За фальшыўку спытаюць

Мінулым летам жанчына спрабавала абмяняць на рынку ў райцэнтры некалькі купюр наміналам 100 долараў кожная. Закон грамадзянка парушыла двойчы: праводзіла незаконныя аперацыі з валютай і займалася фальшываманецтвам (купюры аказаліся несапраўднымі). Аналагічных фактаў збыту падробленых грашовых знакаў летась у нашым раёне выяўлена 5.

Сёлета судом Ляхавіцкага раёна разгледжаны крымінальныя справы і вынесены абвінаваўчы прыгавор адносна 31-гадовага грамадзяніна і 21-гадовай грамадзянкі, якія захоўвалі і спрабавалі збыць падробленыя долары. У іх канфіскавана 8 купюр наміналам па 100 долараў. Мужчына асуджаны на   4 гады пазбаўлення волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, дзяўчына – на 2 гады.

Як паказвае практыка, амаль уся пад-робленая замежная валюта вырабляецца на высакаякасным паліграфічным абсталяванні і паступае ў Беларусь у асноўным з Расіі, Польшчы, Украіны і Літвы. У большасці выпадкаў увоз падробак адбываецца ў так званым прыватным парадку грамадзянамі, якія працуюць за мяжой ці адпраўляюцца ў турпаездкі, у госці, а таксама прадпрымальнікамі, якія закупляюць імпартныя тавары.

Фальшываманецтва адносіцца да катэгорыі цяжкіх злачынстваў. За выраб і збыт фальшывых грошай прадугледжана крымінальная адказнасць – ад 2 да 5 гадоў абмежавання волі ці ад

2 да 7 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй ці без канфіскацыі маёмасці. За такія ж дзеянні паўторна ці арганізаванай групай або ў асабліва буйных памерах можна апынуцца за кратамі на тэрмін ад 5 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

У тым, што трапілі на вудачку фальшыва-манетчыкаў, нярэдка вінаваты і самі грамадзяне, напрыклад, тыя, хто ў парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення валютных аперацый ажыццяўляе продаж кватэр, аўтамашын і іншых таварна-матэрыяльных каштоўнасцей за замежную валюту. У некаторых выпадках бестурботнасцю грамадзян карыстаюцца так званыя валютчыкі, паслугі якіх, на жаль, па-ранейшаму запатрабаваныя. Для грамадзян, якія прымаюць замежную валюту ў якасці плацёжнага сродку штраф складзе ад 50 да 100 БВ, індывідуальнаму прадпрымальніку ці юрыдычнай асобе за аналагічнае правапарушэнне давядзецца заплаціць ад 100 да 200 БВ.

Адміністрацыйная адказнасць прадугледжана і за скупку, продаж, абмен замежнай валюты без спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) ці дзяржаўнай рэгістрацыі: штраф у памеры ад 50 да 150 БВ з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння і грашовых сродкаў, якія знаходзіліся ў вінаватага на момант учынення правапарушэння, ці без канфіскацыі. За паўторныя дзеянні – штраф ад 150 да 200 БВ. Перш чым разлічыцца за абноўку на рынку доларамі або расійскімі рублямі, падлічыце, на колькі мільёнаў апусцее ваш кашалёк.

Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ,

намеснік начальніка РАСК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *