Жадаем ”Начы” ўдачы

Хіба толькі адзін-два зімовыя месяцы ёсць у вяскоўцаў, каб запаволіць крок і азірнуцца назад. Хоць і не без умоўнасцяў, дапушчэнняў і некаторых “перазагрузак” у рабоце. Можна гаварыць аб палявым штылі, але і нельга маўчаць пра халодна-сезонныя асаблівасці ў рабоце жывёлаводчай гаспадаркі. Іменна як аналітычны погляд у кароткае мінулае і, на яго падставе, удакладненне задач на блізкую перспектыву можна расцэньваць справаздачныя сходы, якія гэтым часам праходзяць у сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна. На мінулым тыдні іх было некалькі, у тым ліку і ў ДП “Нача”.

Доўга не “расседжваліся”: аператыўна, канструктыўна, без закрытых тэм і пытанняў, добразычліва. Прыкладна такія ўражанні былі “вынесены” са сходу карэспандэнтам “ЛВ”. А таксама, лічбы і розная дзелавая інфармацыя ад першай асобы прадпрыемства дырэктара Мікалая Тарлюка.
“Нача” – класічнае сельскагаспадарчае прадпрыемства, дабрабыт якога фарміруецца на вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі. Галіна, названая апошняй, хоць лічыцца і з’яўляецца ў структуры гаспадаркі асноўнай – высокай рэнтабельнасці ў мінулым годзе не прынесла. У адрозненне ад раслінаводства, прыбытковасць якога склала больш за 48 працэнтных адзінак.
Дырэктарскае “нядрэнна” здаецца заніжанай ацэнкай мінулагодняй работы каманды начаўскіх расліна-водаў. Сярэдні зерневы і зернебабовы гектар летась даў тут амаль што 52 цэнтнеры прадукцыі ў канчатковым вылічэнні. Яшчэ больш аптымізму з’явіцца, калі глянуць на сітуацыю ў разрэзе асобных сельгас-культур: лідарам па ўраджайнасці стала яравая пшаніца – 63,2 цэнтнера, азімая ўрадзіла на 52,2 цэнтнера, прыкладна столькі ж даў гектар яравога ячменю. Ня-значна бяднейшым аказаўся і авёс. А вось у адносінах адной з асабліва выгадных па цане сельгаскультур здарыўся форс-мажор: будучы ўжо ў фазе ўборачнай гатоўнасці, адно з рапсавых палёў трапіла пад непагадзь. Град у спалучэнні з ветрам добра-такі “вымалацілі” струкі, пакруцілі расліны. Падняць атрымалася ўсяго толькі паўтара дзясятка цэнтнераў насення з адзінкі плошчы. Гэта зусім не начаўскі стандарт, дзе годам раней было сабрана больш за 30 цэнтнераў рапсавага насення на круг.
“Вось што значыць тэхналогія. Крыху адышлі – і ўсё”, – практычную дзейснасць вядомага ўсім факта Мікалай Тарлюк паказаў на прыкладзе. Летась у карыстанні ДП “Нача” знаходзілася і нейкая колькасць пасяўных плошчаў, размешчаных непадалёку ад Куршынавіч. Каб не ганяць туды-сюды сельскагаспадарчую тэхніку – вырашылі сэканоміць. Пасеялі зернебабовыя, а гэта быў іменна іх час, а заадно, каб не вяртацца сюды яшчэ раз, – і грэчку цеплалюбівую. Апошняе слова тут ключавое, паколькі цеплавой стабільнасці на той час яшчэ не наступіла. Прымаразак прыхапіў культуру, і як вынік – толькі 2,6 цэнтнера зярнят з гектара ў якасці ўраджаю. Іменна форс-мажор з рапсам і ўпушчэнне з грэчкай некалькі “змазалі” ў цэлым ураджайную леташнюю работу начаўскіх раслінаводаў.
Яны ж – раслінаводы – адны з непасрэдных творцаў і жывёлаводчых здабыткаў гаспадаркі. 5,5 тысячы тон сіласу, 5,2 сенажу, 0,7 сена было пад-рыхтавана для зімова-стойлавага скормлівання буйной рагатай жывёле. Ва ўдзельным пераразліку – кармавыя адзінкі на ўмоўную галаву жывёлы – “Нача” з’яўлялася адным з перадавых прадпрыемстваў-корманарыхтоўшчыкаў раёна. А корм – гэта малако, ён жа – мяса. Не толькі, аднак, у першую чаргу.
З малаком у “Начы” ўсё, як мінімум, добра. Гадавая ўдойнасць сярэдняй тамашняй кароўкі выражаецца вельмі прывабнай лічбай – 6066 кілаграмаў малака. Некаторыя ж аператары машыннага даення ад кожнай з рагуль сваёй групы надаілі пад, а то і за 7000. Супаставім названае з сярэднераённымі 4853 кілаграмамі і адчуем розніцу. Але колькасць – гэта толькі адна з характарыстык работы жывёлаводаў. Лозунгам стала і якасць. З нядаўняга часу другі гатунак для малака не існуе. Першы, хоць і існуе, але не ёсць добра. Вышэйшы – добра, аднак, у параўнанні з экстрай і ён стаіць досыць воддаль. У плане фінансаў малако максімальнай ацэначнай якасці “даіць” істотна больш выгадна. Першыя аб’ёмы экстры ў “Начы” атрымалі іменна ў справа-здачным годзе, у красавіку. Узятая планка пакуль трымаецца на ўзроўні 14-15 працэнтаў ад валавага надою. Але адзначаецца дынаміка, ставіцца задача нарошчваць аб’ёмы, з завяршэннем года гэтыя паўтара дзясятка працэнтаў трансфармаваць у 50 і больш.
Малако корміць аграрыяў. Больш таго, на працягу значнай часткі года з’яўляецца адзінай сур’ёзнай крыніцай заробку. А вось на прадукцыі вырошчвання ці, простай мовай кажучы, – на вытворчасці і продажы ялавічыны зарабіць атрымліваецца не заўсёды і не ва ўсіх. Не атрымалася і ў “Начы”: летась мясная жывёлагадоўля прадпрыемства спрацавала ў мінус. У рублёвым раскладзе гэты мінус, аказаўся зусім блізкім да атрыманых на вытворчасці малака плюсавых дывідэндаў. Такое вось ураўненне, зыходзячы з якога аб рэнтабельнасці работы жывёлагадоўлі ў цэлым можна гаварыць толькі апасродкавана.
“Тут у нас вялікі рэзерв”, – развіваючы тэму мясной жывёлагадоўлі, канстатаваў дырэктар. У чым ён і наколькі глыбокі? Першачарговай задачай з’яўляецца зніжэнне сабекошту мясавытворчасці. Практычна на кожным з этапаў тэхналагічнага ланцуга можна і трэба “сціснуць” выдаткі. Без страты ў якасці, больш таннымі могуць быць кармы. Нягледзячы на дарагое ветэрынарнае абслугоўванне, не атрымліваецца мінімізаваць невытворчае выбыццё жывёлы. Якасць, ашчаднасць, дакладнасць павінны прысутнічаць на кожным працоўным месцы. Як і зацікаўленасць усіх і любога ў канчатковых выніках.
Сход таксама вызначыўся з асноўнымі вытворчымі арыенцірамі на бліжэйшую перспектыву. У бягучым годзе працаўнікі “Начы” маюць намер падняць прадукцыйнасць каровы да 6088 кілаграмаў малака, сутачныя прывагі жывёлы не павінны апускацца ніжэй 630 грамаў. З кожнага гектара пасеваў разлічваюць узяць 49,5 цэнтнера зерня, 32,5 – насення рапсу. З бульбай пытанне канчаткова не закрыта, але менш як на 300 цэнтнераў з адзінкі плошчы начаўцы не згодны.
Улічваючы, апроч таго, і макра-эканоміку, год абяцае быць асабліва няпростым. Але магчыма многае, калі, як прызвала ў сваім выступленні намеснік дырэктара прадпрыемства Галіна Рамейка, працаваць па-гаспадарску, як для сябе.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *