Час падсілкаваць угоддзі

То замарозіць, то адпусціць – такі сёлета выдаўся люты. Між іншым, для селяніна гэта якраз час, калі пачынаецца актыўная вывазка на палі арганічных угнаенняў, унясенне калійных тукаў. Сёлета пад яравы клін, які складае больш як 20 тысяч гектараў, трэба нарыхтаваць і вывезці на палі 413 тысяч тон арганічных угнаенняў. З задачай сельгаспрадпрыемствы амаль справіліся. Палова ад вывезеных угнаенняў унесена ў глебу.
Але гэта ў цэлым, бо ёсць сельгаспрадпрыемствы (якраз тыя, каму асабліва патрэбна паклапаціцца пра сілкаванне ўгоддзяў, – КСУП “Ліпнянка”, “Востраў-Агра”), якія асабліва не спяшаюцца. Усяго 3 працэнты вывезена на палі арганікі ў першай гаспадарцы, а ўнесена ўсяго тысяча тон, нягледзячы на тое, што яравы клін сёлета складзе 1133 гектары. Прыкладна такое ж становішча і ў другім сельгаспрадпрыемстве.
Нязменным застаецца і клопат аграрыяў пра навядзенне парадку на зямлі. Сёлета запланавана раскарчоўка старых садоў на плошчы 27 гектараў, вызваленыя землі неабходна ўвесці ў севазварот. Яшчэ – ачыстка ад зараснікаў меліярацыйных каналаў, якія знаходзяцца на балансе гаспадарак (іх працягласць павінна скласці не менш як 51 кіламетр).
Відавочна, што ўсё адкладваць на вясну нельга, тым больш, што зіма спрыяе работнікам аграпрамысловага комплексу.
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *