Бяспечныя задачы

З пачатку года мясцовыя выратавальнікі 4 разы выязджалі на ліквідацыю пажараў, у агні загінулі 2 чалавекі.

У студзені работнікі РАНС правялі праверку домаўладанняў і прафілактычныя гутаркі ў 249 сем’ях, якія выхоўваюць дзяцей (у тым ліку ў 85 мнагадзетных), у 113 сем’ях сацыяльна неабароненых катэгорый насельніцтва (адзінокія, інваліды). На жаль, устаноўленыя парушэнні гаспадары дамоў не спяшаюцца выпраўляць. Пры паўторных праверках выяўлены 5 парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі ў дамах, дзе жывуць мнагадзетныя сем’і. У 7 домаўладаннях зняты аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі ці ў іх няма батарэек, у 13 выяўлены няспраўныя прыборы ацяплення і парушэнні эксплуатацыі печак, 8 сем’яў карысталіся электраабсталяваннем і бытавымі электрапрыборамі з парушэннямі патрабаванняў бяспекі. Падчас гэтых праверак выяўлены 3 выпадкі сямейнай неўладкаванасці.

Супрацоўнікі РАНС чарговы раз уручылі больш як 600 жыхарам раёна інструкцыі-рэкамендацыі аб неабходнасці захавання мер бяспекі ў жыллі. Па выніках праверак інспекцыяй нагляду і прафілактыкі да парушальнікаў будуць прыняты меры, у тым ліку і адміністрацыйнага ўздзеяння, за парушэнне заканадаўства аб пажарнай бяспецы. Падрыхтаваны матэрыялы для рэагавання і іншым суб’ектам прафілактыкі. Але, перш за ўсё, павінна быць асабістая зацікаўленасць людзей у сваёй бяспецы. У гандлёвай сетцы раёна ў продажы маюцца аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі і элементы сілкавання да іх. АПА можна заказаць і ў паштальёна. Актыўныя кліенты Белдзяржстраху могуць атрымаць апавяшчальнік у падарунак ад мясцовага прадстаўніцтва.

Жыллё павінна быць, у першую чаргу, бяспечным. Работы па ўладкаванні і рамонце пячнога ацяплення, праверцы газавентканалаў у домаўладаннях і кватэрах па заяўках выконваюць Ляхавіцкая ЖКГ, камбінат супрацьпажарных работ г. Баранавічы. Рамонт і замена электраправодкі ў доме – сфера дзейнасці ТАА “Трансэлектракамплект” і камунальнікаў.

Нагадаю, што ў адпаведнасці з законам аб пажарнай бяспецы, уласнікі кватэр, дамоў і кватэранаймальнікі абавязаны прадастаўляць магчымасць адпаведным службам праводзіць пажарна-тэхнічнае абследаванне жылых і падсобных памяшканняў.

Днямі па ініцыятыве выратавальнікаў у Зубелевічах прайшоў сход вяскоўцаў па пытаннях папярэджання пажараў і гібелі на іх людзей. Супрацоўнікі РАНС пазнаёмілі прысутных з аператыўнай сітуацыяй у раёне, падрабязна спыніліся на асноўных прычынах пажараў. Работнікі РАНС звярнулі ўвагу на праблему дзіцячага свавольства з агнём, нагадалі пра адміністрацыйную і крымінальную адказнасць дарослых за пакіданне малых без нагляду. Старшыня раённай арганізацыі Асвода Марыя Цітко нагадала вяскоўцам пра небяспеку знаходжання на лёдзе.

У студзені аператыўныя службы раёна 716 разоў рэагавалі на аварыйныя сітуацыі: зарэгістравана 686 выездаў на ліквідацыю наступстваў снегападаў, 11 – на аднаўленне ліній электраперадач, 8 – на ўзгаранні і аказанне дапамогі насельніцтву… Гэта не поўны пералік зімовых клопатаў, на якіх было задзейнічана больш за 100 чалавек і 42 адзінкі тэхнікі.

Большасць няштатных і надзвычайных сітуацый можна было папярэдзіць.

Валерый РАВІНСКІ,  начальнік РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *