Усё магчыма! Са стадыёнаў і спорт-пляцовак пачынаецца не толькі здаровы лад жыцця, але і шлях да алімпійскіх медалёў. У гэтым пераконвае і прыклад землякоў-ляхавічан

На арэнах становіцца цішэй. Не абавязкова быць аналітыкам ад спорту, каб пераканацца ў гэтым факце. На жаль, няма ўжо той спартыўнай масавасці, калі кожны другі гарадскі двор, любая вясковая пустка ад цямна да цямна “функцыянавалі” ў рэжыме стадыёна. У многіх секцыях, спартшколах замест колішняга канкурэнтнага адбору выхаванцаў практыкуецца банальны набор.Фізічнай культуры і спорту ў жыцці грамадства, у тым ліку і нашага раёна, стала відавочна менш. Але – прыемная супярэчнасць – спартсменаў, якія годна прадстаўляюць Ляхавіччыну на спаборніцтвах самага высокага ўзроўню, менш не становіцца. Гэтыя радкі – як яшчэ адзін “дзякуй” у іх адрас, як словы павагі, як запрашэнне іншым: калі ласка, на стадыён. І як напамін – усё магчыма!

За 2015 год атлеты Ляхавіччыны запісалі на свой рахунак не адну вікторыю – перамагалі і станавіліся прызёрамі сусветных, еўрапейскіх, рэспубліканскіх спаборніцтваў.
Поспех мелі і дарослыя спартсмены, і юніёры, і тыя, хто выступае пакуль у юнацкіх разрадах.
Па-сапраўднаму годам трыумфу стаў 2015 для Сняжаны Зубко. На рахунку нашай зямлячкі (нарадзілася Сняжана ў вёсцы Галаўнінцы) золата чэмпіянату Еўропы, якое было заваявана ў сакавіку на турніры ў Чэхіі і сярэбраны медаль сусветнага чэмпіянату, што праводзіўся ў чэрвені ў фінскім горадзе Сала. Да гэтага выпускніца Крывошынскай сярэдняй школы 2009 года выйграла рэспубліканскі чэмпіянат па класічным паўэрліфтынгу, што і стала пропускам на міжнародныя памосты. Што ж гэта за спорт? Сілавое трохбор’е, якое ўключае ў сябе прысяданне са штангай, жым яе ж ад грудзей у становішчы “лежачы” і станавую цягу. Лепшыя вызначаюцца па суме паднятых кілаграмаў. Напрыклад, у Чэхіі, выступаючы ў вагавай катэгорыі “мінус 72” Сняжана паказала наступныя “кілаграмы”: 172,5; 82,5; 190 адпаведна.
А пачыналася ўсё з урокаў фізкультуры, якія Сняжане і яе аднакласнікам “даваў” выкладчык Яраслаў Зубік. Як прызналася майстар спорту Рэспублікі Беларусь, іменна настаўнік “блаславіў” і даў старт да сур’ёзных заняткаў спортам. Зараз выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры пражывае ў Мінску, актыўна трэніруецца – рыхтуецца ўжо ў сакавіку на турніры ў Таліне абараніць тытул еўрапейскай чэмпіёнкі.
Для бронзавага прызёра Паралімпійскіх гульняў – 2010 па лыжных гонках, майстра спорту міжнароднага класа Дзмітрыя Лобана і год мінулы выдаўся багатым на падзеі, эмоцыі, папоўніў медальную скарбонку паралімпійца шэрагам узнагарод са спаборніцтваў высокага міжнароднага ўзроўню. Нагадаем, што за прайшоўшы пасля паралімпійскага поспеху час у дадатак да чыстых лыж, якім аддаваў перавагу, Дзмітрый асвоіў і біятлон, стаў выступаць у спаборніцтвах па гэтым відзе інваспорту. Перакваліфікацыя аказалася не дарэмнай: пайшлі вынікі, прыйшлі перамогі. Так, у мінулым сакавіку Дзмітрый стартаваў на этапе Кубка свету па біятлоне. Гонка атрымалася: з Нарвегіі ўраджэнец Ганчароў вярнуўся бронзавым прызёрам. На самым фінішы года, у снежні ўкраінскі Львоў прымаў адзін з этапаў Кубка Еўропы. Гэта быў ужо не біятлон, а лыжны спорт. На адной з дыстанцый роднай для сябе дысцыпліны нашаму земляку не было роўных.
Як і сілавое трохбор’е, любы з зімовых відаў спорту, акадэмічнае веславанне з’яўляецца для нашага раёна, далікатна кажучы, няпрофільным відам спорту. Тым не менш, і тут ёсць імя, якое хочацца назваць, якім можна ганарыцца, прыводзіць у якасці прыкладу спартыўнай паспяховасці. Канешне, у выпадку з Багданам Чудуком можна гаварыць аб шанцаванні, спасылацца на ўдалы ход абставін. Але ж, класіка жыццёвага жанру: шанцы выпадаюць кожнаму. Важна адчуць іх, заўважыць і скарыстацца момантам.
Нарадзіўся Багдан у вёсцы Галавачы, вучыўся ў Конькаўскім ДС-СШ. Як расказала настаўнік фізічнай культуры і здароўя ўстановы Алена Чайкоўская, аднойчы ў школу патэлефанавалі з пытаннем-просьбай аб дапамозе ў пошуках кандыдата для заняткаў акадэмічным веславаннем. Маўляў, каб і рост, і прапорцыі, і “фізіка”… Фізрук і парэкамендавала звярнуць увагу на дзевяцікласніка. Гэта быў старт, а, пачынаючы з 10 класа, агульнаадукацыйнай і спартыўнай школай для Багдана стала Гомельскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву. Ад спецыялістаў іменна гэтага цэнтра і быў той лёсавызначальны званок. Іменна яны ангажыравалі юнака і зрабілі з яго весляра-чэмпіёна. Але будзем дакладнымі: Багдан пакуль толькі кантынентальны віцэ-чэмпіён. У чэрвені на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы па акадэмічным веславанні ў чэшскім горадзе Рачыца беларуская лодка-чацвёрка распашная фінішавала другой. У складзе экіпажа веславаў і наш Багдан. Зараз юнаку 19, ён студэнт і, будзем верыць, усё толькі пачынаецца.
Дзюдо, лёгкая атлетыка, гандбол, футбол – спорт для ляхавічан і жыхароў раёна з разраду крокавай даступнасці. Дастаткова пераадолець невялікую адлегласць у накірунку мясцовай ДЮСШ і – калі ласка: перад юным і таленавітым адкрываюцца перспектывы. Калі не чэмпіёнскія (гэта ўсё ж вялікі эксклюзіў), то проста спартыўныя, здаровыя, што зусім нямала. Але ж мы пра першых, тых для каго Ляхавіччына стала стартавай пляцоўкай у высокі спорт.
Уладзіслаў Цярпіцкі яшчэ не геній дзюдо. Але, здаецца, шлях трымае ў гэтым накірунку. Каб пералічыць толькі мінулагодні медальны збор спартсмена, спатрэбіцца нямала газетнай плошчы і высокіх дзеясловаў. Задаволімся некаторымі найбольш яркімі і блізкімі па часе. Май – пераможца ўніверсіяды Рэспублікі Беларусь па самба і трэці прызёр юніёрскага Кубка Еўропы па дзюдо. З “бронзай” вярнуўся Уладзіслаў і з Чэхіі, дзе ў чэрвені праходзілі аналагічныя спаборніцтвы. На стыку верасня-кастрычніка ў Аўстрыі маладыя – да 21 года – дзюдаісты разыгрывалі каманднае першынство Еўропы. Беларусы сталі трэцімі, а цяжкую вагавую катэгорыю “закрываў” у камандзе Улад Цярпіцкі. Іменна аўстрыйскі выхад на татамі стаў падставай для назначэння яму стыпендыі Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Трэніруецца член Нацыянальнай зборнай пад кіраўніцтвам мэтра цэха, уладальніка 8 дана дзюдо Сямёна Гуманава. А пачынаў у Ляхавіцкай ДЮСШ, у Віктара Богуша.
Са спартшколы, з урокаў трэнера-выкладчыка Алены Ульянавай пачынаўся бег бар’ерысткі Крысціны Гачко. Працягам стала вучоба ў рэспубліканскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Былі старты – на розных арэнах і ў розных узростах, перамогі. У якасці аднаго з прыкладаў удалага мінулагодняга выступлення Крысціны назавём другое месца на Мемарыяле братоў Знаменскіх. Вядомы і адзін са старэйшых міжнародных лёгкаатлетычных турніраў праходзіў у падмаскоўным Жукоўскім у мінулагоднім ліпені. “Сярэбранымі” для Крысціны сталі 100 метраў з бар’ерамі. Яе вынік – 13,44 секунды.
Аб нядаўнім поспеху Дзмітрыя Равінскага ўзгадвалася ў мінулым выпуску ”Ляхавіцкага весніка”: Магілёў, першынство краіны, два старты – дзве вікторыі. Спецыялізуецца Дзіма ў бегу на сярэднія дыстанцыі. 1500 і 800 метраў з’яўляюцца яго стыхіяй. Дыстанцыя патрабуе як стаерскай вынослівасці, так і характэрных спрынтарам скорасна-сілавых якасцяў. Прэтэндаваць на высокае месца на 800-метроўцы можна толькі пры ўменні падтрымліваць высокі тэмп на працягу ўсёй дыстанцыі і пры гэтым захаваць сілы для фінішнага рыўка. У Равінскага атрымліваецца, і не толькі ў доўгім спрынце. У маі Дзмітрый выйграў Усебеларускі крос на прызы газеты “Советская Белоруссия”, у чэрвені – на двух дыстанцыях рэспубліканскія Алімпійскія дні моладзі, у кастрычніку – рэспубліканскі асенні крос. І ўсё гэта – у свае яшчэ нават не 18. Першыя ж крокі па бегавой дарожцы Дзмітрый зрабіў на асфальце бегавога авала ляхавіцкага ”Коласа” пад кіраўніцтвам трэнераў-выкладчыкаў Андрэя Іванюценкі і Алены Ульянавай.
Так званыя гульнявыя віды спорту адрознівае відовішчнасць, эмацыянальнасць, папулярнасць. Як балельшчыцкая, так і сярод жадаючых займацца імі. Для апошніх Ляхавіцкая ДЮСШ можа прапанаваць гандбол з футболам. У свой час з мэтай навучыцца прыручаць ручны мяч у ДЮСШ да трэнера Аксаны Лойка прыйшлі сёстры Ірына і Алёна Трызна. Прыручылі. Мінулы сезон Ірына правяла ў брэсцкай камандзе “Бярэсце”. Была адной з лепшых не толькі ў складзе каманды, атрымала адзін з індывідуальных прызоў па выніках чэмпіянату Беларусі. Працягвае гульнявую кар’еру ў расійскім Краснадары, уваходзіць у склад зборнай краіны.
Відавочна, што малодшая Алёна імкнецца, як мінімум, не адстаць ад сястры. Гуляе за Гродна, абараняе ў чэмпіянаце краіны гонар мясцовай “Гараднічанкі”.
Ну і футбол – спорт нумар адзін. У нашым варыянце яго не жаночая нават, а дзявочая версія. Ужо некалькі гадоў пад патранатам ФІФА праводзіцца маладзёжнае першынство Рэспублікі Беларусь па футболе сярод дзяўчат. Удзельнічаюць рознаўзроставыя каманды абласцей і горада Мінска. Наш інтарэс у нашым поспеху: каманда Брэстчыны ў складзе дзяўчынак 2003-2004 года нараджэння стала летась другім прызёрам першынства. Да   сярэбранага поспеху тую каманду “вялі” ляхавічане. Літаральна: вучаніца гімназіі і выхаванка ДЮСШ Анастасія Пабягайла ў якасці капітана, а Васілій Бут-Гусаім – трэнера. Што адметна, і каманды, і яе капітана.
Андрэй КУРКАЧ,
Заслужаны трэнер БССР.
Іван КАВАЛЕНКА,
карэспандэнт “ЛВ”.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА
і з архіва ДЮСШ.

Дзмітрый Лобан

Ірына Трызна

Алена Трызна

Уладзіслаў Цярпіцкі

Дзмітрый Равінскі

Крысціна Гачко

Сняжана Зубко

Анастасія Пабягайла

Багдан Чудук

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *