Катарбінскія: родам з Дарава

Род Катарбінскіх належыць да ліку тыпічных беларускіх шляхецкіх прозвішчаў. Вялікім багаццем яны не валодалі, затое маглі пахваліцца сваёй радаслоўнай і арыстакратычнымі традыцыямі. Іменна пра такіх людзей пісаў у сваім бессмяротным “Пане Тадэвушы” Адам Міцкевіч, яны таксама нечым нагадваюць герояў твораў класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. На працягу некалькіх стагоддзяў гісторыя гэтай сям’і была цесна звязана з вёскай Дарава, што ў Ляхавіцкім раёне.
У невялікім гарадку Кентшын недалёка ад польска-германскай мяжы пражывае зараз прамы нашчадак роду Катарбінскіх па мацярынскай лініі. Імя яго Вальдэмар Станкевіч. Ужо многія гады Вальдэмар цікавіцца геніялогіяй, збірае матэрыялы, якія датычацца гісторыі яго продкаў. Падчас электроннай перапіскі ён згадзіўся прадаставіць аўтару некаторыя вельмі цікаўныя матэрыялы з асабістага архіву. Для зручнасці мы разаб’ём іх на некалькі сямейных гісторый.

Мы з Дарава.
Сямейныя паданні гавораць, што Катарбінскія гаспадарылі ў Дараве ўжо з ХVІІІ стагоддзя, з’яўляліся адным з даўніх шляхецкіх родаў Ляхавіччыны. У адрозненне ад вёскі, іх фамільны маёнтак называўся Старое Дарава. Разам з астатнімі жыхарамі гэтай мясцовасці Катарбінскім даводзілася перажываць няпростыя часы. Спачатку гэты край быў закрануты пажарам Паўночнай вайны, потым, у 1812 годзе, праз Беларусь на Маскву праходзілі напалеонаўскія палкі. У 1863 годзе многія беларускія шляхціцы падвяргаліся ганенням за ўдзел у выхаванні супраць царскай улады. Нарэшце, страшныя бедствы прынесла Першая сусветная (імперыялістычная) вайна. У час кожнага з гэтых ваенных катаклізмаў маёнтак Катарбінскіх разбураўся замежнымі салдатамі. Кожны новы ўладальнік маёнтка вымушаны быў літаральна з попелу адраджаць сядзібу. Вядома, што ўжо ў першай палове ХІХ стагоддзя ўладальнікам дараўскай сядзібы быў Людвіг Андрэевіч Катарбінскі (1815-1880). Прытрымліваючыся сямейных традыцый, ён жаніўся на дзяўчыне з роду Межыеўскіх, з якімі яго бацькі знаходзіліся ў сяброўскіх адносінах. Людвігу і яго жонцы Ідаліі належалі даволі значныя зямельныя ўладанні, якія ўключалі вёскі Зарэчча, Галавачы, Карані, Хвездзюкі, Сакуны і Галавачы. Аднак пасля рэформы 1861 года, якая адмяніла прыгоннае права, мясцовыя сяляне выкупілі ў Катарбінскіх частку зямельных угоддзяў. Спадчыну атрымаў сын Лювіга Катарбінскага Часлаў (1858-1910). Як бацькі, Часлаў Катарбінскі пахаваны на старых могілках у вёсцы Дарава. Апошнім уладальнікам радавога маёнтка стаў яго наследнік Мечыслаў.

2. Мечыслаў і Сафія
Мечыславу Катарбінскаму не ўдалося атрымаць асалоду ад жыцця правінцыяльнага арыстакрата. Пачалася Першая сусветная вайна, і Мечыслаў быў уцягнуты ў яе вадаварот. Некалькі гадоў ён правёў на франтах, атрымаў цяжкую кантузію і вярнуўся дадому толькі пасля 1920 года. Бацькоўскі дом быў спалены ў гады вайны і на яго папялішчы прыйшлося будаваць новы, высаджваць новы сад. Сядзіба Катарбінскага не была сапраўдным палацам, хутчэй, вялікім домам з усімі выгодамі.
Хутка Мечыслаў пазнаёміўся з Сафіяй Рачкевіч, з якой шчасліва пражыў аж да пачатку новай сусветнай вайны. Пра гэтую жанчыну варта расказаць асобна. Яе бацькі жылі ў Нясвіжы. Бацька Сафіі быў дваранінам, меў слабасць да азартных гульняў, і, у рэшце рэшт, прайграў у карты свой маёнтак. Брат, якога звалі Аляксандрам, страціўшы надзею на спадчыну, працаваў на пошце. У 23 гады Сафія была выдадзена замуж за мужчыну па прозвішчы Дамброўскі, які быў значна старэйшы за яе і меў ужо чацвярых дзяцей. Хутка пасля вяселля Сафія зразумела, што не падыходзіць для ролі клапатлівай нянькі, тым больш, што ад яе пастаянна ўтойваліся памеры маёмасці мужа. Маладая жанчына вярнулася ў дом бацькі. Шлюб распаўся, аднак у сувязі з негатыўнымі адносінамі грамадства да разводаў, муж і жонка афіцыйна не разводзіліся. Праз год пасля вяселля ў Сафіі нарадзілася дачка Леакадзія. У 1926 годзе Сафія рашыла звязаць сваё жыццё з Мечыславам Катарбінскім, добрым знаёмым яе бацькоў. За выключэннем розніцы ва ўзросце, перашкод для адносін не існавала, але кансерватыўныя сваякі Мечыслава адмовіліся прызнаць гэты нефармальны саюз. 28 жніўня 1928 года ў Мечыслава і Сафіі нарадзілася дачка Аліна. Катарбінскі душы не чуў у гэтым доўгачаканым дзіцяці, усяляк песціў яе, на святы браў з сабой у госці да сваіх суседзяў. Хутка ў маленькай Аліны з’явілася ўласная гувернантка. Калі Леакадзія і Аліна падраслі, іх аддалі вучыцца ў суседнія Баранавічы.
Мечыслаў і Сафія былі вельмі гасціннымі гаспадарамі. Толькі Каляды, калі дарогі часта заносіла снегам, Катарбінскія святкавалі ў сямейным коле. На астатнія святы ў доме заўсёды было шмат гасцей. Велікодныя святы часам працягваліся ў Старым Дараве да двух тыдняў. Сафія славілася сваімі кулінарнымі здольнасцямі і кожны раз здзіўляла гасцей багатым шведскім сталом. Блізкімі сябрамі сям’і былі дырэктар Дараўскай школы па прозвішчы Войцік, мясцовы свяшчэннік Станіслаў Шэплевіч, землеўладальнік Станіслаў Чыж.
У дваццатых-трыццатых гадах Мечыслаў Катарбінскі заняўся актыўнай грамадскай дзейнасцю, уваходзіў у састаў Дваранскага саюза, меў шмат знаёмых у ваенным асяроддзі. Яго сувязі спатрэбіліся пазней пры будаўніцтве касцёла ў вёсцы Дарава: па просьбе Катарбінскага дапамогу ва ўзвядзенні храма аказалі салдаты і афіцэры баранавіцкага гарнізона. У 1935 годзе ў Мечыслава Катарбінскага спыняліся на начлег польскія сапёры, якія ўзводзілі ў раёне бліжніх вёсак абарончыя ўмацаванні (некаторыя з гэтых бетонных бункераў можна бачыць па сённяшні дзень).
Ціхае размеранае жыццё працягвалася да пачатку Другой сусветнай вайны, якая перавярнула лёсы Катарбінскіх. Мечыслаў, прызваны ў армію, прапаў без вестак.

Аліна і Вальдэмар
Сафіі і яе дочкам удалося перажыць страшную вайну. У час фашысцкай акупацыі яны хаваліся ў сваіх знаёмых у Баранавічах. А ў 1945 годзе сям’я пераехала на пастаяннае жыхарства ў Кентшын. Хутка пасля пераезду памерла ад перажытага Сафія. Яе дачка Аліна выйшла замуж за Вальдэмара Станкевіча, у 1949 годзе нарадзіўся сын, якога ў гонар бацькі таксама назвалі Вальдэмарам. Яму ўдалося скласці геніялагічнае дрэва сваёй сям’і і сабраць багаты матэрыял пра продкаў.
Падрыхтаваў Дзмітрый МІРАЎ.

One thought on “Катарбінскія: родам з Дарава

  • 11/04/2011 в 13:55
    Permalink

    //Іменна пра такіх людзей пісаў у сваім бессмяротным “Пане Тадэвушы”…//

    Здаецца, замест «Іменна» патрэбна «Менавіта» пісаць, ци не?

    Падазронае таксама слова «свяшчэннік » ды яшчэ пара-тройка русізмаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *