Трэба жыць!

Па статыстыцы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя штогод у свеце па ўласным жаданні развітваюцца з жыццём больш за 800 тысяч чалавек. Самазабойствы з’яўляюцца адной з трох лідзіруючых прычын смерці ва ўзроставай катэгорыі   ад 15 да 44 гадоў. На жаль, гэта праблема характэрна і для Беларусі. Смяротнасць у краіне ад суіцыдаў перавышае колькасць ахвяр ДТЗ і пажараў разам узятых.
Што ўплывае на такую сітуацыю, што штурхае людзей да самазабойстваў, і як іх папярэдзіць? Пра гэта за «круглым сталом» разважалі ўрач-псіхіятр райбальніцы Альбіна ТУПАЛЬСКАЯ, галоўны ўрач абласной псіхіятрычнай бальніцы “Крывошын” Валянцін МЛЫНЧЫК, намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ, протаіерэй, настаяцель Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы айцец Георгій, настаяцель касцёла Святых Пятра і Паўла ў вёсцы Мядзведзічы айцец ЮРЫЙ, педагог-псіхолаг СШ № 2 Тамара САНГАЙЛЕНЕ.

Альбіна Тупальская:

– На жаль, у апошнія гады наш раён трымае сумнае лідарства ў вобласці па колькасці самазабойстваў. Ужо сёлета зарэгістраваны чатыры выпадкі.  Суіцыд – гэта ўцёкі. Уцёкі ад вырашэння праблемы, ад пакарання і ганьбы, знявагі і роспачы, расчаравання і страты. Словам, ад усяго таго, што складае жыццёвую разнастайнасць, хай і не ў самых вясёлкавых яе праявах. У будзённай мітусні нас чакаюць шматлікія стрэсы, выкліканыя напружаным рытмам жыцця, сямейнымі неладамі, праблемамі на рабоце. І яшчэ рознымі іншымі клопатамі, крыўдамі, засмучэннямі, якія пакідаюць негатыўны асадак на душы. У выніку накопліваецца стомленасць, павышаецца раздражняльнасць, парушаецца сон, знікае апетыт. З часам з’яўляюцца больш сур’ёзныя праблемы: неўратычныя рэакцыі, неўрозы, фобіі, а затым і псіхасаматычная паталогія. Жыццё становіцца бязрадасным, з’яўляюцца трывога, крыўда, пачуццё віны, пагаршаецца фізічны стан.   Калі ў чалавека ўзнікае фізічны боль, ён звяртаецца за прафесійнай дапамогай да медыкаў. Тое ж самае трэба рабіць і калі баліць душа: неабходна ісці да ўрача-псіхатэрапеўта. Прафілактыка суіцыдаў з’яўляецца не толькі медыцынскай праблемай. Яна ўключае ў сябе сацыяльныя, псіхалагічныя, рэлігійныя фактары рызыкі.

Тамара САНГАЙЛЕНЕ:

– Асаблівую трывогу выклікае тое, што ў статыстыцы самагубстваў і суіцыдальных спроб ёсць і непаўналетнія. Любая суіцыдальная спроба ў дзяцей – памылка нас, дарослых, наша недапрацоўка, бездапаможнасць. Амаль кожны, хто думае пра самазабойства, так ці інакш дае зразумець гэта тым, хто побач. Многія спробы суіцыду ў непаўналетніх – адчайны крык аб дапамозе, апошняя магчымасць прыцягнуць увагу бацькоў да сваіх праблем, прабіць сцяну непаразумення паміж малодшым і старэйшым пакаленнямі.  У якасці кампенсацыі дрэнных адносін са сваімі бацькамі, з-за пастаянных канфліктаў ці адсутнасці кантакту з імі падлеткі трапляюць у празмерную залежнасць ад іншага чалавека. Адносіны з сябрам ці сяброўкай становяцца настолькі значнымі і эмацыянальна неабходнымі, што любое ахаладжэнне ў прыхільнасці, тым больш здрада, успрымаецца як незаменная страта, пазбаўляе сэнсу далейшае жыццё.

Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ:

– Як сведчыць статыстыка, пераважная большасць самагубстваў адбываецца ў стане алкагольнага ап’янення. Гэта, а таксама ўжыванне наркотыкаў, па меркаванні медыкаў, зніжае антысуіцыдальны бар’ер.  Летась у нашым раёне было зарэгістравана 9 выпадкаў суіцыду – на 3 менш, чым у 2014 годзе. У 8 выпадках самагубцы знаходзіліся ў нецвярозым стане (яшчэ ў адным выпадку атруцілася таблеткамі псіхічна хворая жанчына), прычым у большасці загінуўшых у крыві колькасць алкаголю перавышала   3 праміле…  Не справіліся з уласнымі эмоцыямі 5 мужчын і 4 жанчыны. Самай малодшай з іх было 29 гадоў. Яна пакінула сіротамі трое дзяцей.  Вядома, што некаторыя з гэтых людзей неаднойчы пагражалі блізкім самагубствам. А колькі яшчэ выпадкаў, якія, на шчасце, не паспелі закончыцца трагічна, – своечасова побач аказаліся блізкія людзі ці выратавалі медыкі.

Валянцін МЛЫНЧЫК:

– Са шматгадовага вопыту работы з такімі пацыентамі магу сказаць: большасць тых, хто спрабаваў звесці рахункі з жыццём аднойчы, паўтарае спробу зноў.  Што датычыцца алкаголю, то ён ні ў якім разе не дапамагае зняць суіцыдальныя хваляванні, хутчэй – выклікае адваротны эфект: павышаецца трывожнасць, абвастраюцца канфлікты, што і садзейнічае самазабойству.   У мінулым годзе ў аблпсіхбальніцы лячэнне пасля суіцыдальных спроб праходзілі  23 чалавекі. Ужо сёлета 5, некаторыя – паўторна. Многія не жадаюць гаварыць пра прычыны, якія прыводзяць да такога кроку. У тых, каго ўдаецца разгаварыць, яны вельмі падобныя па сутнасці: неўладкаванасць у жыцці, праблемы ў сем’ях, многія засталіся адны па прычыне злоўжывання алкаголем. Увогуле, сярод тых, хто рабіў суіцыдальныя спробы, пераважаюць менавіта людзі з сіндромам залежнасці ад алкаголю, ёсць і псіхічна хворыя. Лячыць трэба і тых, і другіх. А яшчэ псіхалагічная дапамога неабходна тым, хто жыве разам з такімі людзьмі.

Айцец ГЕОРГІЙ:

– Чалавек сам для сябе загадка. У ім схавана столькі цудаў, столькі магчымасцей… І калі чалавек, як яму здаецца, зламаны праблемамі, вырашае пайсці з жыцця, ён тым самым спыняе волю Бога і пазбаўляе сябе самараскрыцця. Не пазнаўшы сябе, застаўшыся для сябе нязведаным, па маладушшы разрывае вельмі тонкую і такую каштоўную Богам сплеценую нітку. Неабходна разбудзіць людзей, тлумачыць ім, што няма ні людскога, ні рэлігійнага апраўдання тым, хто вырашае скончыць жыццё самагубствам.  Нездарма па праваслаўных канонах забараняецца адпяваць самазабойцаў, праводзіць за іх малебны. Свяшчэннік не будзе служыць паніхіду ў такім выпадку без асабістага дазволу Уладыкі.  Родным і блізкім пайшоўшага з жыцця па ўласным жаданні трэба маліцца за супакой душы нябожчыка.

Айцец ЮРЫЙ:

– Самазабойства – адзін з самых цяжкіх грахоў у традыцыйных рэлігіях. У момант учынення злачынства супраць уласнай душы людзі не думаюць і пра сваіх родных і блізкіх, пра тое, які цяжкі груз яны ім пакідаюць.  Зразумела, царква не падтрымлівае думкі пра самагубства, але і не адварочваецца ад такіх людзей. Як чалавек мае патрэбу ў ежы, вадзе, паветры для свайго цялеснага існавання, так і душа патрабуе зносін з Богам. Царква ніколі не адмовіць у дапамозе і просьбах любому, хто прыходзіць да Бога. Святар абавязкова выслухае і чалавека, якога ахопліваюць грэшныя думкі, захавае таінства споведзі.  Кожнаму з нас трэба жыць з адкрытымі вачыма на тых, хто побач, бачыць праблемы іншых людзей, не заставацца сам-насам з уласным горам, імкнуцца дапамагаць і словам, і справай тым, каму гэта патрэбна.

Альбіна ТУПАЛЬСКАЯ:

– Як правіла, з душэўнымі праблемамі многія імкнуцца спраўляцца самастойна. Лічаць, што шукаць дапамогі ў іншых – гэта праяўленне слабасці. А візіт да ўрача зацягваюць з-за банальнага страху: маўляў, падумаюць, што ненармальны. Аказанне дапамогі ў крызіснай сітуацыі немагчыма без удзелу такіх спецыялістаў як псіхатэрапеўт, псіхіятр, псіхолаг. Іх галоўная мэта – дапамагчы пацыентам выйсці з цяжкай сітуацыі, разабрацца ў тым, што адбываецца, зразумець саміх сябе. У нашай краіне забяспечаны шырокі доступ насельніцтва да псіхатэрапеўтыч-най дапамогі. Кваліфікаваную дапамогу можна атрымаць па тэлефонах 8-017- 290-44-44 (для дарослых), 8-017-246-03-03 (для дзяцей і падлеткаў).  Часта аргументы “за” і “супраць” суіцыду настолькі ўраўнаважаныя, што калі блізкія ў гэтыя хвіліны праявяць цеплыню, клопат і ўважлівасць, то перавага можа схіліцца ў бок выбару жыцця – такія своеасаблівыя “вагі жыцця”.

Тамара САНГАЙЛЕНЕ:

– У СШ № 2 распрацавана мадэль прафілактыкі суіцыдальнай рызыкі ў паводзінах вучняў. Педагог-псіхолаг абавязкова выступае на педсаветах, пасяджэннях метадычных аб’яднанняў класных кіраўнікоў, на бацькоўскіх сходах, расказвае, як распазнаць, што дзіця трапіла ў крызісную сітуацыю, тлумачыць, як можна дапамагчы. Акцыі, класныя гадзіны, дыспуты “Жыць – гэта здорава!”, “Калекцыя цёплых слоў”, “Сонечны фатограф”, “Экзамен без стрэсу”, “Усміхніся жыццю – ты яму падабаешся” , “Ад супрацьстаяння да разумення” – таксама вельмі дзейсныя формы папярэджання суіцыдальных праяў. Арганізоўваем індывідуальныя кансультацыі для вучняў, іх бацькоў, настаўнікаў, індывідуальныя і групавыя заняткі па развіцці адэкватных адносін да ўласнай асобы. Лічу, што самае галоўнае – быць побач з дзецьмі, жыць іх праблемамі, навучыцца іх слухаць і чуць, прымаць і разумець.

З усяго вышэйсказанага напрошваецца выснова: з любой, нават самай складанай жыццёвай сітуацыі заўсёды ёсць выхад.  А жыццё каштуе таго, каб яго пражыць.

Матэрыялы «круглага стала»   падрыхтавала Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *