Небяспечна, таму трывожна

Часта можна пачуць: рыбака зразумее толькі рыбак. І сапраўды, таму, хто не захапляецца гэтай справай, немагчыма ўявіць, як можна холадам сядзець гадзінамі ля лункі і сачыць за паплаўком ці рызыкаваць, ловячы апошні момант зімовай рыбалкі на падталым лёдзе, у сапраўды небяспечнай сітуацыі. Адсюль і трагедыі: то нехта праваліўся пад лёд, а то крыга адкалолася і вынесла на сярэдзіну рэчкі некалькі гора-рыбакоў. Адным пашчасціла, што побач дзяжурылі работнікі таварыства ратавання на водах або прыйшлі на выручку сябры. А былі выпадкі, што целы рыбакоў вылоўлівалі праз некалькі месяцаў…
Часта і шмат гаворыцца пра захаванне правіл бяспекі на вадзе. Закраналі гэту тэму і падчас справаздачнага сходу ў раённым таварыстве ратавання на водах. Старшыня абласнога савета таварыства Рамуальд Садоўскі засяроджваў увагу на тым, што неабходна ўзмацняць прафілактычную работу сярод насельніцтва, асабліва ў дзіцячых калектывах. Да работы патрэбна прыцягваць добраахвотнікаў. Лічаныя штатныя работнікі не заўсёды змогуць аказацца ў патрэбным месцы ў патрэбны час.
Інжынер па ахове працы аддзела адукацыі райвыканкама Анатолій Салата паведаміў, што ў школах, дзіцячых садах раёна створаны 24 пярвічныя арганізацыі таварыства ратавання на водах. З вучнямі і бацькамі вядзецца растлумачальная работа, вывучаюцца правілы тэхнікі бяспекі на вадзе, варыянты прадухілення няшчасных выпадкаў. І гэта абнадзейвае, бо дзеці таксама часта становяцца ахвярамі вады, лезуць купацца ў неабследаваныя вадаёмы і забароненыя месцы, іншы раз без нагляду дарослых. Намеснік дырэктара КУМВП ЖКГ ”Ляхавіцкая ЖКГ” Мікалай Кендыш расказаў, што зоны адпачынку на рацэ Ведзьма ў Ляхавічах і на рацэ Шчара ў Дараве і сёлета будуць добраўпарадкоўвацца. Іменна ў адведзеных месцах, а не на ”дзікіх” пляжах і патрэбна прывучаць дзяцей адпачываць. Але зноў пра асноўнае патрабаванне: толькі пад наглядам дарослых.
Вядома, што ў іх дзеці вучацца, як сябе паводзіць, у тым ліку і падчас адпачынку на вадзе.
Многія аматары рыбнай лоўлі не могуць перачакаць час нерасту рыбы, калі, гавораць, нават царкоўныя званы не звіняць, каб не патрывожыць насельнікаў вадаёмаў. Распаўсюджана бра- каньерства, з якім, як расказаў старшы інспектар аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Аляксандр Жывіцкі, вядзецца барацьба, прымяняюцца штрафныя санкцыі. А яшчэ такія рыбалкі таксама часта заканчваюцца трагедыямі: каб быць незаўважанымі, рыбакі аказваюцца там, дзе хуткая рачная плынь ці віры.
На жаль, часта міліцэйскія зводкі прыносяць звесткі пра ахвяр вады. А іх магло б не быць. Канечне, трэба быць больш актыўным супрацоўнікам таварыства ратавання на водах. Але ім у адзіночку гэтую праблему не вырашыць. Задумацца варта кожнаму: і таму, хто разматвае вуды, і таму, хто ідзе па тонкім лёдзе, і таму, хто заплыў за буйкі, і таму, хто яшчэ толькі надзеў плавальны касцюм. Абачлівасць – перш за ўсё. А рызыка, экстрым і адрэналін, пра якія любяць гаварыць многія, часцяком прыводзяць зусім не да таго фіналу, якога ад іх чакаюць. Задумайцеся!
Марыя ЦІТКО, старшыня раённага таварыства ратавання на водах.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *