Прыступкі для талентаў

Імя і прозвішча Андрэя Цямчыка добра вядомы ляхавічанам. Пра творчыя дасягненні, цудоўныя вакальныя даныя і выканальніцкае майстэрства мастацкага кіраўніка Русінавіцкага СДК і ўдзельніка народнай эстраднай студыі “Экспрэс” неаднойчы пісала раёнка. Ацанілі яго землякі і як выдатнага вядучага святочных мерапрыемстваў.
29 лютага Андрэй быў адзіным прадстаўніком Брэстчыны сярод 10 удзельнікаў нацыянальнага фінальнага адбору на XXV Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2016”. У Маладзёжным тэатры эстрады наш зямляк прадставіў на суд кампетэнтнага журы на чале з народным артыстам Беларусі Міхаілам Фінбергам   песні “Апошні журавель” і “Мама”. Прадставіў дастойна, хаця і не перамог – сапернікі таксама былі сапраўдныя прафесіяналы.
– Усё вельмі цудоўна! І гэта гонар – спяваць на адной сцэне з такімі выканаўцамі. Падобныя творчыя спаборніцтвы надзвычай важныя. Яны надаюць упэўненасці для далейшай работы, пакарэння новых творчых прыступак, – падзяліўся ўражаннямі ад адборачнага тура Андрэй Цямчык.
Дарэчы, нашага земляка запрасілі ў журы абласнога этапу рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі”, што пройдзе ў сярэдзіне сакавіка.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *