Аўтарытэт нават для хуліганаў

Без перабольшвання, старшага ўчастковага інспектара па справах  неп­аўналетніх РАУС Дзмітрыя Дыдышку ведаюць амаль усе школьнікі раёна. Для іх ён не проста міліцыянер, а старэйшы таварыш, які па-бацькоўску настаўляе, падказвае, перасцерагае ад неабдуманых учынкаў. Знайсці агульную мову з падлеткамі, тым больш не з самымі ўзорнымі паводзінамі, – няпроста, але ў яго атрымліваецца.  Тое, што будзе насіць міліцэйскія пагоны, некалі нават і не ўяўляў, пасля школы выбраў зусім іншую прафесію.
Вялікае жаданне быць на варце правапарадку з’явілася пасля службы ў арміі. Яно прывяло ў Магілёўскую школу міліцыі.

17 гадоў назад лейтэнанта Дыдышку назначылі ўчастковым у Ганчароўскім і Куршынавіцкім сельсаветах. Той вопыт, калі даводзілася самастойна вырашаць самыя розныя пытанні, прымаць адзіна правільныя рашэнні, стаў сапраўднай школай жыцця.   Сённяшняя яго пасада адрозніваецца ад папярэдняй толькі, мабыць, узростам падапечных і тым, што яшчэ больш унікліва даводзіцца ставіцца да праблем зусім чужых людзей. Служба дні і ночы – гэта і пра ўчастковага інспектара па справах непаўналетніх. У зоне яго адказнасці не толькі цяжкія падлеткі, але і праблемныя сем’і. Прафілактычныя індывідуальныя гутаркі, сустрэчы ў школах, вырашэнне канфліктных сітуацый, самы актыўны ўдзел у лёсе дзяцей з неўладкаваных сем’яў, прапаганда законапаслухмяных паводзін і іншыя міліцэйскія клопаты – штодзённая работа, якая патрабуе цярпення, сіл, часу, часцяком і пазарабочага.
– У нашай справе важна своечасова выявіць, распазнаць, не спазніцца. На гэта працуюць усе мае калегі і непасрэдныя памочнікі – педагогі школ, супрацоўнікі сельвыканкамаў і многія іншыя, – адзначае ўчастковы інспектар ІСН і радуецца, калі гора-бацькі становяцца на шлях выпраўлення, абураецца, калі бачыць п’яным падлетка.
Колькім ён дапамог за 12 гадоў зразумець, што такое добра, а што – дрэнна. Убачыўшы Дзмітрыя Іванавіча на вуліцы, былыя хуліганы часта дзякуюць яму за тое, што ў патрэбны час спыніў, працягнуў ім руку дапамогі, падтрымаў.
На абласной калегіі УУС прозвішча Дзмітрыя Дыдышкі гучала сярод лепшых інспектараў па справах непаўналетніх. Пераходны прыз імя Таццяны Астаф’евай і прызнанне лепшым па прафесіі – не выпадковыя. Гэта заслужаная ацэнка яго нераўнадушнай работы і прафесіяналізму.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Аўтарытэт нават для хуліганаў

  • 09/02/2016 в 22:20
    Permalink

    Дмитрия Ивановича знаю давно. Замечательный и очень ответственный человек. Всегда корректный и доброжелательный, умеет найти общий язык с подростками. Настоящий участковый инспектор! Поздравляю с наградой!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *