфектыўных.
Ларыса ЛОЙКА,
метадыст вучэбна-метадычнага
кабінета аддзела адукацыі, спорту
і турызму райвыканкама.

Выкарыстаная ілюстрацыя з сайта аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *