Белы халат – гэта не страшна

Работа з дзецьмі патрабуе, акрамя прафесійных ведаў, яшчэ і іншых абавязковых якасцяў – дабрыні, адказнасці і ўважлівасці. А каб бацькі маглі спакойна даверыць сваіх сыночкаў і дачушак дзіцячаму саду, там павінны працаваць не толькі добрыя выхавальнікі і клапатлівыя нянечкі, але і вопытны медыцынскі работнік, які любіць дзяцей, разумее іх, здольны знайсці агульную мову і супакоіць нават самых капрызных. Як, напрыклад, медыцынская сястра дзіцячага сада  № 1 у райцэнтры Наталля Гуляева.

Клопатаў у медсястры дзіцячага сада хапае, увесь дзень распісаны літаральна па хвілінах. Трэба паспець кожную раніцу агледзець дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў, раз у тыдзень – усіх астатніх выхаванцаў, а яшчэ – праверыць чысціню ў памяшканнях, распісаць меню на наступны дзень, яна ў адказе і за якасць прыгатаванай поварамі ежы. Стан здароўя дзяцей і персаналу, правядзенне зарадкі і працэдур загартоўвання, прагулак, фізкультурных і музычных заняткаў, на якіх рабяты шмат рухаюцца, – таксама ў зоне ўвагі медсястры. Яна вядзе дзённік здароўя дашкалят, сочыць за своечасовасцю атрымання прышчэпак, ведае імя, прозвішча і характар усіх тутэйшых выхаванцаў (сёння ў 11 групах садка займаюцца 184 дашкольнікі).

– У нашым дзіцячым садзе асаблівая ўвага надаецца ўмацаванню здароўя дзетак. Не апошнюю ролю ў гэтым адыгрывае харчаванне. У штодзённым меню падчас абеду трэцяя страва – вітамінізаваная, абавязкова прысутнічаюць у меню салаты са свежай агародніны, некалькі разоў на тыдзень – рыба, тварог і стравы з яго. Каб умацаваць дзіцячы імунітэт, уключылі ў рацыён напітак з шыпшыны. Выхаванцы яго вельмі любяць, – расказвае пра здаровае харчаванне ў дашкольнай установе Наталля Гуляева.

Калі раптам спатрэбіцца, Наталля Яўгеньеўна, як і любы медработнік, прафесійна акажа   першую медыцынскую дапамогу, бо дзеці ёсць дзеці, і падрапаныя каленкі ў садку здараюцца. У яе  добрых руках нават зялёнка не здаецца страшнай.

Дарэчы, на сваёй пасадзе Наталля Гуляева ўжо тры дзесяцігоддзі, так што сёння назірае і за дзецьмі некаторых сваіх колішніх падапечных.  За веды, якімі медсястра з гатоўнасцю дзеліцца з іншымі, прафесіяналізм, любоў да выхаванцаў, узаемавыручку яе паважаюць калегі, а дзеці заўсёды са шчырай усмешкай вітаюцца з Наталляй Яўгеньеўнай – яны зусім не баяцца белага халата і без апаскі заходзяць у медкабінет.

Большасць бацькоў, якія аддаюць сваё дзіця ў дашкольную ўстанову, сутыкаецца з адной і той жа праблемай: малыш пачынае хварэць. Ці можна і ў дзіцячым садзе пазбегнуць частых прастуд і іншых інфекцый? Ёсць свае сакрэты і парады на гэты конт у Наталлі Гуляевай:

– Дастаткова выкарыстоўваць некалькі простых правіл. Абавязкова трэба гуляць з дзіцем на свежым паветры, уключаць у рацыён прадукты з утрыманнем усіх неабходных вітамінаў і мінеральных рэчываў. Ні ў якім разе нельга ствараць “цяплічныя ўмовы”, не трэба ўхутваць малога падчас прагулак ці наводзіць дома стэрыльную чысціню. Лепш, калі дзіця больш кантактуе з равеснікамі – гэта карысна і ў плане сацыяльнага развіцця.

У дзіцячым садзе № 1 адаптацыі новенькіх надаецца значная ўвага – робіцца ўсё магчымае, каб дзеткам тут падабалася, каб яны з радасцю спяшаліся кожную раніцу ў сваю групу. А пра камфорт, утульнасць, цікавыя заняткі, вясёлыя гульні, смачны і карысны абед, умацаванне здароўя паклапоцяцца дарослыя – выхавальнікі, іх памочнікі, повары і медсястра.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *