Дарога для талентаў

Музычны дуэт у складзе Людмілы Грыб і Міраслава Бародкі.

У непаўторны, ні з чым не параўнальны свет, дзе цудоўныя гукі музыкі спалучаюцца з летуценнымі па танцораў, а фарбы, як па ўзмаху чароўнай палачкі, ператвараюцца ў пейзажы і нацюрморты на мальбертах, штодня спяшаюцца выхаванцы Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў. У гэтым навучальным годзе 434 хлопчыкі і дзяўчынкі асвойваюць тут азы нотнай граматы і ігры на музычных інструментах, спрабуюць сябе ў ролі спевакоў і танцораў, вучацца праз малюнкі перадаваць настрой.
А разумець прыгожае, бачыць яго ў звычайным і звыклым дапамагаюць рабятам іх старэйшыя сябры – настаўнікі. Дарэчы, многія з 40 сённяшніх выкладчыкаў – і самі былыя выпускнікі школы мастацтваў.

Больш за 10 гадоў працуе тут настаўнікам па класе акардэона Людміла Грыб. Не аднаму дзясятку сваіх вучняў яна раскрыла тайны ігры на гэтым шматгалосым інструменце. Цяпер майстэрству ігры на акардэоне ў Людмілы Іванаўны вучацца 9 хлопчыкаў і дзяўчынак. Такі неабходны і ў культурнай справе кантакт “вучань – настаўнік” наладжваецца з першых сумесных урокаў. Вопытны і апантаны сваёй справай педагог пераканана: кожнае дзіця – таленавітае, галоўнае – знайсці ключык да яго здольнасцей і інтарэсаў.
На ўроках у Людмілы Грыб заўсёды пануе атмасфера камфорту і добразычлівасці, натхнення і творчасці. А многія вучні, дзякуючы свайму педагогу, па-сапраўднаму захапляюцца музыкай.
Акрамя выкладчыцкай дзейнасці, у Людмілы Іванаўны – багатае канцэртнае жыццё. Яна – удзельніца народнага аркестра народных інструментаў выкладчыкаў школы мастацтваў.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *