У кватэры калонка? Чакайце газаўшчыкоў

У сувязі з трагедыяй, якая адбылася напрыканцы студзеня ў Барысаве, супрацоўнікі газазабеспячальных арганізацый па ўсёй краіне правяраюць водагазанагравальныя прыборы. Пазачарговае абследаванне, якое ў нашым раёне пачалося 30 студзеня, прадоўжыцца амаль да канца лютага. За гэты час газаўшчыкі ацэняць тэхнічны стан эксплуатуемага воданагравальнага газавыкарыстальнага абсталявання, устаноўленага ў шматкватэрным жылым фондзе.
Як расказаў начальнік раёна газазабеспячэння Ігар Чвыр, усяго ў горадзе, аграгарадках, вёсках у зону асаблівай увагі трапяць 1546 кватэр. Газаўшчыкі правяраюць наяўнасць цягі і спраўнасць газавых калонак. Па стане на 3 лютага 8 газавых калонак былі адключаны з-за няспраўнасці аўтаматыкі бяспекі ці заканчэння тэрмінаў эксплуатацыі, яшчэ 2 – па прычыне адсутнасці цягі.
Калі падчас пазапланавай праверкі (пра яе паведамляецца папярэдне – на дзвярах пад’ездаў размяшчаецца аб’ява) гаспадароў не аказваецца дома, ім прапануецца патэлефанаваць у газавую службу і ўзгадніць іншы час для праверкі. Адначасова праводзіцца пазачарговы інструктаж насельніцтва па правілах карыстання газам у быту.
На гэтым тыдні адбылося пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях пры райвыканкаме, на якім абмяркоўвалася і правядзенне работ па праверцы газавентыляцыйных каналаў у ведамасным жыллі і прыватных домаўладаннях. Па выніках пасяджэння падрыхтавана адпаведнае рашэнне.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *