Інфармацыя для роздуму

Ярчэй, прыгажэй і ўтульней стаў выглядаць наш горад пасля таго, як у ім з’явіліся бігборды, у людных месцах – стэнды з сацыяльнай рэкламай. Іх мэта — не толькі прыгажосць, але і карысць. Яны нагадваюць пра бяспеку руху, дэмаграфію – дзеці – наша будучыня, а беларусачка з караваем прадстаўляе раённую газету “Ляхавіцкі веснік”…
І ўсё ж, здаецца, яшчэ недастаткова інфармацыі ў нашым горадзе, як і, прабачце, культуры быцця. Многія жыхары, жадаючыя падзяліцца сваёй уласнай інфармацыяй, выкарыстоўваюць для гэтага акрамя рэкламных стэндаў слупы, сцены дамоў, дрэвы, агароджы і г.д. Здаецца, усё шапоча пад подыхам ветру…
На аўтобуснай станцыі звычайна мнагалюдна. Іменна адсюль для многіх і пачынаюцца Ляхавічы. Увага прыезджых перш за ўсё скіроўваецца на інфармацыю, і гэта натуральна. А што бачаць? Драўляны рэкламны стэнд часоў мінулага стагоддзя, пад шклом якога выстаўляецца на агляд газета “Камуніст Беларусі”. На гэты раз паміж разваротамі выдання можна было яшчэ прачытаць: “Наша жизнь в наших руках. Защитим её от СПИДа и ВИЧ”. Чый гэта стэнд, высветліць не ўдалося…
Было спадзяванне, што ўнутры памяшкання знаходзіцца інфармацыйны стэнд. Не знайшла. Праўда, “паток” інфармацыі абрушыўся на шкляныя касавыя перагародкі. Кінулася ў вочы памятка пра грып і рэкамендацыі наконт таго, як можна засцерагчыся ад гэтага захворвання. Побач (цытую, як і напісана, на рускай мове) – “Информация о выполнении нормативов системы государственных стандартов в области транспорта по г. Барановичи и Барановичскому району». А як гэта датычыць нас, ляхавічан? Далей – усякая ўсячына, у тым ліку і ўдакладненні аб руху аўтобусаў – у даным выпадку важнейшая інфармацыя, на якую адразу і не звернеш увагі. Дарэчы, наконт раскладу руху аўтобусаў. Варта было б яго вывесіць і на вонкавым баку будынка аўтастанцыі, як і паставіць лавачкі на тэрасе, пад дахам – для зручнасці пасажыраў.
Праз дарогу ад аўтастанцыі яшчэ адно шматлюднае месца — рынак. А што там? Значныя перамены: крытыя гандлёвыя ралеты, новыя магазіны і павільёны. Адразу і не з’арыентуешся. Хацелася б ”параіцца” з планам рынку, пазнаёміцца з раскладам работы, каардынатамі адказнага работніка гэтага прадпрыемства, кіраўніцтва райпо. Не лішнім было б прачытаць і правы спажыўцоў. На жаль, нічога падобнага ці хаця б рэкламны стэнд я там не знайшла. Затое слупы, на якіх трымаюцца вароты, агароджа пад ветрам шапацелі паперкамі самага рознага зместу: запрашаюць пастрыгчыся і прадаць валасы, купіць свінню, дом, касцюм, вясельную сукенку і яшчэ мноства ўсялякага дабра. Так яно па сутнасці і павінна быць на рынку, але для рэкламы патрэбна спецыяльнае месца. Дарэчы, сярод налепленых абы-дзе і абы-як паперак сустракаюцца і надрукаваныя напаміны аб захаванні правілаў супрацьпажарнай бяспекі, аб мэтазгоднасці ўстаноўкі ў жылых памяшканнях аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і г.д.
А вось і першы рэкламны стэнд, які размешчаны побач з аўтобусным прыпынкам. Некалькі слаёў падраных аб’яў зверху закрыла рэкламная афіша артгрупы “Беларусы”, якая наведвалася з канцэртам у райцэнтр. Займаць месца яна будзе, відаць, пакуль вецер не парве на шматкі каляровае фотаадлюстраванне папулярных артыстаў. Затое самага рознага кшталту аб’явы перамясціліся на абшарпаныя панэлі навесу аўтобуснага прыпынку. Уражанне такое: “рэкламадаўца” дзе захацеў, там і прыляпіў сваю аб’яву. Прыкладна ў такім стане і рэкламны стэнд у цэнтры горада.
Зайшла пацікавіцца падачай інфармацыі пакупнікам у магазін “Надзея” – як-ніяк размешчана гандлёвая кропка у адным будынку з праўленнем райпо. І ўбачыла на дзвярах аб’яву наконт закупу ў насельніцтва металічнага лому… Інфармацыйны стэнд схаваны за аптэчным кіёскам, але свайго прызначэння ён не выконвае. Асноўная інфармацыя паведамляе, што кніга заўваг і прапаноў знахо-дзіцца ў прадаўца, яшчэ – копія ліцэнзіі. А дзе абавязковы мінімум: даныя пра кіраўніцтва прадпрыемства, якому належыць магазін, дні прыёму грамадзян па асабістых пытаннях, нумары тэлефонаў, па якіх можна трымаць сувязь тэрмінова? А правы спажыўцоў? Дарэчы, гэты дакумент, як і патрэбна, у цэнтры інфармацыйнага стэнда магазіна “Шпалеры”. А вось у магазіне “Шчара” асноўным паведамленнем з’яўляецца распарадак работы: з 7 да 23 гадзін…
Дастаткова поўнае інфармаванне насельніцтва аб сваёй дзейнасці ў вытворчых падраздзяленнях раённага камбіната бытавога абслугоўвання. Тут, акрамя абавязковай інфармацыі, пералік аказваемых паслуг, куточак заказчыка, дзе значацца і тэрміны, і кошт выконваемых заказаў (цэх па рамонце абутку), гэтак жа і ў цырульні. Аформлены стэнд з інфармацыяй і ў швейным цэху індывідуальнага прадпрымальніка Марыі Адаменка.
Усе добра ведаюць выслоўе – “Рэклама – рухавік гандлю”. Гэта даказана жыццём. Між іншым, большасць прадпрыемстваў і арганізацый, якія працуюць у нашым горадзе, не спяшаюцца рэкламаваць сваю прадукцыю. Прыемнае выключэнне – магазін “Верас”, лясгас. Напрыклад, калі не ведаеш, якое валакно выпускае наш ільнозавод, якія там шыюць ільняныя рэчы і спецадзенне, то і не будзеш ведаць, бо крыніца інфармавання цалкам адсутнічае. Калі не з’яўляешся аматарам прадукцыі кааппрама, то і не захочаш яе пакаштаваць. Маляўнічыя бігборды былі б на карысць прадпрыемствам-вытворцам. А гораду прыбавіўся б яшчэ адзін штрых культуры быцця.
Аліна ЛАПІЧ.
Каментарый начальніка аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Міхаіла ДЫДЫШКІ:
— Сапраўды, што датычыць інфармацыйнай нагляднасці ў горадзе, то належыць шмат чаго зрабіць. Напрыклад, неўзабаве, замест старых рэкламных стэндаў будуць устаноўлены новыя, якія ўжо самі па сабе прыцягнуць увагу людзей. Удасканальваецца наглядная агітацыя. У прыватнасці, заменены на новыя, больш маляўнічыя, тры бігборды. У новым мікрараёне ля гімназіі плануецца размяшчэнне сацыяльнай рэкламы, якая зацікавіць, напэўна, многіх і ажывіць мікрараён. Што датычыць інфармацыйных стэндаў, якія абавязкова прысутнічаюць на кожным прадпрыемстве, у кожнай арганізацыі і ўстанове, то на іх павінны размяшчацца адказы на асноўныя пытанні: тэлефоны “гарачай лініі”, органаў улады, кіраўнікоў арганізацый, даныя пра “адно акно”, распарадак прыёму грамадзян адказнымі асобамі і г.д. За паўнату інфармацыі ў адказе кіраўнік прадпрыемства ці арганізацыі.

One thought on “Інфармацыя для роздуму

  • 15/07/2011 в 17:59
    Permalink

    Даўно не быў у Ляхавічах, аднак пасля апошняга наведванне не самыя лепшыя эмоцыі: перадапошні старшныня навеў парадак, цяперашні- не ведаю, але нейкая неўтульнасць пачынае прысутнічаць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *