Мулявіну прысвячаецца…

2015-ы ў Беларусі абвешчаны Годам культуры. У студзені ў раёне прайшлі цікавыя мерапрыемствы, у тым ліку звязаныя са знакавымі для культуры Беларусі юбілейнымі датамі. Адно з іх – “Гарыць на небе зорка”, прымеркаванае да 75-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна, прайшло ў ГДК.

Калі пытаюцца ў людзей, што для іх з’яўляецца сімвалам Беларусі, першае, што яны называюць, – белы бусел. За ім ідзе ансамбль «Песняры» і яго таленавіты мастацкі кіраўнік Уладзімір Мулявін. Нарадзіўся ён у Свярдлоўску. Музыкай захапіўся ў 11-гадовым узросце. Гітара стала яго спадарожніцай на ўсё далейшае жыццё. Уладзімір захапіўся фолк-рокам і ў 1969 годзе стварыў гурт «Лявоны», аснова рэпертуару якога – беларуская народная музыка. Яго голас пранізваў душу наскрозь, як пранізваюць гарачыня або холад. Яму верылі заўсёды і вераць цяпер, пра што б ён ні спяваў: пра каханне, пра Беларусь, пра вайну. Ён валодаў голасам асаблівай унутранай сілы і магутнай энергетыкі. Чаго вартыя радкі з яго знакамітай “Малітвы”: «Я буду маліцца і сэрцам, і думамі, распетаю буду маліцца душой…»
Народны артыст СССР, савецкі і беларускі музыкант, спявак, гітарыст, кампазітар, аранжыроўшчык, заснавальнік і мастацкі кіраўнік вакальна-інструментальнага ансамбля ”Песняры” Уладзімір Георгіевіч Мулявін умеў слухаць, што спявае народ, як ён спявае. І гэта нягледзячы на тое, што ён, які стаў амаль што сімвалам нацыянальнай самасвядомасці, не ведаў беларускай мовы, але вучыў яе, каб разумець і спяваць беларускамоўныя тэксты сваім выдатным голасам. Ён, рок-музыкант, амаль інтуітыўна перакладаў на свой лад фальклорныя словы і мелодыі.
“Песняры” былі ўдзельнікамі і пераможцамі шматлікіх міжнародных фестываляў, якія збіралі тысячы гледачоў у вялікіх гарадах, але не цураліся выступленняў у невялікіх райцэнтрах і вёсках.
Гэту і іншую цікавую інфармацыю пра Песняра пастараліся перадаць усім гледачам, якіх сабралася поўная зала. Канешне ж, гучала непаўторная музыка Мулявіна, канцэрт у яго гонар складаўся з самых любімых твораў.
Распачаў народны акадэмічны хор настаўнікаў (на здымку), у яго выкананні прагучала ўсімі вядомая песня “Белавежская пушча”, затым гучалі “Рэкрут”, “Ручнікі”, “Княжна”, “Волагда”, “Чырвоная ружа” і іншыя музычныя творы.
На працягу ўсяго канцэрта ў зале панавала атмасфера дабрыні, чысціні і нават адчуванне прысутнасці самога маэстра. А самадзейныя артысты імкнуліся перадаць усю мілагучнасць і самабытнасць твораў, якія напісаў Уладзімір Мулявін.
Юрый ГРЫНЬ,
дырэктар раённага
метадычнага цэнтра.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *