Дзяжурны слухае

Старшы аператыўны дзяжурны РАУС Сяргей Вармахоўскі і памочнік дзяжурнага Аляксандр Ланкуць.

Дзяжурка – тое падраздзяленне міліцыі, куды грамадзяне звяртаюцца за дапамогай у першую чаргу.  Менавіта ў аператыўна-дзяжурную службу тэлефануюць тыя, супраць каго ўчынена злачынства. Сюды сцякаецца ўся інфармацыя і пра тых, хто аб’яўлены ў вышук, дастаўляюцца парушальнікі грамадскага парадку, сямейныя скандалісты, грамадзяне для высвятлення асобы. Тутэйшыя работнікі накіроўваюць нарад па адрасах правапарушэнняў і злачынстваў, каардынуюць узаемадзеянне паміж рознымі падраздзяленнямі міліцыі.
– Галоўныя прынцыпы работы ўсіх супрацоўнікаў АДС – да кожнага чалавека трэба адносіцца ўважліва і карэктна, а работу выконваць добра і да канца, – зазначае старшы аператыўны дзяжурны Сяргей Вармахоўскі.

Сёння ён кіраўнік гэтага падраздзялення, а 16 гадоў назад упершыню пераступіў парог дзяжуркі ў якасці яе работніка.   З удзячнасцю прыгадвае сваіх першых настаўнікаў-калег – Мікалая Каляду, Міхаіла Ілюкевіча, Іосіфа Зубіка, Генадзія Лойку, якія давалі маладым міліцыянерам сапраўдныя ўрокі прафмайстэрства.
За гэты час змяніўся асабісты састаў АДС, як, дарэчы, і адрас РАУС. Нязменнай засталася спецыфіка работы, у аснове якой аператыўнасць, рытмічнасць, законнасць, справядлівасць.
Пра кожнага, хто нясе службу ў дзяжурцы, можна ўпэўнена сказаць: на сваім месцы. Уважлівыя, кампетэнтныя, умеюць выслухаць і зрабіць правільныя высновы – гэта пра вопытных памочнікаў дзяжурнага Аляксандра Ланкуця, Валерыя Пракап’юка, міліцыянераў-вадзіцеляў Віктара Ходара,
Аляксандра Болтуця.
…А ў дзяжурцы не змаўкае тэлефон: прыняць і перадаць інфармацыю, прыняць заяву – спраў на працягу змены ў міліцыянераў з аператыўна-дзяжурнай змены хапае.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *