Хлеб сеюць, “другі” – наўме

Вясновы дзень год корміць. Гэта выснова пацверджана шматгадовым вопытам сельгасвытворцаў: як паказвае практыка, працягласць яго для аграрыяў больш значная, чым для прадстаўнікоў усіх астатніх прафесій.
— Калі напярэдадні надвор’е не падвяло, то ўжо ў 6 гадзін раніцы выязджаем на поле сеяць. І так гектар за гектарам да самага змяркання, каб паспець у тэрмін пакласці зерне ў раллю, пры гэтым абавязкова захаваць агратэхнічныя патрабаванні. Толькі тады можна атрымаць добры ўраджай, – разважае вопытны механізатар СВК “Ляхавіцкі” Генадзій Граблюк, які далёка не навічок на сяўбе.
Хоць і гавораць, што ўвосень – работ восем, вясной іх не менш. Як расказаў брыгадзір участка “Рачканы” Генадзій Козел, акрамя прыярытэтнай сяўбы, поўным ходам ідзе ўнясенне мінеральных удабрэнняў, падкормліваюцца азімыя і шматгадовыя травы, рыхтуецца глеба пад сяўбу кукурузы. Спецыяльная тэхніка ўжо прайшлася па палях, дзе на 20 гектарах даволі хутка будзе пасаджана бульба, сарціроўка якой ідзе поўным ходам. Ачышчаюцца ад камення палі.
І ўсё ж асноўная ўвага і агульны клопат накіраваны непа-срэдна на сяўбу. У СВК “Ляхавіцкі” неабходна засеяць1365 гектараў яравых зерневых і зернебабовых культур. Па стану на 11 красавіка гэта зроблена на 508 гектарах. На сяўбе задзейнічаны 2 магутныя “Джон-Дзіры”, за штурвалам якіх асы-механізатары Генадзій Граблюк і Леанід Пішч.
— Спачатку сеялі на больш сухіх участках каля вёсак Мыслабаж і Русінавічы, а з пачатку гэтага тыдня пераехалі на палі каля Рачкан і Грушаўкі. Усё пакуль ідзе па плану, тэхніка працуе без збояў. Механізатары добра ведаюць сваю справу. Галоўнае, каб надвор’е не падкідвала непрыемных сюрпрызаў, – гаворыць пра пасяўную Генадзій Козел і накіроўваецца да зрабіўшага яшчэ адзін круг ”Джон-Дзіра”, каб даць чарговыя ўказанні механізатару. Сяўба не церпіць прамаруджвання.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *