Спецыяліст з перспектывай

Абаяльная, прывабная і дакладная ў рабоце – такая Кацярына Смалонская, вядучы эканаміст СВК “Шлях новы”, якую летась у раёне атрымала званне “Лепшая па прафесіі”. Прыемным бонусам сталі віншаванні, асабліва ад калег, з якімі штодзённа карпела над эканамічнымі праблемамі, шліфавала сваё майстэрства. Вельмі ўдзячная Кацярына галоўнаму эканамісту гаспадаркі Але Равінскай, якую лічыць сваёй настаўніцай, прычым не толькі ў прафесіі, але і ў жыцці.

Здаецца, зусім нядаўна Каця Смалонская закончыла сярэднюю школу ў Клецку, паступіла вучыцца ў Баранавіцкі ўніверсітэт. Планавала атрымаць спецыяльнасць эканаміста ў галіне машынабудавання. Аднак у выніку рэарганізацыі ВНУ другакурснікам было прапанавана крыху змяніць профіль будучай спецыяльнасці: сталі рыхтаваць інжынераў-эканамістаў для сельскагаспадарчай вытворчасці. Хоць і не было ў планах Кацярыны ехаць працаваць у вёску, яна прадоўжыла вучобу. А цяпер удзячная лёсу, што ўсё так склалася: па размеркаванні трапіла на Ляхавіччыну, у СВК “Шлях новы”. У моцную, перспектыўную гаспадарку, якая на той час узбуйнялася, далучаючы да сябе слабыя СВК, многія марылі трапіць на работу. Ёй жа выпала такая магчымасць.

Задавальняла, што зусім недалёка родны горад, дзе жывуць бацькі і каханы чалавек. Узнёсласці ў настрой прыбаўляў цёплы і паважлівы прыём маладога спецыяліста ў калектыў: атрымала “пад’ёмныя”, іншыя выплаты.

Шчыра ўзялася Кацярына за работу, хутка спасцігала прамудрасці эканомікі сельгасвытворчасці. Пераканана: усё таму, што ёй шанцавала на добрых і шчырых людзей, з якімі яна аказвалася побач. З узбуйненнем гаспадаркі павялічылася каманда эканамістаў: далучыліся Ганна Фалько, Ганна Дунчык – адукаваныя, кваліфікаваныя спецыялісты, якія вітаюць укараненне ў вытворчасць новых тэхналогій, працуюць над удасканаленнем свайго прафесійнага ўзроўню. Усё добра склалася і ў асабістым жыцці Кацярыны. Выйшла замуж за любімага чалавека, ён пераехаў на Ляхавіччыну, настаўнічае ў Падлескай БШ. Маладая сям’я атрымала катэдж. Другі год, як засяліліся, а Кацярына паспела і агарод спланаваць, і кветак насаджаць, будзе і свой сад.

Шчаслівая. І не хавае задаволенасці жыццём, а ўсё таму, што заслужыла гэта сваёй мэтанакіраванасцю, настойлівасцю, працавітасцю.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Спецыяліст з перспектывай

  • 09/03/2016 в 20:51
    Permalink

    Уважаемая,Алина .вставлять две фамилии совсем не относящиеся к биографии Екатерины не стоило.а то Катя ,Катя …и тут появляется каманда экономистов ,далее -замужество Кати. А так про Екатерину написано неплохо.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *