Не стань ахвярай

Пра ВІЧ і СНІД ведаюць і дарослыя, і падлеткі. Але, на жаль, валоданне дастатковай інфармацыяй не змяншае колькасці новых выпадкаў ВІЧ-інфіцыравання. Пра гэту праблему чалавецтва, яе наступствы разважалі гімназісты-старша-класнікі і настаўнікі.

Алёна ГОРБІК:
— Многія думаюць, што гэта небяспечная хвароба ніколі іх не закране, і не прымаюць ніякіх мер, каб ухіліцца ад заражэння. Гэта вельмі неабачліва.

Наталля КАЛБАСА:
— Моладзь стала больш разняволенай. Паглядзіце, колькі юнакоў (ды і дзяўчат) “сябруюць” з алкаголем і наркотыкамі, ім абыякава ўласнае здароўе, галоўнае – атрымаць “кайф”, а будучыня зусім не хвалюе.

Вераніка КОЗЕЛ:
— Людзі не разумеюць, што хвароба можа закрануць кожнага: і таго, хто вядзе амаральны лад жыцця, і таго, хто жыве побач з “амаральшчыкамі” ці кантактуе з імі.

Алена НОВІК:
— На маю думку, захварэўшых становіцца больш, таму што амаль кожны лічыць: з ім нічога дрэннага здарыцца не можа. А колькасць людзей, якія жывуць у свеце ўседазволенасці і распусты, не змяншаецца.

Анастасія ГАНЧУК:
— Мне, напрыклад, страшна ад думкі, што з-за памылкі медработнікаў ці па прычыне парушэння санітарна-гігіенічных нормаў у медустановах ці цырульнях, касметалагічных кабінетах, можна раптам быць інфіцыраванай ВІЧ. А колькі людзей у свеце ўжо трапілі ў такую сітуацыю? Я спачуваю ім. А вось да наркаманаў мае адносіны адмоўныя, яны не толькі сабе наносяць шкоду, але і тым, хто побач, і грамадству ўвогуле. Вельмі хочацца, каб маладыя людзі клапаціліся пра сваё здароўе: і фізічнае, і маральнае, якое патрабуе абачлівых паводзін, чакалі сапраўднага кахання і былі верныя свайму партнёру. Толькі з такіх пазіцый можна пазбегнуць рызыкі заражэння ВІЧ.

Марына ПІВАВАР, настаўніца хіміі:
— Мы павінны памятаць, што жывём не толькі для сябе. Таму такія якасці чалавека як прыстойнасць, адказнасць ва ўзаемаадносінах дапамогуць пазбегнуць гэтай страшнай хваробы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *