Школьнікі гасцілі ў ЛДАКу

У Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы прафарыентацыйнай рабоце надаецца значная ўвага, у многім ад яе якаснага правядзення залежыць і чарговы набор абітурыентаў. З кожным годам удасканальваюцца формы работы, укараняецца нешта новае. У сярэдзіне лютага быў праведзены шырокамаштабны дзень адчыненых дзвярэй. Пазнаёміцца з ЛДАКам, спецыяльнасцямі, якія можна атрымаць у гэтай ССНУ, прыехалі каля 70 старшакласнікаў школ нашага раёна.

Праграма сустрэчы была вельмі насычанай. Выкладчыкі і навучэнцы каледжа падрыхтавалі цікавую экскурсійную праграму. Школьнікі з інтарэсам наведалі аўдыторыі і практычную базу, пры жаданні маглі папрысутнічаць на лекцыях і семінарах, задавалі пытанні пра ўступную кампанію, стыпендыю, размеркаванне, цікавіліся арганізацыяй вольнага часу навучэнцаў.

Дарэчы, як і ў вучэбнай частцы, так і ў плане арганізацыі вольнага часу ЛДАКу ёсць чым пахваліцца. Шматлікія гурткі па інтарэсах, спартыўныя секцыі, аматарскія аб’яднанні прапануюць каляджанам нямала карыснага для агульнага развіцця. Важкі аргумент на карысць навучання ў каледжы – месца для кожнага жадаючага навучэнца ў добраўпарадкаваным інтэрнаце.

Для замацавання наладжанага кантакту ”школа-каледж” была праведзена спартыўная эстафета, а яшчэ гасцей чакала бяспройгрышная латарэя. Сустрэча запомнілася, спадабалася, і, напэўна, сярод тых, хто стаў яе ўдзельнікам, ёсць і будучыя каляджане.

Галіна КАНЬКО.

Фота з архіва ЛДАКа.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *