Задачы для СМІ: пашырэнне прысутнасці і аб’ектыўнасць

Міністр інфармацыі Лілія Ананіч на калегіі ведамства

Работа па пашырэнні кантэнту і прысутнасці ў інфармацыйнай прасторы – асноўная задача сродкаў масавай інфармацыі, заявіла 4 лютага журналістам міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч перад пачаткам калегіі ведамства.
«СМІ трэба больш эфектыўна працаваць па галоўнай тэме – кантэнце. Гэта распаўсюджваецца на мультымедыйную прастору, кінапрастору, тэлебачанне. Напрыклад, тэлебачанне сёння значна шырэйшае, чым проста трансляцыя па тэлевізары. Планшэт, спадарожнік, камп’ютар – гэта таксама сродкі для распаўсюджвання тэлебачання. Укараненне тэлебачання высокай выразнасці HD – таксама задача на 2016-2020 гады. Таму ўменне працаваць ва ўсіх асяроддзях – та задача, якая будзе ставіцца перад СМІ ў бліжэйшы час», – сказала Лілія Ананіч.

Гаворачы аб друкаваных СМІ, міністр адзначыла, што яны практычна самаакупныя, гэта больш як 90 рэгіянальных СМІ. Але важная і работа з чытачом, падкрэсліла Лілія Ананіч. Друкаваным СМІ таксама важна нарошчваць інтэрнэт-кантэнт, у тым ліку ў сацыяльных сетках.

Паводле слоў міністра, даследаванні паказваюць, што тэлебачанне з’яўляецца лідарам па ўплыве на грамадскую думку. Больш як 60 працэнтаў аўдыторыі належыць тэлебачанню, 40 працэнтаў – у інтэрнэту, 20 працэнтаў – у газет.

«СМІ павінны кансалідаваць грамадства, паказваць усё, што адбываецца ў краіне. І дзе трэба, аргументавана даваць адпор усім выдумкам, спекуляцыям, якія з’яўляюцца ў інфармацыйным процістаянні, калі зрушыліся патокі, зрушыліся краіны», – рэзюмавала кіраўнік ведамства.

«Перад электроннымі СМІ стаіць важнейшая задача па інфармацыйным процідзеянні дэструктыўнаму ўплыву на грамадскую думку», – сказала Лілія Ананіч.

«У 2015 годзе былі прыняты рашэнні аб абмежаванні доступу да 41 інфармацыйнага рэсурсу, размешчанага ў інтэрнэце. Да чатырох з іх доступ адноўлены пасля ўстаранення выяўленых парушэнняў», – адзначыла Лілія Ананіч.

У тым ліку, паводле яе слоў, інфармацыйныя рэсурсы былі заблакіраваны за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама інфармацыі, накіраванай на рэалізацыю наркатычных сродкаў, за неналежную рэкламу лякарстваў, прапаганду дзіцячай парнаграфіі, рэкламу алкагольных напіткаў.

Акрамя таго, вынесена 36 папярэджанняў рэдакцыям друкаваных СМІ.  «Мінінфарм і ў далейшым будзе патрабаваць ад усіх удзельнікаў інфармацыйнага поля выканання заканадаўства», – падкрэсліла кіраўнік ведамства.

Як адзначыла міністр, важным вынікам развіцця сферы тэлевяшчання ў 2015 годзе з’явіўся яе поўны пераход на лічбавае эфірнае вяшчанне, даступнае 99,5 працэнта насельніцтва краіны, а агульнадаступны пакет папоўніўся яшчэ адным папулярным у краіне спартыўным тэлеканалам «Беларусь 5».

Акрамя таго, атрымала развіццё рэгіянальнае тэлебачанне.  «Новыя тэхналагічныя магчымасці дыктуюць і новыя падыходы ў развіцці тэлевяшчання. Па сутнасці, тэлебачанне ўжо не толькі тэлеэкран – гэта і кабель, і спадарожнік, і мабільныя платформы, і JPTV, і яшчэ добры дзясятак найноўшых тэрмінаў. Усё гэта можна аб’яднаць паняццем «шматэкранны прагляд» (тэлевізары, планшэты, камп’ютары, смартфоны)», – звярнула ўвагу Лілія Ананіч.

«У стратэгіі развіцця нацыянальнага тэлевяшчання на перыяд да 2020 года (гэты дакумент падрыхтаваны і ў бліжэйшы час будзе дэталёва адпрацаваны і зацверджаны) галоўным прыярытэтам павінна стаць тэхналагічная трансфармацыя. Улічваючы, што пераважная колькасць гледачоў тэлевізійны кантэнт атрымлівае праз кабельныя сеткі і IP-тэлебачанне, гэты фармат вяшчання неабходна ўкараняць і дзяржаўным тэлекампаніям», – падкрэсліла міністр. Прыклад такога вяшчання ў беларускім эфіры ўжо ёсць – тэлеканал «МІР HD».

Лілія Ананіч нагадала, што век праваднога радыё скончыўся, і ў сувязі з гэтым ужо неаднаразова абмяркоўваліся напрамкі і формы развіцця рэгіянальнага радыёвяшчання. У краіне на сёння большасць рэдакцый дзяржаўнага рэгіянальнага радыёвяшчання (92 радыёпраграмы) – структуры, што ўваходзяць у склад раённых газет, у якіх адсутнічае магчымасць стварэння паўнацэннай эфірнай радыёстанцыі са сваім частотным рэсурсам, студыяй, радыйным абсталяваннем і г.д.

«Пасля адключэння праваднога радыё асноўная маса мясцовых радыёстудый страціла тэхналагічную пляцоўку для радыёвяшчання», – сказала міністр. Гэта звязана з тым, што так званыя ўразанні ў эфір Першага канала Беларускага радыё супярэчаць беларускаму заканадаўству ў частцы выкарыстання радыёчастот, а таксама бюджэтнай палітыцы краіны. «Першы канал Беларускага радыё не можа ўспрымацца як калектыўнае мясцовае радыёвяшчанне, і разам з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі, Міністэрствам інфармацыі, аблвыканкамамі мы павінны па кожным рэгіёне дэталёва разабрацца і зразумець, як будзем арганізоўваць мясцовае радыёвяшчанне», – падкрэсліла Лілія Ананіч.

Меркаванні

Наталля Качанава,  намеснік   Прэм’ер-міністра:
«У краіне даволі шырокае прадстаўніцтва на інфармацыйнай прасторы, і важна, каб СМІ даносілі аб’ектыўную інфармацыю да грама-дзян.
Часам, на жаль, бываюць такія выпадкі, калі інфармацыя падаецца недакладна, выхопліваюцца з кантэксту асобныя фразы, і вакол гэтага выбудоўваецца нейкая палеміка. Ёсць дзяржаўныя СМІ, якія дакладна ведаюць інфармацыю, што прадастаўляецца дзяржаўнымі органамі для таго, каб данесці да чытачоў нашай краіны».
Павел Якубовіч, галоўны рэдактар  газеты «СБ.
Беларусь сегодня»:
«Інтэрнэт неабходна звярнуць на службу грамадству. Самыя вострыя пытанні ў сферы сродкаў масавай інфармацыі – гэта інтэрнэт. Інтэрнэт становіцца адным з самых буйных і эфектыўных рычагоў уздзеяння на грамадскую думку, яе фарміраванне. Інтэрнэт з’яўляецца і мабілізацыйным фактарам, але ў многім яшчэ і расколвае грамадства, сее бескультур’е, цынізм у пэўным сэнсе.
Гэта праблема не толькі Беларусі, але і іншых краін, Украіны, Расіі і Еўропы. Трэба, каб інтэрнэт стаў магутным рычагом, дзе людзі могуць выказаць сваю думку. Але пры гэтым важна, каб гэта не пераходзіла ў канфрантацыйныя схваткі ў грамадстве».

Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *