У перадапошні дзень зімы. У Ляхавічах гукалі вясну /фота/

Ні халодны парывісты вецер, ні дробны сняжок не перашкодзілі ляхавічанам і гасцям горада сабрацца ў мінулую нядзелю на стадыёне “Колас” на народнае свята “Гуканне вясны”. Прыўзняты настрой, гумар, усмешкі – весела было ў гэты дзень і дарослым, і дзецям. Конкурсы, гульні, віктарыны, спартыўныя спаборніцтвы, забавы – на розны густ. Самыя вясёлыя спявалі прыпеўкі, песні, танцавалі, эрудыраваныя – адгадвалі загадкі, смелыя і спрытныя – лазілі на слуп за падарункамі (дарэчы, сёлета ён пакарыўся многім), удзельнічалі ў спартыўных конкурсах, разумныя – гулялі ў шашкі і шахматы.
Школьнікі падрыхтавалі і правялі модны зараз флэш-моб.
Як заўсёды, на заглядзенне – работы народных умельцаў Ляхавіччыны, прадстаўленыя на выставе, што экспанавалася на стадыёне. Для самых маленькіх удзельнікаў свята арганізатары падрыхтавалі атракцыёны.
А яшчэ ўсе з задавальненнем частаваліся блінамі і іншымі прысмакамі, прыгатаванымі кулінарамі-поварамі райпо, а таксама вясковымі гаспадынямі.
Пад заключны акорд гуляння – спальванне “зімы” – ляхавічане хороша запрасілі прыгажуню-вясну. Прыходзь, цяпло, хутчэй!
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *