Нашы ”Алімпійскія дараванні”

Алімпійскія дараванні з Ляхавіч.

Аднаго толькі дару, атрыманага звыш, зусім не дастаткова, каб трапіць у цеснае кола алімпійскіх дараванняў. Патрэбны настойлівасць у імкненні максімальна развіць свае ўменні і таленты. Гэта дасягаецца напружанай працай, пастаянным пераадоленнем сваёй ляноты. Вельмі важная роля належыць бацькам юнага таленту, яго трэнеру-настаўніку.

На самым фінішы студзеня адбыўся заключны – самы прыемны і ўрачысты – этап абласной акцыі “Алімпійскае дараванне-2015”. Рэалізацыя праекта стала магчымай дзякуючы скааперыраваным дзеянням Прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у Брэсцкай вобласці і ўпраўлення адукацыі Брэсцкага абл-выканкама. Фінальны акорд акцыі прагучаў урачыста-цёплай мелодыяй у канферэнц-зале Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта. Галоўнымі ж героямі фестывалю сталі юныя спартсмены гарадоў і раёнаў вобласці – пераможцы і прызёры рознага кшталту міжнародных і рэспубліканскіх дзіцяча-юнацкіх турніраў. Ганаровымі, паважанымі і адначасова блізкімі гасцямі патэнцыяльных алімпіёнікаў сталі чэмпіёны і прызёры Гульняў, пераможцы сусветных спаборніцтваў на чале з першай зоркай берасцейскага спорту чэмпіёнкай Афін-2004 у спрынтарскім бегу Юліяй Несцярэнка. У кампаніі з “белай маланкай” павіншаваць юных атлетаў прыйшлі сярэбраны прызёр Маскоўскай алімпіяды ў стральбе з лука Барыс Ісачанка, уладальніца бронзавага медаля Алімпіяды-1996 у спаборніцтвах па акадэмічным веславанні Тамара Самахвалава, чэмпіёны свету па гіравым спорце і армрэслінгу Андрэй Шумовіч і Віктар Братчэня. У тым ліку і з рук славутых чэмпіёнаў атрымалі свае ўзнагароды юныя алімпійскія дараванні. Быццам бы адбылася перадача сімвалічнай эстафетнай палачкі з пажаданнямі пранесці яе годна, варта і хутка, не збіцца з дыстанцыі, не згубіцца на нялёгкім шляху да спартыўных і, што важней, чалавечых вяршынь.

Але гэта быў больш позні момант: цырымонія ж стартавала з дэманстрацыі фільма “Раўненне на алімпійцаў”. Карціна раскрывае старонкі гісторыі развіцця алімпійскага руху на Берасцейшчыне. Мовай кіно гледачам нагадалі аб спартсменах-алімпійцах вобласці, спартыўных аб’ектах, на якіх яны, у тым ліку, кавалі сваё спартыўнае майстэрства. У сэнсе наяўнасці і сучаснасці стадыёнаў-арэн-манежаў Брэстчыне ёсць чым пахваліцца. Па насычанасці, разнастайнасці, функцыянальнай аснашчанасці спартпляцовак Брэсту могуць пазайздросціць многія гарады краіны і не толькі. Палац водных відаў спорту, вяслярны канал, палацы гульнявых відаў спорту “Вікторыя” і лядовы, лёгкаатлетычны манеж, стадыён і іншае з’яўляюцца цудоўнай базай як для падрыхтоўкі спартсменаў экстра-класа, так “радавым” фізкультурнікам.

Сертыфікат удзельніка акцыі “Алімпійскія дараванні-2015”, падарункі атрымалі 85 хлопчыкаў і дзяўчынак узростам да 14 гадоў – прадстаўнікі 19 алімпійскіх відаў спорту з усіх рэгіёнаў вобласці. Сярод іх і цудоўная ляхавіцкая “пяцёрка”. Алімпійскімі дараваннямі сталі выхаванцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы футбалістка Анастасія Пабягайла (трэнер – Васілій Бут-Гусаім), лёгкаатлеткі Алеся Давыдава і Яна Касцюк (трэнеры – Андрэй Іванюценка і Алена Ульянава), дзюдаісты Ягор Юруць (трэнер – Віктар Богуш) і Ягор Сірыська (трэнер – Рашыд Байрашэўскі).

“Пропускам” у клуб алімпійскіх дараванняў сталі вікторыі, атрыманыя спартсменамі на высокіх арэнах у мінулым годзе. У складзе каманды вобласці Насця выйграла серабро маладзёжнага першынства краіны. Пры гэтым ляхавічанка заваявала і прэстыжны індывідуальны прыз – стала лепшым бамбардзірам спаборніцтваў. Ягор Юруць запісаў сабе ў актыў рэспубліканскі турнір БФСГ “Дынама” на прызы Заслужанага майстра спорту Віталія Песняка. На заліковым рахунку Ягора Сірыські – адкрыты турнір “Нашы вытокі-2015”.

Лёгкаатлеткі Касцюк і Давыдава пераможна “прайшліся” ў ходзе рэспубліканскіх спаборніцтваў па спартыўнай хадзьбе “Нашы надзеі” на прызы Прадстаўніцтва НАК Рэспублікі Беларусь у Брэсцкай вобласці. На дыстанцыі 1000 метраў Яна фінішавала другой – адразу за сяброўкай па камандзе Алесяй, якая гэту дыстанцыю выйграла.

Прыемны брэсцкі прыём, калі і падкарэкціраваў трэніровачны працэс новаспечаных алімпійскіх дараванняў, то зусім не істотна. Алеся, напрыклад, ужо на наступны дзень эксплуатавала гумовае пакрыццё манежа ДЮСШ. На просьбу падзяліцца ўражаннямі ад прайшоўшага мерапрыемства, адгукнулася імгненна і з жаданнем: ”Спадабалася! Хочацца трапіць туды яшчэ раз. Буду старацца і рабіць усё, каб і на наступны год быць сярод адзначаных. Паглядзела цікавы канцэрт, пагутарыла са знакамітымі спартсменамі. Некаторыя з іх распісаліся на “сваіх” старонках кнігі “Брэстчына алімпійская”, якую нам падарылі. 12-13 лютага ў нас пройдзе адкрытае першынство раёна па лёгкай атлетыцы. Да яго зараз і рыхтуюся”.

Адзін з пакінутых на старонках кнігі аўтографаў утрымлівае наступныя словы-пажаданні: “Алесі ад чэмпіёна свету па гіравым спорце Шумовіча Андрэя. Удачы ў спорце!”. Таго ж і мы зычым нашым юным дараванням.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Яўгенія МІНІЧА.

One thought on “Нашы ”Алімпійскія дараванні”

  • 03/02/2016 в 16:04
    Permalink

    Растим спортсменов. Школьники, а достижения впечатляют. Молодцы тренеры — заметили даровние. Так замечательно, что областной праздник собрал столько звёздочек. Воспоминаний хватит на 10 лет вперёд.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *