“Хачу быць лепшай…”

Наталля Дашкевіч – выпускніца гімназіі 2004 года – асоба яркая, творчая. Яшчэ ў школьныя гады яна праводзіла ўрокі па гуманітарным праве, была рэдактарам “Дзянніцы”. Дзяўчына лавіла кожнае слова настаўнікаў, старалася дабіцца сваёй мэты – стаць настаўніцай і вярнуцца ў сваю родную гімназію ўжо ў новай якасці. І гэта ёй ўдалося. Наталля Дашкевіч – госць “Дзянніцы”.
— Наталля, раскажы, калі ласка, як прайшлі першыя месяцы ў якасці настаўніцы англійскай мовы.
— Спакойна і … цікава. У Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце, дыплом якога я атрымала, метадычная і педагагічная практыка пачынаецца ўжо на ІІ курсе, таму непасрэдна само выкладанне англійскай мовы праблем не выклікала. Вельмі хвалявалася напярэдадні 1 верасня, калі павінна была адбыцца першая сустрэча з вучнямі і іх бацькамі. Я рада, што дастойна вытрымала і гэты экзамен. Спадзяюся, што мае рабяты мне давяраюць, і я ім патрэбна.
— Чым захапляецца маладая настаўніца ў вольны час?
— Маё галоўнае захапленне не змянілася са школьных гадоў. Як і раней, з вялікім задавальненнем чытаю. Цяпер перавагу аддаю англійскай і амерыканскай літаратуры. Прыхільнікам англійскай мовы раю пачытаць Джона Грышэма, Нікі Фрэнч, Нікаласа Спаркса…
— А чым запомнілася работа ў нашай “Дзянніцы”?
— Самыя яскравыя ўражанні былі звязаны з выхадам нумара ў друк. Гэта сапраўды чаканая сустрэча з цудам, своеасаблівы доказ таго, што ідэі і мары сталі рэальнасцю. Для гэтага неабходна верыць у свае сілы і многа працаваць. Я верыла і карпатліва рыхтавала артыкулы ў кожны нумар.
— Многія сёлетнія выпускнікі яшчэ вагаюцца ў выбары будучай прафесіі. Ты можаш ім што-небудзь параіць?
— Раю не рабіць таго, у чым не ўпэўнены. Лічу, што чалавеку, які выбраў свой шлях, парады не патрэбны. На маю думку, сярод настаўнікаў і ўрачоў не павінна быць “выпадковых” людзей. Бо ад прадстаўнікоў гэтых прафесій залежыць здароўе нашай нацыі – фізічнае, псіхічнае і інтэлектуальнае.
— Наталля, як ты можаш акрэсліць сваё жыццёвае крэда?
— Быць лепшай. Развівацца і самаўдасканальвацца. Як толькі чалавек адчувае задаволенасць сабой і вырашае спыніцца на пэўнай (якой бы высокай яна ні была) пры-ступцы свайго жыцця, ён не толькі не ідзе наперад у развіцці, але і адступае на многа крокаў назад. Менавіта таму мне “не хапіла” толькі вышэйшай адукацыі, і я паступіла ў магістратуру, а на летнія канікулы запланавала вывучэнне іспанскай мовы.
Чытачам “Дзянніцы” жадаю добрага настрою, бо з усмешкай на вуснах усе справы ладзяцца.
Гутарыла Тамара ШАСТАКОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *