Каб мець, трэба працаваць

Па традыцыі чарговы агульны сход працаўнікоў СВК “Жарабковічы” пачаўся з хвіліны маўчання: прысутныя ўшанавалі памяць землякоў, якія летась пайшлі з жыцця.

Са справаздачай за 2015 год выступіў старшыня гаспадаркі Віталій Бусько. Ён нагадаў поспехі, якіх дасягнуў кааператыў. Першае месца ў вобласці па ўраджайнасці збожжавых культур – 83,3 цэнтнера з гектара ў бункернай вазе – такі быў хлебны каравай. Валавы збор збожжа склаў 24857 тон. Асабліва шчодрай аказалася падлеская ніва, дзе намалацілі 5633 тоны зерня. Парадаваў ураджай цукровых буракоў – 500 цэнтнераў з гектара, добрай урадзіла бульба. Наогул, рэнтабельнасць раслінаводчай галіны склала 41,3 працэнта.

Аднак, як зазначыў старшыня, вынікі работы маглі б быць яшчэ больш унушальнымі. Не пашанцавала з кукурузай: не выспела летась зерне, і ўсе 1400 гектараў гэтай культуры былі скошаны на сілас. Хоць і нарыхтаваныя кармы заўсёды дарэчы: лішкі можна выгадна прадаць. Няма асаблівага попыту на бульбу, гаспадарка гатова рэалізаваць 290 тон клубняў, толькі б знайшліся спажыўцы.

Сярод задач, пастаўленых перад агранамічнай службай СВК, – больш увагі надаваць травам, перазалужэнню ўгоддзяў, захаванню тэхналогій вырошчвання культур, у тым ліку запраўцы глебы арганічнымі і мінеральнымі ўгнаеннямі. Дарэчы, і ў “Жарабковічах” мінеральныя тукі ў дэфіцыце: на складах захоўваецца прыкладна на 2,5 мільярда рублёў, але для такой маштабнай гаспадаркі гэтага мала, асабліва фосфарных угнаенняў. А фінансаў не заўсёды хапае: трэба купіць і насенне траў, кукурузы, толькі на рамонт тэхнікі спатрэбілася каля 12 мільярдаў рублёў, дабавіць медыкаменты для жывёл…

Дарэчы, іменна ў жывёлагадоўлі мінулы год паклаў пачатак вялікім пераменам. Будуецца новы малочны комплекс з даільнай залай у Жарабковічах. Неўзабаве чарговыя 2 кароўнікі будуць заселены цялушкамі. Штодня на малаказавод адпраўляецца прыкладна 6 тон малака гатунку экстра. І, як лічыць старшыня, летам упаўне можна павялічыць гэты паказчык удвая. Падставы для такіх планаў дае тое, што ў жывёлагадоўлі наогул склаўся добры калектыў. Абавязковасцю, стараннасцю вызначаюцца даяркі Людміла Кудзін, Ірына Вайцяховіч, Лідзія Чаркас, Марына Марчык, Вікторыя Касянкова і іншыя. А калі браць па надоі малака ад каровы, то (нонсэнс!) лепшы па гаспадарцы паказчык – на Гуліцкай малочнатаварнай ферме, дзе надоена па 7104 кілаграмы малака ад кожнай каровы. Гэтая ферма старэйшая ў раёне, адна з нямногіх у вобласці, дзе дояць, як і 50 гадоў назад, у бачкі. І гэта яшчэ раз пацвярджае, што многае залежыць іменна ад людзей, іх адносін да справы. Загадчык МТФ Адам Гарыбян і сам аддана працуе, і трымае дысцыпліну, што таксама немалаважна.

На другім месцы Дамашоўская МТФ, дзе надоена па 6532 кілаграмы малака ад кожнай каровы, на трэцім – Жарабковіцкая (5459 кілаграмаў), 5000 кілаграмаў малака ад каровы надаілі на Сваятыцкай МТФ. Добрай назваў старшыня работу галоўнага заатэхніка гаспадаркі Леаніда Новіка і ўсёй зааветслужбы. Зроблены акцэнт і на тое, што належыць пастарацца, каб прыбытковай стала вытворчасць мяса, дабіцца атрымання 84 цялят на 100 кароў (планы на гэты год), павялічыць надоі і дабіцца лепшай якасці малака, бо, як падлічылі, малочная галіна, што прынесла гаспадарцы больш за 55 мільярдаў рублёў, магла б дадаткова даць яшчэ 700 мільёнаў (гатункам экстра адпраўлена на перапрацоўку ўсяго 25 працэнтаў малака).

Як адзначыў Віталій Бусько, на новы ўзровень гаспадарання выйшла і авечкагадоўля. Сёння пагалоўе складае 4620 авечак, за год атара павялічылася на 1247 жывёлін. Рэалізавана авечак амаль на 3,5 мільярда рублёў. Каб развіваць галіну, патрэбна будаваць новыя аўчарнікі, магчыма, комплекс.

У СВК “Жарабковічы” магутны машынна-трактарны парк, моцная інжынерная служба, якую ўзначальвае Міхаіл Пятроўскі. Асаблівай увагі заслугоўваюць мясцовыя будаўнікі, якія круглы год загружаны работай. Уласнымі сіламі пабудавалі, адрамантавалі на дзясяткі мільярдаў рублёў. Узначальваюць брыгаду Людміла Мікуліч і Алена Свянтэцкая.

Удала арганізаваны фірменны гандаль: выручка магазінаў склала больш як 160 мільярдаў рублёў і прынесла 8 мільярдаў прыбытку. Наогул, усе падраздзяленні вытворчасці летась працавалі зладжана і вынікова.

І ўсё ж, як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Сяргей Баргамон, перад працаўнікамі сельгаспрадпрыемства шмат нявырашаных праблем. Многае залежыць ад дысцыпліны, адказнасці, прафесіяналізму кожнага на сваім рабочым месцы. Варта задумацца пра эканомію электраэнергіі, кармоў. Наогул у любой справе трэба быць гаспадаром. Напрыклад, за кошт аптымізацыі некаторых рабочых месцаў можна атрымаць большую зарплату.

Ёсць прэтэнзіі і да галоўных спецыялістаў. У раслінаводстве больш увагі трэба надаваць сяўбе траў, зернебабовых культур, перазалужэнню пашы. У жывёлаводаў свае задачы: аднаўленне статка, павелічэнне пагалоўя і г.д.

На сходзе ішла размова і пра вырашэнне жыллёвай праблемы. Многія гаварылі і пра якасць вады ў аграгарадку Жарабковічы: ужо 6 гадоў тут не працуе станцыя абязжалезвання. Здаецца, гэта клопат камунальнай службы раёна, але пакутуюць работнікі гаспадаркі, якім прапануецца нават прывозіць пітную ваду ў бочках. Але ж гэта не выхад са становішча.

Агульны вывад, які прагучаў на сходзе, – каб мець, трэба працаваць – адказна і самааддана. Сярэдняя зарплата работнікаў СВК за мінулы год склала  5 мільёнаў 287 тысяч рублёў – трэцяя па велічыні сярод сельгасвытворцаў раёна. А трэба, каб была лепшай, – канстатавалі прысутныя. Усё залежыць ад іх.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *