Ёсць прыёмы супраць хваробы-маланкі

Нягледзячы на прымаемыя меры, штогод у нашай краіне рэгіструюцца выпадкі менінгакокавай інфекцыі. У мінулым годзе на Брэстчыне з  9 зарэгістраваных выпадкаў 2 мелі лятальны канец.Крыніца інфекцыі – хворы ці бактэрыяносьбіт (чалавек сам не хварэе, але можа заражаць тых, хто побач). Прычым, колькасць “здаровых” носьбітаў у сотні разоў перавышае колькасць хворых. Найменш абароненыя перад інфекцыяй дзеці.

Менінгакок актывізуецца падчас уздыму захворвання вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі і грыпам. Узбуджальнік перадаецца паветрана-кропельным шляхам падчас кашлю, чхання, пры размове ці пацалунку, трапляе на слізістую абалонку насаглоткі і размнажаецца ў ёй. Першыя прыкметы хваробы такія ж, як і ў звычайнай прастуды. Захворванне ўзнікае праз 1-10 дзён ад моманту заражэння. Адрозніваюць дзве клінічныя формы менінгакокавай інфекцыі: лакалізаваную (запаленне слізістай абалонкі носа і глоткі – назафарынгіт) і генералізаваную (калі менінгакок трапляе ў кроў). Часта крыніцай інфекцыі для дзіцяці становяцца бацькі ці блізкія сваякі, якія, недаацаніўшы свой стан (здавалася б, лёгкую прастуду), працягваюць быць побач з малым, такім чынам падвяргаючы яго смяротнай небяспецы.

Востры назафарынгіт праяўляецца наступнымі сімптомамі: закладзены нос, насмарк, павышэнне тэмпературы цела, галаўны боль, кашаль, пяршэнне і боль у горле. Пры такой форме звычайна праз 3-5 дзён наступае выздараўленне.

Калі ж імунная сістэма чалавека аслаблена, мікроб трапляе ў кроў, і тады развіваецца цяжкая форма інфекцыі – менінгакакцэмія. Пры генералізаваных формах інфекцыі захворванне пачынаецца востра (напрыклад, дзіця кладзецца спаць поўнасцю здаровым, а ноччу нечакана становіцца неспакойным), з павышэння тэмпературы цела на працягу гадзіны да 39-40 градусаў, моцнага галаўнога болю, які не здымаецца звычайнымі абязбольвальнымі прэпаратамі. Боль становіцца такім  нясцерпным, што дарослыя хворыя стогнуць, а дзеці плачуць і крычаць. Праз 5-6 гадзін магчыма шматразовая рвота, якая не прыносіць хвораму палёгкі.

Самы грозны сімптом – з’яўленне сыпу на нагах і руках, які не знікае пры націсканні. Светла-ружовыя зорачкі на працягу першых сутак з’яўляюцца ў 80 працэнтаў хворых, сып хутка павялічваецца. Пры яго з’яўленні тэрмінова выклікайце доктара, бо захворванне хутка прагрэсіруе і можа закончыцца смерцю. Небяспека такой формы менінгіту ў тым, што можа развіцца таксіка-септычны шок з-за кровазліцця ў жыццёва важныя органы, у першую чаргу – у наднырачнікі, што становіцца прычынай смерці ў 5-10 працэнтаў захварэўшых дзяцей. Таму, чым хутчэй бацькі звернуцца за меддапамогай, і чым раней будзе пастаўлены правільны дыягназ, тым больш шанцаў выратаваць хворага. І ні ў якім разе не варта адмаўляцца ад шпіталізацыі, займацца самалячэннем, спрабаваць збіваць тэмпературу з дапамогай лекаў ці народных сродкаў ці чакаць, што ўсё пройдзе само.

Для прафілактыкі трэба як мага часцей гуляць на свежым паветры, пазбягаць паездак у грамадскім транспарце і наведвання тых месцаў, дзе збіраецца шмат людзей (магазіны, рынкі і г.д.). Паколькі ўзбуджальнік няўстойлівы ў знешнім асяроддзі, нялішнімі будуць праветрыванне, вільготнае прыбіранне пакояў з прымяненнем дэзынфіцыруючых сродкаў, выкарыстанне бактэрыцыдных лямпаў для абеззаражвання паветра. Паўнацэннае і збалансаванае харчаванне, узбагачанае вітамінамі і мікраэлементамі, заняткі спортам, загартоўванне садзейнічаюць устойлівасці арганізма да інфекцый.

Віталій ЦІХАНАЎ,

галоўны дзяржаўны

санітарны ўрач раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *