Для здароўя медыцыны

Новае абсталяванне значна дапамагае ў дакладнай дыягностыцы, адзначае загадчык аддзялення рэнтгенаўскай дыягностыкі Сяргей Памазанскі

Гавораць, што за грошы можна набыць многае, толькі не здароўе. Таму сярод шматлікіх пажаданняў менавіта яно заўсёды на  першым месцы.  Развіццю сістэмы аховы здароўя, павышэнню якасці медыцынскага абслугоўвання ў раёне надаецца вялікая ўвага.

Падарункам для ўсіх ляхавічан 2 гады назад стала рэканструяваная мадэрнізаваная паліклініка. Перавагі наваселля зараз адчуваюць і медперсанал, і пацыенты. З абласнога бюджэту на гэтыя мэты было выдзелена амаль 28 мільярдаў рублёў.
Наогул, за апошнія 5 гадоў на капітальны і бягучы рамонт цэнтральнай раённай бальніцы і сельскіх медустаноў з бюджэтаў розных узроўняў накіравана больш за 41,5 мільярда рублёў. Адрамантаваны гінекалагічнае, неўралагічнае, інфекцыйнае аддзяленні ЦРБ, праведзены капрамонт даху галоўнага корпуса райбальніцы, старыя аконныя блокі заменены на энергазберагальныя і г.д. Вядзецца капітальны рамонт сістэмы каналізацыі і водазабеспячэння ЦРБ.
Не застаюцца без увагі і сельскія медустановы. Часткова заменены вокны ў Альхоўскай урачэбнай амбулаторыі, зроблены бягучы рамонт Тухавіцкай, Падлескай УА, Жарабковіцкага і Русінавіцкага ФАПаў, заменены кацёл у Рачканскім фельчарска-акушэрскім пункце.
Сур’ёзныя сумы з бюджэту выдаткоўваюцца і на набыццё медыцынскага абсталявання. Толькі за апошнюю пяцігодку на гэтыя мэты выкарыстана больш за 4,6 мільярда рублёў.
Абноўкі прыйшліся дарэчы аддзяленню хуткай медыцынскай дапамогі. Аператыўнасць часта з’яўляецца вырашальнай у аказанні хуткай меддапамогі, таму траспартнаму забеспячэнню аддзялення надаецца асаблівая ўвага. З 2010 года аўтапарк “хуткай” папоўнілі 3 новыя аўтамабілі. Закуплены праграмны комплекс “Выклік-103”, заменена радыёабсталяванне.
Напрыканцы 2015 года завершаны капітальны рамонт рэнтгенкабінета ЦРБ, у якім устаноўлена новая дыягнастычная апаратура. Плюсы сучаснага рэнтгенадыягнастычнага комплексу “Уніэксперт 3 плюс” ляхавічане паспелі ўжо ацаніць. Сёлета, расказвае выконваючы абавязкі галоўнага ўрача ЦРБ Міхаіл Куляшоў, рамонт з заменай абсталявання чакае флюараграфічны кабінет паліклінікі. Зараз рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя.  На ўсё гэта накіроўваюцца вялікія бюджэтныя сродкі.
Для таго, каб знізіць бюджэтныя расходы і пры гэтым палепшыць якасць медабслугоўвання, працягваецца аптымізацыя сеткі медустаноў: скарачаюцца нерацыянальна выкарыстоўваемыя ложкі, а вызваленыя сродкі накіроўваюцца на развіццё амбулаторна-паліклінічнай дапамогі.
Сацыяльныя стандарты па абслугоўванні насельніцтва прадугледжваюць функцыянаванне 9 ложка-месцаў на тысячу чалавек насельніцтва. У нас пакуль перабор –12,1 ложка-месца. Такая сітуацыя стварае дадатковую – і немалую – нагрузку на бюджэт. Бо тое, што для пацыентаў не каштуе ні капейкі, дзяржаве абыходзіцца ў круглую суму. Напрыклад, выезд брыгады хуткай медыцынскай дапамогі ў сярэднім каштуе больш за 400 тысяч рублёў. Сярэдні кошт аднаго ложка-дня ў хірургічным аддзяленні – 436 тысяч, тэрапеўтычным – 290, неўралагічным – 343, гінекалагічным – 375, інфекцыйным – 794, аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі – 1863 тысячы рублёў.
За мінулы год у тэрапеўтычным аддзяленні пралячыліся 1850 пацыентаў, хірургічным – 1914, а ў аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі атрымалі меддапамогу 646 чалавек. Сумы атрымліваюцца зусім не сімвалічныя!
У многіх выпадках куды танней, а часцяком і не менш эфектыўна можна лячыцца амбулаторна. Адно наведванне ўрача ў паліклініцы каштуе бюджэту ўсяго каля 78 тысяч рублёў, а наведванне ўрачом пацыента на даму і наогул 67 тысяч. Амбулаторна-паліклінічная дапамога, на якую летась было накіравана больш за палову ўсіх сродкаў, выдзеленых на ахову здароўя раёна, становіцца прыярытэтным напрамкам у аказанні меддапамогі. Дарэчы, калі да рамонту паліклініка магла прыняць у змену 350 пацыентаў, то зараз – 420.
Трэба сказаць, што важкія ўкладанні ў медыцыну прыносяць свой плён. У раёне павялічылася колькасць нараджэнняў – з 288 у 2014 годзе да 314 у 2015, адсутнічае дзіцячая смяротнасць. Адзначаецца зніжэнне паказчыка смяротнасці ў працаздольным узросце.
Безумоўна, не ўсё залежыць ад медыкаў. Не апошнюю ролю ў дэмаграфічнай сітуацыі адыгрываюць нашы адносіны да ўласнага здароўя, прыхільнасць да здаровага ладу жыцця. Многія хваробы, і гэта не сакрэт, прасцей і танней папярэдзіць, чым лячыць.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Факт

Па інфармацыі ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама, Брэстчына ў 2015 годзе дасягнула лепшых у рэспубліцы сярод абласцей дэмаграфічных паказчыкаў: высокай застаецца нараджальнасць, зніжаецца паказчык смяротнасці, што абумовіла натуральны прырост насельніцтва.
Гэта, між іншым, не прыходзіць само. У ахову здароўя ўкладваюцца значныя бюджэтныя сродкі: на выплату зарплат медыкам, на медабсталяванне, рэканструкцыю і мадэрнізацыю медыцынскіх устаноў, адкрыццё новых.
Летась завершана будаўніцтва хірургічнага корпуса абласнога анкадыспансера, уведзены ў строй гінекалагічны корпус Баранавіцкага раддома.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *