Аптымізацыя дзеля развіцця

Адукацыя і выхаванне падрастаючага пакалення – сфера заўсёднай увагі і клопату дзяржавы.

Адукацыйна-спартыўная прастора Ляхавіччыны сёння – 45 устаноў. І ў кожнай створаны выдатныя магчымасці для вучобы, развіцця здольнасцяў, адпачынку дзяцей. Прычым, аднолькава важкая ўвага надаецца і сельскім установам, і гарадскім. Усе яны аснашчаны сучасным абсталяваннем, мэбляй, электроннымі сродкамі навучання, вучэбнымі дапаможнікамі.

Штогод абноўленыя і адрамантаваныя школы, дзіцячыя сады, пазашкольныя ўстановы раёна сустракаюць хлопчыкаў і дзяўчы-нак пасля летніх канікулаў. Акрамя касметычнага рамонту, праводзяцца рэканструкцыя і капрамонт некаторых школ і дзіцячых садкоў. Толькі ў мінулым годзе абноўлены фасады і дахі гарадскіх школ, заменены вокны і пакладзены асфальтавыя дарожкі ва ўсіх дзіцячых садах райцэнтра, у дзіцячых садах № 2 і № 4 праведзены бягучы рамонт харчаблокаў. У СШ № 2 з’явіліся новыя вокны, адрамантаваны школьныя бібліятэка і музей. Каля 4 мільярдаў рублёў абышоўся бюджэту нядаўні капітальны рамонт Крывошынскай СШ.

За мінулы год камп’ютарнай тэхнікі для школ і дзіцячых садкоў набыта на суму звыш 280 мільёнаў рублёў. У зоне асаблівай увагі  бяспека вучняў: усе школы раёна абсталяваны сістэмамі відэаназірання і пажарнай аўтаматыкі.  Грашовую падтрымку атрымліваюць талена-вітыя вучні, якія дастойна прадстаўляюць Ляхавіччыну на абласных, рэспубліканскіх, міжнародных прадметных алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, спартыўных спаборніцтвах, выпускнікі-медалісты.

На ўсё вышэйпералічанае пайшлі ў асноўным бюджэтныя грошы. На гэтыя мэты, а таксама на павышэнне заработнай платы педагогаў накіроўваюцца і сродкі, сэканомленыя пасля праведзенай за апошнія гады аптымізацыі.  Аптымізацыя ў сённяшніх рэаліях – працэс непазбежны. Пра гэта размова вядзецца і на самым высокім узроўні, і на месцах.

Навучанне аднаго вучня на працягу года ў нашым раёне абыходзіцца бюджэту ў суму больш за 25 мільёнаў рублёў (дзяржаўны сацыяльны стандарт – 9,5 мільёна рублёў), у дашкольных установах – адпаведна 26,5 і 11,7 мільёна рублёў. Прычым, гэта сума – сярэдняя па раёне, па ўстановах яна значна адрозніваецца. Напрыклад, навучанне аднаго дзіцяці ў СШ № 1, дзе самая большая колькасць вучняў – 649, абыходзіцца бюджэту ў 15,8 мільёна рублёў у год, у СШ № 2 – 14,2 мільёна, у гімназіі – 16,8 мільёна, Крывошынскай СШ, дзе вучыцца 119 рабят, – 25,8 мільёна. А ў Свяціцкай СШ, дзе сёння ўсяго 43 вучні, – 54,3 мільёна рублёў. У Мядзведзіцкай СШ зараз 47 вучняў – на 10 чалавек больш, чым настаўнікаў і тэхнічных работнікаў. Тут на кожнага вучня ў год расходуецца 54,8 мільёна рублёў бюджэтных сродкаў. Сёння ў некаторых класах у сельскіх школах вучыцца па 3-4 школьнікі, і ў бліжэйшай перспектыве не прадбачыцца павелічэння напаўняльнасці. А бюджэтныя сродкі на ўтрыманне школы (ацяпленне, асвятленне, іншыя камунальныя паслугі і г.д.), зарплаты педагогам і тэхперсаналу выдзяляюцца незалежна ад колькасці вучняў.

Тое ж самае датычыцца і дашкольных устаноў. Найбольш (па 221 і 188) хлопчыкаў і дзяўчынак наведваюць д/с № 3 і № 1 у райцэнтры. У сельскай мясцовасці напаўняльнасцю могуць пахваліцца Жарабковіцкі д/с – 48 дзетак, Дараўскі – 29, Русінавіцкі і Тухавіцкі – па 27. У дзіцячым садзе № 3 на кожнага выхаванца на год дзяржава траціць каля 19 мільёнаў рублёў. Для параўнання: у Зубелевіцкім д/с 11 дзяцей, і на кожнага прыходзіцца 56 мільёнаў рублёў. У 2014/2015 навучальным годзе 3 малакамплектныя дашкольныя ўстановы – Ганчароўскі, Свяціцкі, Галаўнінскі дзіцячыя сады – спынілі сваю дзейнасць. Кожны з гэтых садкоў навед-валі па 6-7 дашкалят, а на ўтрыманне ўстаноў за 8 месяцаў пайшло 1,6 мільярда рублёў. Закрыццё дазволіла сэканоміць мясцоваму бюджэту за  4 месяцы 543 мільёны рублёў. Дзяцей, якія выхоўваліся тут, перавялі адпаведна ў Тальмінавіцкі, Ліпскі і Крывошынскі дзіцячыя сады. Відавочна, дастаўка дашкалят на новае месца абыходзіцца танней.

Увогуле, як адзначыў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Мікалай Прыхач, праблем з падвозам дзяцей няма, для гэтых мэт у аддзеле ёсць неабходны транспарт. Падвоз арганізаваны нават з самых аддаленых населеных пунктаў. Работнікам закрытых устаноў таксама прапанавана працаўладкаванне.  Сёлета да 1 красавіка будуць вызначаны яшчэ некаторыя навучальныя ўстановы раёна, якія трапяць пад аптымізацыю. Сэканомленыя бюджэтныя мільярды будуць накіра-ваны на развіццё сістэмы адукацыі раёна і, як ужо згадвалася, на павелічэнне зарплат педработнікам.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *