На бытавой глебе

Сям’я – такое кароткае, але такое важнае і важкае слова. Сям’я – гэта і ячэйка грамадства і цэлы свет са сваімі законамі, ідэаламі, асновамі і поглядамі на жыццё, выхаванне і адпачынак. Чалавек нараджаецца ў сям’і, становіцца ў ёй асобай, расце і фізічна, і духоўна. Менавіта ў сям’і закладваюцца асновы выхавання і ўспрымання свету.
На жаль, сям’я ўплывае не толькі станоўча. Калі ў ёй пануюць згода, падтрымка, любоў, узаемапавага і ўзаемаразуменне, можна не сумнявацца, што ў такой сям’і дзеці вырастуць сапраўднымі людзьмі. А калі нязменным у штодзённым жыцці становяцца абразы, бойкі, здзекі мацнейшага над слабейшым, дарослага над дзіцём, калі без сяброўства з алкаголем бацькі не ўяўляюць свайго існавання – пра якое выхаванне можна тады гаварыць. І чаго ў будучыні чакаць ад дзяцей і падлеткаў, якія “выхоўваюцца” брыдкаслоўем і негатыўным прыкладам гора-бацькоў. Наўрад ці хлопчык будзе паважаць дзяўчынку, калі дома ён пастаянна бачыць, як бацька здзекуецца над маці. А дзяўчынка ў будучыні, напэўна, будзе баяцца ў кожным мужчыне знайсці рысы бацькі-алкаголіка…
Па-ранейшаму ў сферы сямейна-бытавых адносін знаходзіцца месца розным злачынствам, якія з’яўляюцца сумным вынікам працяглых сварак, скандалаў, боек, якія гадамі перыядычна паўтараюцца за зачыненымі дзвярамі кватэр і дамоў. У большасці такіх рэгулярных сямейных баталій ёсць сведкі – суседзі ці блізкія. Аднак, рэдка хто з іх, як і, дарэчы, з ліку саміх пацярпелых ці сваякоў апошніх, жадае паведаміць пра такія факты ў міліцыю, тым больш даваць пісьмовыя паказанні. Ахвяры часта знаходзяцца ў матэрыяльнай і маральнай залежнасці ад дэбашыраў. Яшчэ адна прычына неўмяшання – пазіцыя “мяне гэта не датычыцца, няхай сямейныя справы вырашаюць самі”…
Але ў рэшце рэшт такое высвятленне сямейных адносін можа перарасці ва ўчыненае злачынства. Сёлета з пачатку года ў РАУС паступіла 9 заяў пра бытавыя канфлікты, 97 паведамленняў у аператыўна-дзяжурную службу пра сямейныя скандалы, з іх – 21 – па факту прычынення пабояў. 53 справы накіраваны ў суд для далейшага разгляду і прыняцця мер. Узбуджаны 2 крымінальныя справы па артыкулах 153 і 186 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Так, на пачатку сакавіка гэтага года 39-гадовы жыхар вёскі Падлессе дома наўмысна ўдарыў нажом у нагу 10-гадовага сына. Пенсіянер з Ляхавіч ужо неаднойчы пагражаў забойствам сваёй былой жонцы.
Такога кшталту злачынствы цяжка папярэдзіць, бо вельмі няпроста выяўляць і ліквідаваць пры-чыны і ўмовы іх учынення. Нават у тых выпадках, калі ўдаецца сабраць поўныя матэрыялы па фактах прычынення, напрыклад, лёгкіх цялесных пашкоджанняў, адміністрацыйны працэс можа спыніцца з-за прымірэння бакоў. Сямейныя агрэсары пры гэтым застаюцца непакаранымі, а потым праз пэўны час учыняюць ужо цяжкія злачынствы. Сёлета па 23 такіх зваротах праверка была спынена менавіта ў сувязі з прымірэннем бакоў.
Колькі можна прывесці прыкладаў, калі ў якасці адзінага аргумента, доказу сваёй праваты муж ці жонка, дачка ці сын, бацька ці маці выбіраюць уласныя кулакі ці халодную зброю. Даволі часта здавалася б спачатку мірнае святкаванне якой-небудзь знамянальнай падзеі заканчваецца сваркай, а іншы раз і бойкай. Сведкамі такога высвятлення адносін нярэдка становяцца і дзеці.
Прафілактыка бытавой злачыннасці ўскладзена на ўсе падраздзяленні органаў унутраных спраў, аднак, вядучая роля належыць участковым інспектарам міліцыі.
Пераважная большасць тых, хто ўчыняе бытавое злачынства, – людзі, якія злоўжываюць алкаголем. Таму эфектыўнай прафілактычнай мерай з’яўляецца частковае ці поўнае абмежаванне волі асоб, якія матэрыяльна не дапамагаюць сем’ям, ізаляцыя хранічных алкаголікаў у спецыялізаваныя ўстановы. З пачатку года ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі асуджана 11 хранічных алкаголікаў, з якіх 2 – абавязаныя асобы, адна жанчына, а на лячэнне у абласную псіхіятрычную бальніцу “Крывошын” адпраўлена 37 чалавек.
Неабходна ўзмацніць работу па прафілактыцы і спыненні п’янства і алкагалізму сярод насельніцтва. Адна з умоў эфектыўнай барацьбы з гэтымі з’явамі – адміністрацыйнае і грамадскае ўздзеянне на асоб, якія займаюцца вырабам ці продажам спіртаўтрымліваючай вадкасці. За 3 месяцы 2011 года выяўлена 9 фактаў самагонаварэння.
Пэўную станоўчую ролю ў прафілактыцы сямейна-бытавых скандалаў адыгрывае і традыцыйная акцыя “Сям’я без насілля”, якая праводзіцца кожны тыдзень па чацвяргах. Рабочыя групы ў складзе супрацоўнікаў міліцыі, педагогаў, медыкаў, прадстаўнікоў сацслужбы, журналістаў наведваюць неўладкаваныя сем’і, грамадзян, сем’і, якія знаходзяцца на ўліку ў РАУС.
Сёлета з 1 па 30 красавіка праводзіцца рэспубліканская акцыя “Дом без насілля”. Яе мэта – чарговы раз прыцягнуць увагу насельніцтва да праблем бытавога насілля, заклікаць садзейнічаць дзяржаўным органам у рашэнні задач па змяншэнні правапарушэнняў, якія ўчыняюцца на гэтай глебе. Штодзённа працуюць тэлефоны “гарачай лініі” па пытаннях папярэджання дамашняга насілля: у горадзе Мінску (8-017) 372-73-87, у горадзе Брэсце (8-0162) 45-62-15. У Ляхавічах “гарачая лінія” па папярэджанні насілля ў сям’і, абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх працуе па тэлефонах 102, 2-21-02, 2-48-37, мабільным тэлефоне — (8-029) 827-44-66.
Шэраг мер ажыццяўляе міліцыя, іншыя зацікаўленыя службы па прафілактыцы сямейна-бытавой злачыннасці. Аднак неабходна, каб і самі грамадзяне неабыякава адносіліся да праблем, якія ўзнікаюць у сем’ях суседзяў, блізкіх ці знаёмых. Раўнадушша і абыякавасць недапушчальныя, калі размова ідзе пра жыццё і здароўе чалавека.
Раман ЛЯВОНЦЬЕЎ, начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *