Прачнуліся і пакусалі

Калі яшчэ некалькі гадоў назад кляшчы нагадвалі пра сябе ў сакавіку-красавіку, то апошнім часам яны актывізуюцца значна раней. І сёлета цёплае надвор’е апошніх тыдняў паспрыяла таму, што кляшчы пачалі яшчэ ўзімку выходзіць “у свет”. Як паведаміў урач-эпідэміёлаг райЦГіЭ Васілій Скараход, першы на Брэстчыне выпадак укусу зарэгістраваны ў апошні дзень студзеня. Бацькі знайшлі крыва-смока на целе 8-гадовага сына, які вярнуўся з прагулкі. Лабараторнае даследаванне паказала, што насякомае было заражана лайм-барэліёзам. Яшчэ адной ахвярай стаў жыхар Брэсцкага раёна, які выгульваў сабаку.

У нашым раёне зімніх нападзенняў крывасмокаў на людзей пакуль не зафіксавана. Разам з тым, як зазначае ўрач-эпідэміёлаг, трэба быць гатовымі да такой малапрыемнай і небяспечнай сустрэчы: захоўваць меры прафілактыкі, галоўная з якіх – абавязковы агляд сябе падчас і пасля прагулкі ў лесе, парку, скверах ці візіту на дачу.

У мінулым годзе 88 жыхароў Ляхавіцкага раёна звярнуліся за меддапамогай пасля сустрэчы з кляшчамі, у 5 з іх быў дыягнаставаны лайм-барэліёз, усе яны прайшлі лячэнне супраць інфекцыі.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *