Мая крэпасць?

У аддзеле архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама днямі разглядалася заява жыхара райцэнтра з просьбай дазволіць правядзенне перапланіроўкі ў нядаўна пабудаванай кватэры ў шматпавярховым доме, а менавіта перанесці перагародку і такім чынам павялічыць плошчу аднаго з пакояў. Спецыяльная камісія, якая выехала па ўказаным адрасе, зрабіла выснову: плануемыя змены ў першапачатковым праекце не парушаць будаўнічых, супрацьпажарных, санітарна-эпідэміялагічных і іншых патрабаванняў. Так што, верагодна, заяўнік атрымае дазвол на заказ праектна-каштарыснай дакументацыі і правядзенне работ. Парадак дзеянняў у падобнай сітуацыі рэгламентуе пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 384 ад 16 мая 2013 г.
“Аб некаторых пытаннях пераўладкавання і перапланіроўкі, устаноўкі на дахах і фасадах шматкватэрных жылых дамоў індывідуальных антэн і іншых канструкцый, рэканструкцыі жылых і (або) нежылых памяшканняў у шматкватэрных, блакіраваных жылых дамах, аднакватэрных жылых дамах, а таксама нежылых капітальных пабудоў на прыдамавой тэрыторыі”.

Аднак, як зазначае галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Алена Міклашэвіч, нямала выпадкаў, калі перабудовы і перапланіроўкі, усякага роду рамонтна-будаўнічыя работы ўласнікі праводзяць самастойна, без дазволаў, узгадненняў, праектных дакументаў і тэхнічных экспертыз. Такое самавольства можа стварыць нязручнасці і небяспеку не толькі для перабудоўшчыка, але і для ўсіх жыльцоў дома.

– У райвыканкам звярнуліся прадстаўнікі ЖБК-5, якія паведамілі пра несанкцыянаваныя рамонтна-будаўнічыя работы, што, на іх думку, парушылі сістэму ацяплення, і цяпер цэлы пад’езд мае праблемы…, – расказвае Алена Міклашэвіч. – І такі зварот не адзінкавы: самавольныя перабудовы хвалююць жыльцоў многіх шматкватэрнікаў райцэнтра. Па кожным звароце праводзіцца праверка, прымаюцца адпаведныя меры.

Усім уладальнікам жылплошчы, асабліва ў шматкватэрных дамах, трэба памятаць: любыя будаўнічыя работы павінны быць санкцыянаванымі. Галоўны спецыяліст аддзела зазначае, што забараняюцца перабудова або перапланіроўка жылля з парушэннем будаўнічых, супрацьпажарных, санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, а таксама тыя, што прыводзяць да зніжэння нясучай здольнасці фундаментаў, сцен, калон, балак, перакрыццяў, падпорак, дахаў, парушаюць гідра-, пара-, цепла- і гукаізаляцыю, бія- і вогнестойкасць нясучых і агароджваючых канструкцый. Нельга рабіць перабудовы і перапланіроўкі, якія могуць парушыць рэжым работы сістэм дыма- і газавыдалення, параметры работы інжынерна-тэхнічнага абсталявання дома або памяшкання, вентыляцыйных шахтаў і каналаў.

Вельмі часта людзі імкнуцца перарабіць балконы ці лоджыі ў памяшканні з ацяпленнем. Аднак гэта катэгарычна забараняецца, як і рабіць перабудовы, звяза-ныя з уладкаваннем жылых памяшканняў без натуральнага асвятлення, устанаўліваць перагародкі, якія трапляюць у аконныя праёмы.

У кожным доме разлічаны інжынерныя нагрузкі, звязаныя з гарачым водазабеспячэннем, цэнтральным ацяпленнем, электратэхнічным абсталяваннем. Але нашы “ўмельцы” часта самі прымаюць рашэнне і павялічваюць колькасць радыятараў ацяплення, замест ваннаў устанаўліваюць джакузі і г.д. Гэта прыводзіць да перавышэння праектных інжынерных нагрузак на памяшканне, і такое самавольства можа выклікаць сур’ёзныя праблемы ва ўсім доме. Без узгаднення са спецыяльнай камісіяй нельга мяняць нават архітэктурнае і каляровае рашэнне фасада жылога дома.

Калі ёсць намер зрабіць у кватэры перабудову ці перапланіроўку, то яго трэба ўзгадніць – атрымаць дазвол мясцовага выканаўчага і распарадчага органа. Для гэтага падаецца заява і пэўны пакет дакументаў, спецыяльнай камісіі забяспечваецца свабодны доступ у памяшканне.

– Узгадненне выдаецца ў выпадку, калі задуманая перабудова ці перапланіроўка не ўплывае на бяспеку эксплуатуемага памяшкання і будзе выканана ў адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнічных нарматыўных прававых актаў, – тлумачыць Алена Міклашэвіч. – На аснове складзеных актаў тэхнічнага агляду мясцовы выканаўчы і распарадчы орган не пазней месяца з дня падачы заявы прымае рашэнне аб узгадненні (дазволе) ініцыяванай заяўнікам перабудовы або перапланіроўкі ці аб адмове ў правядзенні работ. Калі недазволеныя работы ўжо выкананы, то вызначаецца тэрмін, да якога ўсё прыводзіцца ў ранейшы стан асобай, якая зрабіла гэтую перабудову, або за яе кошт.

Не лішнім будзе нагадаць, што ў перыяд правядзення перабудовы або перапланіроўкі ў шматкватэрным доме забараняецца выконваць работы, якія ствараюць шум ці вібрацыю, у выхадныя і святочныя дні, а таксама пачынаць такія работы раней за 9 гадзін і заканчваць іх пазней за 19 у рабочыя дні. Нельга загрувашчваць і забруджваць будаўнічымі матэрыяламі і іх адходамі калідоры, лесвічныя маршы і пляцоўкі, праходы, запасныя выхады і іншыя дапаможныя памяшканні жылога дома.

Трэба памятаць, што ўсе грамадзяне, якія самавольна, без узгадненняў праводзяць перабудовы ці перапланіроўкі, выконваюць дазволеныя работы неахайна, парушаючы камфортнае пражыванне іншых, нясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам.

Аліна ЛАПІЧ.

Выкарыстана ілюстрацыя.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *