Па пасадзе – старшая

Штодзень, акрамя нядзелі, каля 600 чалавек наведваюць фізіятэрапеўтычнае аддзяленне райбальніцы. Пацыенты тут атрымліваюць працэдуры, якія дапаўняюць асноўнае лячэнне і спрыяюць больш хуткаму выздараўленню, а таксама маюць важнае значэнне ў прафілактыцы тых або іншых хвароб. Запатрабаваны масаж, магніта- і лазератэрапія, водалячэнне, парафіналячэнне, цеплавыя працэдуры, дарсанвалізацыя, інгаляцыі і іншае.

Апошнім часам для зручнасці пацыентаў зменены графік работы: у буднія дні аддзяленне працуе з 8 да 20 гадзін, у суботу – з 8 да 16 гадзін.

Пра работу аддзялення даводзіцца чуць нямала станоўчых водгукаў. Прычына таму – прафесіяналізм, уважлівыя, шчырыя адносіны медыцынскага персаналу да маленькіх і дарослых пацыентаў. Тут ніколі не пачуеш грубага слова, усё – карэктна, з павагай да кожнага наведвальніка. А, як вядома, добрае слова ў лячэнні сур’ёзны плюс.

Работу медыцынскіх сясцёр, масажыстаў, інструктараў лячэбнай фізкультуры арганізоўвае, каардынуе і кантралюе старшая медыцынская сястра Алена Прыгунова (на здымку). Алена Уладзіміраўна – вопытны, высокакваліфікаваны спецыяліст. У медыцыне яна – больш за 30 гадоў, з якіх 22 менавіта ў фізіятэрапеўтычным аддзяленні. Яна паспяхова валодае ўсімі методыкамі фізіятэрапеўтычнага лячэння, дзеліцца ведамі і вопытам са сваімі калегамі, пры гэтым прадаўжае ўдасканальваць сваё прафесійнае майстэрства.

Абавязкаў у старшай медсястры нямала. Перш чым скласці план работы на новы год, Алена Прыгунова абавязкова аналізуе работу за год мінулы:

– Эфектыўна спрацавалі – працягваем рухацца ў тым жа накірунку. У абавязковым парадку – павышэнне прафесійнага ўзроўню: тэарэтычныя і практычныя заняткі з сярэднім і малодшым медперсаналам.

Акрамя таго, старшая медсястра аддзялення ўдзельнічае ў атэстацыі медсясцёр, вядзе журналы ўліку рабочага часу, медыкаментаў і расходных матэрыялаў, канешне ж, яна – у адказе за санітарна-эпідэміялагічны рэжым.

– Алена Уладзіміраўна – майстар сваёй справы, галоўны памочнік урача. З ускладзенымі абавязкамі спраўляецца выдатна. Удала спалучае прафесіяналізм з уменнем працаваць у калектыве, разважлівасцю і добразычлівасцю, – гаворыць загадчыца аддзялення Наталля Гарбачова.

Раніца чарговага працоўнага дня. Апрануўшы белы халат, які ёй вельмі пасуе, Алена Прыгунова заглядае ў свой журнал – нагадаць расклад на сёння. У ім, як і звычайна, мноства паўсядзённых спраў, якія трэба паспець зрабіць – дакладна і якасна.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *